Галоўны рэдактар дзіцячага часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі запрасіў вучняў нашай школы, удзельнікаў мерапрыемства, прысвечанага 60-годдзю выдання, у рэдакцыю.  Так хлопцы, дзяўчаты і іх ідэйныя натхніцелі —  бібліятэкары Святлана Размікаўна Фомчанка і Святлана Мікалаеўна Іслеўская апынуліся ў самым цэнтры нараджэння  “Вясёлкі”.

Галоўны рэдактар дзіцячага часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі запрасіў вучняў нашай школы, удзельнікаў мерапрыемства, прысвечанага 60-годдзю выдання, у рэдакцыю.  Так хлопцы, дзяўчаты і іх ідэйныя натхніцелі —  бібліятэкары Святлана Размікаўна Фомчанка і Святлана Мікалаеўна Іслеўская апынуліся ў самым цэнтры нараджэння  “Вясёлкі”.

Сустрэлі нас ветліва. У кабінеце галоўнага рэдактара чакала столькі цікавага – вочы разбягаліся. На сценах – вокладкі часопісаў мінулых гадоў, фотаздымкі ўсіх былых рэдактараў і супрацоўнікаў, знакамітых паэтаў і пісьменнікаў. На сталах, сцелажах – падарункі: сувеніры, кнігі, мудрагелістыя, зробленыя сваімі рукамі, рэчы. А вось стол самага першага рэдактара часопіса – памяць і рэліквія. Усё перагледзець было немагчыма. Столькі цікавага, непаўторнага, звязанага з любімым дзецішчам!

Нас чакаў новы сюрпрыз – сустрэча з намеснікам галоўнага рэдактара. Васіль Дранько –Майсюк адразу спытаў нас, адкуль мы прыехалі. А калі даведаўся, з якой мы школы, пацікавіўся, чаму наша школа носіць імя Васіля Феафілавіча Купрэвіча і хто такі Купрэвіч. Хорам і паасобку ўдакладнялі, расказвалі пра чалавека, былога настаўніка нашай школы, які, дзякуючы сваёй працавітасці, навуковым адкрыццям, чалавекалюбству стаў гонарам Беларусі. А самы яркі, на наш погляд, эпізод з жыцця Васіля Феафілавіча намеснік рэдактара прапанаваў нам разыграць як невялікае прадстаўленне. Хапіла адной рэпетыцыі, і вось ён – сцэнічны малюнак з мінулых часоў.

Жывая гутарка працягнулася знаёмствам з кожным з нас. Мы паведамілі пра нашы поспехі, захапленні, наш сапраўды прывабны і патрэбны музей. Паказалі нашы малюнкі, якія, магчыма, стануць вокладкай часопіса. Прачыталі вершы, прысвечаныя “Вясёлцы”. Ягор Арцюх прачытаў сваю (спецыяльна напісаную для часопіса) казку “Сон-настаўнік”.  Ён, несумненна, марыць убачыць яе на старонках часопіса. Дарэчы, усе прывезеныя матэрыялы нас папрасілі пакінуць у рэдакцыі. А яшчэ мы расказалі пра свята, якое адбылося ў школе і было прысвечана юбілею “Вясёлкі”. І нас папрасілі паказаць, калі гэта магчыма, эпізоды інсцэніраванай казкі “Дажджлівая восень”. Як тут было адмовіць! Без грыма і касцюмаў, але з вялікім натхненнем абыгралі некалькі сцэн казкі.

Напрыканцы сустрэчы Насці Шадуі і Сафіі Петрусевіч былі падораны кнігі Уладзіміра Ліпскага “Сакрэты колераў  “Вясёлкі”, якія толькі выйшлі з друку. Насця і Сафія сталі пераможцамі конкурсу  “60 колераў  “Вясёлкі”, які праводзіўся ў школе. Яны знайшлі больш шасцідзесяці эпітэтаў, якія характарызуюць гэты дзіцячы часопіс. Новыя кнігі з аўтографам аўтара набылі ўсе жадаючыя.

Час развітвацца, а выходзіць з рэдакцыі не хацелася. Яшчэ адно свята для нас усіх было звязана з “Вясёлкай”. Дзякуй часопісу і тым людзям, якія так цёпла, сардэчна аднесліся да нас.

Сваімі ўражаннямі аб гэтым свяце падзяліліся з чытачамі раёнкі вучні СШ № 1 імя В.Ф. Купрэвіча г. Смалявічы Паліна ДОЕВА, Ягор ТАЛЬЧУК, Сафія ПЕТРУСЕВІЧ, Данііл ЛАЎРУШКІН, Ягор СЦЕФАНОВІЧ.

Фота з архіва ўстановы адукацыі.

Информацию читайте в № 181-184 от 21.06.2017 г.