ЖЫВІ, МАЯ ВЁСКА!

 

Свята пад такой назвай адбылося ў аграгарадку Усяжа. Мерапрыемства сабрала жыхароў вёскі і шматлікіх гасцей. Песні і цёплыя словы ў адрас жыхароў вёскі гучалі гэтым святочным вечарам.

 

ЖЫВІ, МАЯ ВЁСКА!

 

Свята пад такой назвай адбылося ў аграгарадку Усяжа. Мерапрыемства сабрала жыхароў вёскі і шматлікіх гасцей. Песні і цёплыя словы ў адрас жыхароў вёскі гучалі гэтым святочным вечарам.

Перш-наперш вядучыя Валянціна Міхайлаўна Сабалеўская і Зінаіда Майсееўна Варсоцкая пазнаёмілі прысутных з гісторыяй вёскі Усяжа, якая ўзгадваецца ў летапісах яшчэ XV стагоддзя. Напачатку XIX стагоддзя да назвы вёскі далучылася слова “казённая”. Гэта было звязана з тым, што Усяжа не належала ні аднаму з памешчыкаў, ні царкве. Яна была ўласнасцю дзяржавы і плаціла аброк ў казну. У часы Вялікай Айчыннай вайны вёску спалілі, а многія яе жыхары былі расстраляны. На свяце асабліва адзначылі ветэрана Міхаіла Сямёнавіча Бацяноўскага, які прайшоў усю вайну, а ў пасляваенны час адраджаў родныя мясціны.

У 2009 годзе ў жыцці вёскі адбыліся значныя змены – Усяжа стала аграгарадком. Аб тым, як будаваўся аграгарадок, як рос, як развіваўся, і што чакае Усяжу наперадзе, расказаў падчас свята старшыня Усяжскага сельсавета Уладзімір Дзям’янавіч Лютко.

Акрамя таго, спецыяльна да свята вёскі была падрыхтавана выстава работ народных майстроў, дзе можна было ўбачыць кошыкі, вышыванкі, малюнкі, зробленыя рукамі мясцовых жыхароў. Каб праверыць, ці добра ўсяжцы ведаюць гісторыю сваіх родных мясцін, была праведзена краязнаўчая віктарына, з якой госці справіліся на “выдатна”.

Падчас свята былі ўзнагароджаны пераможцы конкурса на лепшае добраўпарадкаванне двароў. Адзначылі таксама самага маладога і самага сталага жыхароў вёскі.

Таксама ў мерапрыемстве прынялі ўдзел калектыў мастацкай самадзейнасці Усяжскага СДК “Суседзі”, дзіцячая вакальная група “Званочкі” (кіраўнік С.М. Сакавец), частушкамі парадавала прысутных Марыя Данілаўна Барткевіч, музычныя кампазіцыі даравалі гасцям свята Канстанцін Бурмайстар і Марыя Гулевіч. Усё гэта было цудоўным дадаткам да святочнага настрою, які, як і мае быць, панаваў на мерапрыемстве.

Вікторыя ЖЫЛЯКОВА.

На здымку: cтаршыня Усяжскага сельсавета Уладзімір Дзям’янавіч Лютко распавядае гасцям свята аб тым, як будаваўся аграгарадок.

Информацию читайте в номере 136 – 139  от 18.06.2011 г.