Юбілей класіка беларускай літаратуры — Якуба Коласа — адзначаны разнастайнымі мерапрыемствамі, якія дазволілі ўсім нам адкрыць яго з розных бакоў: як паэта,   пісьменніка, мудрага дарадчыка, навукоўца і нават простага зямнога чалавека.

Юбілей народнага паэта — 135-годдзе з дня нараджэння — супаў  у гэтым годзе з юбілеем акадэміка Васіля Феафілавіча Купрэвіча — 120-годдзем з дня нараджэння.

 

Юбілей класіка беларускай літаратуры — Якуба Коласа — адзначаны разнастайнымі мерапрыемствамі, якія дазволілі ўсім нам адкрыць яго з розных бакоў: як паэта,   пісьменніка, мудрага дарадчыка, навукоўца і нават простага зямнога чалавека.

Юбілей народнага паэта — 135-годдзе з дня нараджэння — супаў  у гэтым годзе з юбілеем акадэміка Васіля Феафілавіча Купрэвіча — 120-годдзем з дня нараджэння.

Двое з кагорты вялікіх людзей Беларусі. І, дзякуй Богу, іх лёсы склаліся так, што ім, вялікім, давялося сустракацца. Якія гэта былі сустрэчы, што звязвала Якуба Коласа і  Васіля Феафілавіча Купрэвіча, экскурсаводы музея В. Ф. Купрэвіча, які знаходзіцца ў СШ №1 г. Смалявічы, расказваюць наведвальнікам.

Рыхтавалася новая экскурсійная праграма «В. Ф. Купрэвіч і Я. Колас. Сувязі, сустрэчы». Былі  запланаваны дзве  паездкі — у Дзяржаўны музей Я. Коласа ў горад Мінск і літаратурны музей, які знаходзіцца ў Верхменскай школе. Хацелася больш пазнаць пра жыццё, творчы шлях чалавека і паэта, і адзначыць, на чым грунтаваліся сувязі вучонага і пісьменніка.

Вось мы і ў Мінску. У першым пакоі дома-музея — гардэробным — экскурсавод  прымусіў нас агледзець яго яшчэ раз, бо паведаміў, што тут здымаў паліто і сам гаспадар — Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч — Якуб Колас.

А вось уражанні, якімі падзяліліся вучні пасля наведвання гэтага гасціннага, утульнага  музея.

Ксенія Януковіч:

— Якуб Колас — беларускі паэт. А якім ён быў у жыцці? Мне цікава было пабыць у доме, дзе ён  жыў і пісаў свае творы. Запомнілася шмат чаго. Напрыклад, як ён сядзеў у турме, пісаў там вершы, а каб не забралі іх надзіральнікі, адпусціў бараду і хаваў паперкі пад ёй. Так яны дайшлі да чытачоў. Сувязяў з Купрэвічам можна было адзначыць шмат: нарадзіліся абодва ў 19-м стагоддзі, іх бацькі былі палясоўшчыкамі, няпросты лёс выпаў на іх долю: рэвалюцыя, 1-я і 2-я сусветныя войны. І вялікая цяга да навукі, а таксама — вялікае жаданне зрабіць нешта добрае для людзей.

Каця Мацюшэнка:

— На другім паверсе музея — вялікая зала — гасціная. Усё цікава было мне. І тэлевізар  першага выпуску, і гадзіннік, і раяль (мабыць, тут часта збіраліся госці, гучала музыка), і жырандоля, якой роўна 135 гадоў. А яшчэ экскурсавод паказаў нам «Памятны адрас» у прыгожым пераплёце —  падарунак Якубу Коласу ад Акадэміі навук з подпісам яе прэзідэнта Купрэвіча.

Паліна Васільева:

 — Кабінет пісьменніка. На рабочым стале — ліст, які не паспеў дапісаць Колас: сэрца спынілася  як раз падчас працы. Спынены бег гадзінніка, заціхлая дата на перакідным календары. Усё тут вельмі нагадвае  рабочы стол Купрэвіча, які знаходзіцца ў нашым музеі. Кнігі, лісты, паперы, ручка. Не хапае толькі гаспадароў. Ля дома, у садочку, растуць 3 дрэвы, якія пасадзіў сам Колас у знак таго, што ў яго было трое сыноў. З двара  як раз відаць вокны галоўнага корпуса Акадэміі навук. Здаецца, адтуль кідаў позірк прэзідэнт АН Васіль Феафілавіч, калі гаварыў: «Эх, дзядзька Якуб, дарагі Канстанцін Міхайлавіч, як цяпер добра было б пасядзець з табой, параіцца, паслухаць важкія і мудрыя развагі».

