«…НА  ДВАІХ  АДЗІН  ДЗЕНЬ  НАРАДЖЭННЯ» 

Зусім нядаўна ў вёсцы Жажэлка прайшло сапраўднае свята – свой
сярэбраны юбілей адзначылі вакальны калектыў «Родны напеў” і Жажэлкаўскі
сельскі клуб, а дакладней казаць – новы будынак клуба.

 

«…НА  ДВАІХ  АДЗІН  ДЗЕНЬ  НАРАДЖЭННЯ» 

 

Зусім нядаўна ў вёсцы Жажэлка прайшло сапраўднае свята – свой сярэбраны юбілей адзначылі вакальны калектыў «Родны напеў” і Жажэлкаўскі сельскі клуб, а дакладней казаць – новы будынак клуба.

Налічвае гісторыя мясцовай культуры ўжо некалькі дзясяткаў гадоў, калі ў Жажэлцы з’явіўся невялічкі клуб з драўляным ганкам і вялікімі каменнымі прыступкамі. Тады ён размяшчаўся ў адным будынку з паштовым аддзяленнем. І была ў клубе толькі адна зала, якая служыла месцам збору вяскоўцаў і пад час танцаў, альбо вяселля, і глядзельнай залай, дзе на вялікім, як нам тады здавалася, экране паказвалі кінастужкі. З цягам часу старэнькі клуб перастаў умяшчаць усіх жадаючых, і было вырашана ўзвесці новы і сучасны, па тых гадах, будынак. І вось у 1990 годзе адбылося адкрыццё цяперашняга, на новым і прасторным месцы. З таго часу прайшло чвэрць стагоддзя. Клуб стаў сапраўды роднай хатай для многіх жыхароў вёскі. Гэта дом для творчых і таленавітых людзей, жыццё якіх на сцэне прыносіць і радасць, і добры настрой. Тут адкрыты глядзельная і танцавальная залы, дзейнічае кабінет-музей па ткацтву, дзе сабраны старадаўнія прадметы быту беларускіх сялян. Увесь час гаспадыняй установы культуры з’яўляецца загадчыца Ніна Чаславаўна Казлоўская. Менавіта яе заслуга ў тым, што клуб жыве і працуе шмат гадоў. Тут у любы час адчынены дзверы і рады гасцям.

 

 

«…НА  ДВАІХ  АДЗІН  ДЗЕНЬ  НАРАДЖЭННЯ» 

 

 

 

Відэаролік з фотаздымкаў пра станаўленне і жыццё культурнай установы, які падрыхтавала Ніна Мікалаеўна Ляховіч, адкрыў святочны вечар. Усе гледачы акунуліся ў атмасферу мінулага, гледзячы на экран і ўспамінаючы тых, хто стаяў ля вытокаў нараджэння клуба і яго творчых калектываў. «Сустракаюць па адзежцы, выпраўляюць па майстэрству” – менавіта такую прыказку можна суаднесці з другім сярэбраным юбілярам – вакальным калектывам клуба «Родны напеў”. Каб хутчэй здзівіць і заваяваць аўтарытэт у аднавяскоўцаў, першыя рэпетыцыі праходзілі часта. Спачатку сцэнічных касцюмаў не было, стараліся проста падабраць адпаведнае адзенне. І слава аб галасістых спявачках хутка разляцелася не толькі па вёсцы. Калектыў стаў адным з самых запатрабаваных у раёне. Склад яго, вядома ж, мяняўся, але з першых дзён заснавання спяваюць у ім Таццяна Мікалаеўна Доўнар, Зінаіда Аляксандраўна Смолава і Ніна Мікалаеўна Фурсевіч. Крыху пазней да выканаўцаў народных песень далучыліся Галіна Іванаўна Дравіла, Ніна Генадзьеўна Ждановіч, Наталля Якаўлеўна Камоцкая, Любоў Лявонцьеўна Ярмоленка і Людміла Васільеўна Ліпневіч. У вытоках калектыву стаяў Валерый Паўлавіч Шаркоў, доўгі час працаваў акампаніятарам Казімір Эдуардавіч Змачынскі, якога ў апошні час змяніў малады спецыяліст Максім Сяргеевіч Дорагаў. Дзякуючы ім «Родны напеў” атрымлівае высокія ўзнагароды на самых разнастайных пеўчых мерапрыемствах, карыстаецца заслужанай павагай сярод слухачоў. Адным з самых яскравых момантаў для калектыву стаў удзел у тэлепраекце канала «Беларусь-2” «Наперад у мінулае”. Сакрэт даўгалецця «Роднага напева” ў любові да роднай зямлі і яе спадчыны. З першага дня ў яго рэпертуары знайшлі сабе месца песні, што некалі спявалі яшчэ бабулі. Удзельніцы аднавілі шмат традыцыйных абрадаў, якія перадаюць і маладому пакаленню.

