ГУЧЫ, ГАРМОНІК! ПРЫПЕЎКА, ЗВІНІ!

Вясновае сонейка ўсё часцей радуе нас сваімі цёплымі промнямі, сталі больш маляўнічымі пейзажы. І, напэўна, нездарма, менавіта ў гэты час раз у тры гады на смалявіцкай зямлі вітаюць свята-конкурс народнай музыкі “Грай, гармонік Смалявіцкі”. Вось і гэты красавік у аграгарадку Куркава распачаўся пад гукі гармоніка і вясёлыя прыпеўкі.

ГУЧЫ, ГАРМОНІК! ПРЫПЕЎКА, ЗВІНІ!

Вясновае сонейка ўсё часцей радуе нас сваімі цёплымі промнямі, сталі больш маляўнічымі пейзажы. І, напэўна, нездарма, менавіта ў гэты час раз у тры гады на смалявіцкай зямлі вітаюць свята-конкурс народнай музыкі “Грай, гармонік Смалявіцкі”. Вось і гэты красавік у аграгарадку Куркава распачаўся пад гукі гармоніка і вясёлыя прыпеўкі.

На гэта свята традыцыйна збіраюцца лепшыя выканаўцы на народных інструментах, ансамблі народнай музыкі, а таксама прыпевачнікі. У гэты раз выступленні ўдзельнікаў свята-конкурсу ацэньвала журы, у склад якога ўвайшлі начальнік аддзела культуры Смалявіцкага райвыканкама Галіна Іванаўна Харламава, галоўны дырыжор дзяржаўнай установы «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» Алег Мікалаевіч Сівы, дырэктар раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Вольга Іванаўна Барысенка, дырэктар Пліскай дзіцячай музычнай школы Ларыса Аркадзьеўна Жураўлёва.

Удзельнікі свята-конкурсу былі прадстаўлены ў пяці намінацыях. Адкрываць свята пашчасціла непрафесійным выканаўцам на музычных інструментах і аматарам народнай музыкі. Першымі ў гэтай намінацыі выступілі Віктар Вітальевіч і Аляксандр Вітальевіч Баравікі, а таксама Юрый Аляксандравіч Сапёраў. Усе яны амаль з маленства валодаюць музычнымі інструментамі, таму першы блін, як кажуць, не быў комам.

Без гарманістаў з вёскі Прылепы не абыходзіцца ні адно свята-конкурс ужо на працягу многіх гадоў. Вось і IV па ліку мерапрыемства не стала выключэннем. Геннадзь Яфімавіч Мархель, які ў свой час стварыў хор, з якім гастраляваў па суседніх вёсках, з’явіўся на сцэне наступным. Прыняў конкурсную эстафету сямейны дуэт Гусевых (Зеленаборскі СДК). У гэтай сям’і музыка гучала заўсёды. Бацька Віктар Антонавіч іграў на многіх музычных інструментах, хаця і не меў музычнай адукацыі. Невыпадкова і Валерый Віктаравіч Гусеў звязаў свой лёс з музыкай. Ён сам піша музыку і вершы, з’яўляецца аўтарам гімна пасёлка Зялёны Бор. Уладзімір Віктаравіч Гусеў – акампаніятар народнага ансамбля “Пасаг” Зялёнаборскага СДК. Папуры ў выкананні Гусевых стала апошнім выступленнем у першай намінацыі.

Пасля сваё майстэрства дэманстравалі акампаніятары самадзейных калектываў, людзі, якія прафесійна валодаюць музычным інструментам і маюць спецыяльную адукацыю. Першыя выступоўцы ў гэтай намінацыі Андрэй Вітальевіч Перадзерый і Аляксандр Міхайлавіч Казлоўскі ўжо на працягу некалькіх гадоў працуюць у Барсукоўскім сельскім Доме культуры з народным фальклорным калектывам “Жывіца”. Кампазіцыі ў іх выкананні літаральна “запалілі” залу. Наступны канкурсант Сяргей Анатольевіч Марчэўскі разам з гульнёвым гуртом “Маладзічкі” з’яўляецца нязменным удзельнікам шматлікіх раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў. Яго выступленні ніколі не застаюцца незаўважанымі.

Яшчэ адзін музыка – Віктар Рыгоравіч Раманавец – на працягу многіх гадоў працуе акампаніятарам Прылепскага СДК і з’яўляецца кіраўніком ансамбля народнай песні, які вядзе актыўную канцэртную дзейнасць. Да таго ж, Віктар Рыгоравіч кіруе ансамблем гарманістаў Прылепскага сельскага Дома культуры, з якім прымаў удзел у абласным свяце народнай музыкі “Грай, гармонік!”

Подробную информацию читайте в номере 89 – 92  от 23.04.2011 г.

Вікторыя ЖЫЛЯКОВА.

На здымках: Віктар і Аляксандр Баравікі і Юрый Сапёраў; майсэрствам уражвае Сяргей Віктаравіч Кавалевіч; на сцэне Куркаўскага СДК – Павел Міхайлавіч Папруга; пераможцы ў намінацыі “акампаніятары самадзейных калектываў” Андрэй Вітальевіч Перадзерый і Аляксандр Міхайлавіч Казлоўскі.

Фота аўтара.