Літаратурны музей Я. Коласа ў Верхменскай школе таксама ўразіў усіх. Гэта ж трэба:  жыццёвыя  шляхі народнага паэта і вучонага Купрэвіча мелі адзін напрамак: яны  працавалі настаўнікамі. Ды яшчэ на Смалявіцкай зямлі! Адзін — у Смалявіцкай сямігодцы, а другі — у Верхменскім народным вучылішчы. Усяго паўгода папрацаваў   тут Канстанцін Міхайлавіч, а памяць — на доўгія-доўгія гады.

У інтэрактыўнай форме праводзілася экскурсія ў гэтым літаратурным музеі. Нас пазнаёмілі з тым Коласам, які пакінуў пасля сябе нешта добрае і вечнае. Мы былі    гледачамі інсцэніраваных старонак трылогіі «На ростанях» — першага знаёмства Коласа-настаўніка з новай школай. Мы сталі сведкамі першых крокаў Кастуся ў свет ведаў, паглядзеўшы інсцэніраваны ўрывак «Дарэктар». І дэкарацыі, і касцюмы, і такая мілагучная беларуская мова, якая лілася з вуснаў юнакоў і дзяўчынак, і агульны выгляд юных акцёраў — усё было на высокім узроўні, усё спадабалася. І захацелася яшчэ раз узяць у рукі зборнік твораў беларускага песняра і прачытаць яго вершы, перачытаць старонкі «Новай зямлі», дзе ад кожнага коласаўскага слова вее такім родным, блізкім, цёплым паветрам.

Якуб Колас — мастак слова. Як навуковец, ён шмат працаваў над беларускім правапісам, практычнай граматыкай. А ў тыя гады, у пачатку 20-га стагоддзя, калі беларускую мову палічылі «мёртвай» і забаранялі на ёй пісаць і размаўляць, ён, як грамадзянін і пісьменнік-беларус, змагаўся за яе права — быць. Дарэчы, зярняткі любові да беларускай мовы, боль за яе будучыню, падараваныя Якубам Коласам усім нам на будучае, не зніклі дарэмна.  Яны і сёння даюць свае плады. «Праект стагоддзя» — пад такой рубрыкай выдадзены  сёння інстытутам мовазнаўства імя Я. Коласа Акадэміі навук Беларусі «Гістарычны слоўнік беларускай мовы».  «Жыццё працягваецца. Смерці няма.»  — такімі словамі заканчваецца раман Ганны Севярынец «Дзень Святога Патрыка». (Ганна — настаўніца  Смалявіцкай раённай гимназіі). Гэтыя два выразы —  з вялікім падтэкстам. Што будзе з нашай мовай праз 20-30 гадоў, праз стагоддзе? Няўжо ёй наканавана калі-небудзь стаць  мёртвай? Аб гэтым (і не толькі) хвалюецца аўтар і прымушае нас таксама адумацца і  задумацца. Бо жыццё працягваецца…      

Некалі Купрэвіч напісаў у сваім штодзённіку: «Быў на сімпозіуме ў Парыжы. Там усе надпісы на англійскай мове. Як добра, што я ведаю гэтую мову, і ні мне, ні многім іншым  вучоным не патрэбен перакладчык. І як шкада, што мы ў нашай краіне гэтым пахваліцца не можам».

Дзве вялікасці любілі сваю родную старонку, названую Беларуссю, любілі свой народ,  сваю мову. Ніколі і нідзе яны не давалі адчуць, што падняты над народам, бо ведалі, што няма высот вышэйшых, чым сам народ. Для яго працавалі. У музеі Якуба Коласа ў Мінску  захоўваецца невялікі лісток, на якім паэт напісаў: «Мой запавет: я прыйшоў у жыццё не для сябе самога, я прыйшоў дзеля вас». Пад такім запаветам мог падпісацца і вучоны  Купрэвіч.

У адным з пісем Якуба Коласа («Нёман»,11, 2012) прачытала: «…Мне все же очень  нездоровится. Но всё пройдёт. Не пройдут  только добрые люди и добрые дела». Гэта сапраўды так. Чалавек, які аддаў сябе людзям, не знікне бясследна. Да яго прыйдуць, пра яго раскажуць, яго ўспомняць.

Дзве паездкі да Коласа… І  шмат экскурсій, якія правядуць юныя экскурсаводы ў музеі В. Ф. Купрэвіча для усіх, хто прыйдзе да нас, каб сустрэцца яшчэ раз і з Коласам, і з Купрэвічам, каб услухацца ў іх мудрыя развагі, каб пачуць рассказ пра сустрэчы і сувязі  людзей, чые імёны сталі гонарам Беларусі…     

С.Ул. СЦЯПАНАВА, кіраўнік музея ДУА «Сярэдняя школа №1 імя В.Ф. Купревича г.Смалявічы».

Информацию читайте в № 381-384 от 20.12.2017 г.