Нязменным упрыгожваннем усіх клубных мерапрыемстваў з’яўляюцца выставы работ самадзейных майстроў Ганны Іванаўны Палаўчэні і Ніны Мікалаеўны Ляховіч. Багатую спадчыну пасля сябе пакінула і Юлія Лявонаўна Дравіла.

На юбілейным вечары ўспаміналі і тых, хто ў свой час працаваў і спяваў у калектыве і каго, на жаль, ужо няма — Галіну Канстанцінаўну Арэхва і Веру Мікалаеўну Багданаву.

У цяперашні час каманда вясковых спевакоў і сама- дзейных артыстаў папоўнілася і маладымі, не менш таленавітымі выканаўцамі. Гэта Валерыя Лойка, Кацярына Лашук, Крысціна Манулік, Анастасія Разанава і Дар’я Пілюга.

Жажэлкаўскі сельскі клуб славіцца і сваім тэатральным калектывам «Пацешнікі”, які існуе з першага дня адкрыцця новага будынка і займае прызавыя месцы ў раённых мерапрыемствах «Чароўны куфэрак” і «Смалявіцкія пацехі”. Іскрамётны гумар і бадзёры настрой дораць сваім гледачам чатыры Ніны – Ніна Мікалаеўна Ляховіч, Ніна Фёдараўна Раткевіч, Ніна Мікалаеўна Фурсевіч і Ніна Генадзьеўна Ждановіч. Менавіта яны і ўваходзяць у склад «Пацешнікаў”.

На святочны юбілей гаспадары свята запрасілі былога кіраўніка ДП «ЖодзінаАгра- ПлемЭліта” Мікалая Паўлавіча Хілько, які заўсёды падтрымліваў правядзенне ўсіх клубных мерапрыемстваў, знаходзіў цёплыя словы прывітання і ўдзячнасці за працу «Роднага напева”. Гасцямі таксама сталі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Смалявіцкага райвыканкама Вікторыя Анатольеўна Колісава, старшыня Жодзінскага сельскага выканаўчага камітэта Наталля Антонаўна Мазынская, выконваючы абавязкі кіраўніка раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Уладзімір Міхайлавіч Гаўрыкаў і выконваючы абавязкі старшыні пярвічнай прафсаюзнай агранізацыі ДП «ЖодзінаАграПлемЭліта” Святлана Мікалаеўна Янушкоўская. Дарэчы, апошняя ўручыла калектыву «Родны напеў” ганаровую грамату і грашовую прэмію. А сертыфікат на суму тры мільёны рублёў клубная ўстанова атрымала ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Смалявіцкага РВК.

Зразумела, у гэты дзень са сцэны гучалі і віншавальныя прамовы, і сказаныя на дарогу словы, а сярэбраныя юбіляры атрымлівалі падарункі і ўзнагароды. У адказ на душэўныя віншаванні сама- дзейныя артысты падарылі гледачам запальныя і лірычныя песні, вершы і мноства іншых нумароў, якія віталіся бурнымі апладысментамі. А працягнулася мерапрыемства за святочным сталом, дзе доўга не сціхалі ўспаміны. Але яшчэ даўжэй над вёскай плылі песні. Меладычныя, лірычныя, кранаючыя за душу, як і раней, толькі на гэты раз з «сярэбранымі” ноткамі.

 

Наталля ЧАСАВІЦІНА.

На здымках: моманты свята.

Фота з архіва Н.Ч.Казлоўскай.

 

Информацию читайте в номере 293 – 296 от 19.12.2015 г.