Вучні першага класа Верхменскай сярэдняй школы імя В.А.Тумара актыўна ўключыліся ў акцыю “85 добрых спраў Міншчыне”. Нядаўна на занятках па інтарэсах “Спадчына маёй краіны” хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся пра важную ролю птушак у жыцці людзей, пра карысць, якую яны прыносяць, а таксама пра цяжкасці, з якімі сустракаюцца ў халодную пару года. Каб птушкі не загінулі ад голаду, дзеці разам з класным кіраўніком Марыяй Сашчанкавай вырашылі здзейсніць добрую справу пад дэвізам “Кожнай птушцы па кармушцы”. Звярнуліся за дапамогай да бацькоў. Мамы і таты падтрымалі жаданне дзяцей дапамагчы птушкам. І 26 лістапада вучні прыйшлі ў школу з цудоўнымі птушынымі домікамі і кормам. Усе кармушкі былі розныя. Адны прывычныя – з дошак і каробак, а другія – крэатыўныя, аўтары якіх праявілі незвычайную фантазію. Якой бы ні была кармушка, галоўнае не форма, а змест. Самае важнае, што дзеці зразумелі, што без нашай падтрымкі ў зімовы перыяд пернатыя не выжывуць, а дапамагчы птушкам пад сілу і першакласнікам. Птушыная сталовая ў школьным садзе будзе працаваць да вясны! А добрыя справы вучняў будуць прадаўжацца!
Карр. “КС”.