КОЖНАЯ ПЕСНЯ ЛЮДЗЯМ ПАТРЭБНА


У кожнай песні доля свая.

Адной — лунаць у нябёсах,

Другая — між траў

У смутку чмяля

Шукае мядовага лёсу.

У кожнай песні доля свая…

КОЖНАЯ ПЕСНЯ ЛЮДЗЯМ ПАТРЭБНА

У кожнай песні доля свая.

Адной — лунаць у нябёсах,

Другая — між траў

У смутку чмяля

Шукае мядовага лёсу.

У кожнай песні доля свая…

Лейтматывам святочнага канцэрту ансамбля беларускай народнай песні “Маладзічкі” сталі гэтыя вершаваныя радкі. Вось ужо трыццаць гадоў, як пры Усяжскім Доме культуры існуе песенны калектыў, апошняе дзесяцігоддзе ён носіць цудоўную назву — “Маладзічкі”. У гэтым найменні — бадзёрасць і няўрымслівасць, хуткасць і жартоўнасць, характэрныя для юнацкага ўзросту. І хоць не ўсе ўдзельнікі і ўдзельніцы ансамблю юныя гадамі, аднак кожны з іх малады душою.

Ля вытокаў, пачынальнікам і адным са стваральнікаў творчай групы была Раіса Аляксандраўна Язвінская, якая ў ходзе канцэрта расказала аб гісторыі “Маладзічак”. Вядучыя —Ларыса Марчэўская і Ілья Мурашка — узгадалі таксама і тых спявачак, што аддавалі часцінку сваёй душы, выходзячы на сцэну, тых, каго ўжо няма з намі: Антаніну Сямёнаўну Сухадольскую, Ніну Паўлаўну Чаранкевіч, Ганну Міхайлаўну Петрайціс, Серафіму Паўлаўну Борыс, Яўгенію Пятроўну Колтун.

А найбольш сталая ўдзельніца калектыву Лідзія Іванаўна Спясіўцава, насуперак узросту, праспявала разудалыя, вясёлыя прыпеўкі.

Ансамбль беларускай народнай песні “Маладзічкі” — дыпламант шматлікіх абласных і раённых конкурсаў, пастаянны ўдзельнік культурна-масавых мерапрыемстваў. У складзе “Маладзічак” — людзі розных прафесій і ўзростаў. Аб’ядноўвае ж іх — любоў да песні.

P.S. “Маладзічкі” ўдзячныя старшыні Усяжскага сельсавета У.Дз.Лютко за фінансавую падтрымку мерапрыемства.

Уладзімір МІХАЙЛОЎСКІ.

На здымках: “Маладзічкі”, вядучыя канцэрта.

Фота аўтара.