ІРЫНА ЛЕГАНЬКОВА ВЫСТУПІЦЬ НА РЭСПУБЛІКАНСКІМ КОНКУРСЕ

ІРЫНА ЛЕГАНЬКОВА

 

Мне неаднаразова прыходзілася бачыць выступленні музычных калектываў Смалявіччыны. Гэтая дзяўчына з яркай беларускай знешнасцю даўно трапілася мне на вока. Маленькая і кволая, але з моцным голасам, яна выразна адрознівалася ад тых, хто стаяў побач з ёю на сцэне. Сёння яна – гераіня майго матэрыялу. Знаёмцеся: Ірына Леганькова.

ІРЫНА ЛЕГАНЬКОВА ВЫСТУПІЦЬ НА РЭСПУБЛІКАНСКІМ КОНКУРСЕ

ІРЫНА ЛЕГАНЬКОВА

 

Мне неаднаразова прыходзілася бачыць выступленні музычных калектываў Смалявіччыны. Гэтая дзяўчына з яркай беларускай знешнасцю даўно трапілася мне на вока. Маленькая і кволая, але з моцным голасам, яна выразна адрознівалася ад тых, хто стаяў побач з ёю на сцэне. Сёння яна – гераіня майго матэрыялу. Знаёмцеся: Ірына Леганькова.

У свае 22 гады Іра з’яўляецца студэнткай 3 курса дзённага аддзялення Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, салісткай ансамбля народнай песні “Пліса”, удзельніцай ансамбля народнай песні ўніверсітэта культуры “Грамніцы” і кіраўніком вакальна-харэаграфічнага дзіцячага каллектыву “Алмаз” сельскага Дома культуры вёскі Пліса. І гэта не кажучы пра шматлікія музычныя конкурсы, канцэрты і агляды. Уражвае, ці не так?

Любоў да музыкі, напэўна, нарадзілася разам з Ірынай. Ва ўсялякім разе праяўляцца яна стала ледзь не з першымі словамі. Ужо ў тры гады яна спявала для свайго дзядулі, які ўзнагароджваў унучку грашыма. Была ў маленькай Іры і любімая песня: папулярная ў тыя часы кампазіцыя “Малодшы лейтэнант” Ірыны Алегравай. Як толькі дзяўчынка чула яе, адразу ж ускоквала на стол і артыстычна саліравала на радасць дзеду.

Ірына расла, і расла любоў да музыкі. Калі надыйшоў час выбару прафесіі, яна павезла дакументы ў Мінск. Хацела паступаць на харэаграфічнае аддзяленне універсітэта культуры, бо з першага класа танчыла ў народным ансамблі танца “Плісянка” пад кіраўніцтвам Юльяна Антонавіча Малецкага. Але ўсё змяніў яго вялікасць выпадак: Ірына заглянула ў Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Рашэнне прыйшло само. Аддала ў прыёмную камісію сертыфікаты тэсціравання, а праз некаторы час прыехала на праслухоўванне. І паступіла. Мала таго, адзіная з групы ў 30 чалавек скончыла каледж з чырвоным дыпломам. І менавіта тут сустрэла чалавека, які, па словах Ірыны, “зрабіў яе”. Гэты чалавек – педагог па вакалу Марыана Віктараўна Бяляева. “Марыана Віктараўна “прычасала” мой голас і пераўтварыла яго ў высакародны гук, за што я ёй вельмі ўдзячная”.

Пасля каледжа Ірына вырашыла працягнуць вучобу ва ўніверсітэце культуры на аддзяленні “харавая музыка (народная)”. А паралельна з вучобай удельнічала ў разнастайных конкурсах. Сярод самых значных яе дасягненняў – перамога ў конкурсе “Моладзь XXI стагоддзя”, у рэспубліканскім конкурсе маладых выканаўцаў “Белазаўскі акорд” ў 2007. Дарэчы, “Акорд” – вельмі прэстыжны конкурс  і трапіць на яго з першага праслухоўвання амаль немагчыма. А Ірына трапіла. І гэта прытым, што ў крэслах журы сядзелі Уладзімір Карызна і Леанід Захлеўны. Ірына адзіная з усіх канкурсантаў прадставіла дзве беларускамоўныя кампазіцыі (па ўмовах конкурсу адна камапазіцыя павінна была быць на беларускай мове, а другая – на выбар).

Зараз Ірына Леганькова – адзіная салістка ансамбля народнай песні “Пліса”. І гэта таксама велізарнае дасягненне. Па-першае, таму што Іра адзіная дзяўчына ў калектыве. Па-другое, усе астатнія ўдзельнікі ансамбля старэйшыя за Іру амаль удвая! “Мяне вельмі любяць у калектыве, – шчыруе Іра. – І мне вельмі прыемна спяваць у “Плісе” побач з таленавітым Канстанцінам Герашчанкам”.

Акрамя гэтага, Ірына кіруе дзіцячым вакальна-харэаграфічным калектывам “Алмаз”. З дзеткамі ад 5 да 16 гадоў Іра займаецца ў выхадныя дні. Сярод удзельнікаў “Алмазу”, па словах Іры, ёсць сапраўдныя самародкі. Выдатны прыклад – дзевяцігадовая Сабіна Рабцэвіч.

У бліжэйшых планах Ірыны – ўдзел у чацвёртым этапе рэспубліканскага конкурсу “Зорка ўзышла над Беларуссю”. Тры папярэднія этапы яна ўдала пераадолела. Перамога на чацвёртым этапе дасць магчымасць удзельнічаць у заключным, дзе канкурсанты выступяць пад акампанемент ансамбля Жыновіча.

У будучым Ірына плануе працягнуць адукацыю ў Санкт-Пецярбургу ці Варшаве. Кажуць, наперад загадваць нельга. Але пасля размовы з гэтай таленавітай і харызматычнай         дзяўчынай мне складана паверыць, што ёсць такія вяршыні, якія Ірына не змагла б пакарыць.

Вікторыя ЖЫЛЯКОВА.