ДЗЕЛЯ ЎЛАСНАГА РАЗВІЦЦЯ

МТФ “Жажэлка” ДП “ЖодзінаАграПлем- Эліта” была пабудавана ў 2004 годзе. На той час гэта была, напэўна, самая сучасная, найлепш абсталяваная ў Смалявіцкім раёне ферма. Адпаведна, і калектыў комплекса  пад кіраўніцтвам загадчыцы Ніны Мікалаеўны Фурсевіч на працягу шэрагу гадоў дэманстраваў высокія вынікі. Але ў сучаснай жывёлагадоўлі развіццё тэхналогій ідзе такімі шпаркімі тэмпамі, што за восем гадоў наспела неабходнасць у рэканструкцыі.

ДЗЕЛЯ ЎЛАСНАГА РАЗВІЦЦЯ

МТФ “Жажэлка” ДП “ЖодзінаАграПлем- Эліта” была пабудавана ў 2004 годзе. На той час гэта была, напэўна, самая сучасная, найлепш абсталяваная ў Смалявіцкім раёне ферма. Адпаведна, і калектыў комплекса  пад кіраўніцтвам загадчыцы Ніны Мікалаеўны Фурсевіч на працягу шэрагу гадоў дэманстраваў высокія вынікі. Але ў сучаснай жывёлагадоўлі развіццё тэхналогій ідзе такімі шпаркімі тэмпамі, што за восем гадоў наспела неабходнасць у рэканструкцыі.

Разам з намеснікам дырэктара ДП “ЖодзінаАграПлемЭліта” па будаўніцтву Васіліем Рыгоравічам Мядзведзевым, які здзяйсняе тэхнічны нагляд, мы пабывалі на аб’екце “Рэканструкцыя МТФ на 750 кароў у в.Жажэлка Смалявіцкага раёна” з самага ранку. У гэты час работа па мантажы каркаса, сценавых панэляў, паўрам і пліт пакрыцця тут ужо ішла поўным ходам. Часу на раскачку няма. Будаўніцтва пачалося ў ліпені, а завяршыць яго гаспадарка плануе ў кастрычніку. За гэты час неабходна не толькі сабраць канструкцыю, але і зманціраваць стойлавае абсталяванне, тэндар на пастаўку якога ўжо праведзены. Вызначаны айчынны пастаўшчык. У дадзены момант ідзе герметызацыя тэхналагічных швоў, зварачныя работы, абсталёўваецца пляцоўка для часовага складзіравання арганікі.

Новае памяшканне-“арачнік” разлічаны на дзвесце галоў. Утрымлівацца тут будуць цяляты і сухастойныя каровы. Неабходнасць будаўніцтва, па словах В.Р.Мядзведзева і Н.М.Фурсевіч, выклікана, у першую чаргу, тым, што на комплексе не было спецыялізаванага адасобленага памяшкання для ўтрымання нецеляў і сухастойных кароў. Пасля ўвядзення ў эксплуатацыю новых плошчаў дадаткова вызваліцца адна секцыя для ўтрымання дойнага статку.

У паспарце аб’екта генеральным падрадчыкам значыцца ААТ “ПМК – 72”. Гэтая арганізцыя — даўні і надзейны дзелавы партнер ДП “ЖодзінаАгра- ПлемЭліта”. Уласна кажучы, у 2004 годзе менавіта “ПМК – 72” узводзіла МТФ “Жажэлка”. Гэтая ж арганізацыя выступала генеральным падрадчыкам пры будаўніцтве па прэзідэнцкай праграме сучаснейшага малочнатаварнага комплексу ў вёсцы Бярозавіца. Яны ж зараз праводзяць рэканструкцыю шэрагу іншых аб’ектаў гаспадаркі.

Вядома ж, на рэканструкцыю і новае будаўніцтва неабходны немалыя грошы. Сродкі выкарыстоўваюцца як уласныя, так і бюджэтныя. Жыццё прымушае эканоміць, але не ва ўрон якасці. Для прыкладу, будаўніцтва забяспечваецца ўласнымі піламатэрыяламі.

Праект памяшкання з рамным жалезабетонным каркасам (у народзе — “клюшачнік”), што ўзводзіцца ў Жажэлцы, распрацоўвалі ў РУП “НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі”. Галоўны інжынер праекта Валерый Рамуальдавіч Скварко, які здзяйсняе аўтарскі нагляд за будаўніцтвам, акрэсліў асноўныя перавагі дадзенай канструкцыі: невысокі кошт збудавання, высокая хуткасць мантажу, надзейнасць, высокая вогнеўстойлівасць. Дадзены праект дазваляе стварыць аптымальныя ўмовы для ўтрымання маладняку жывёлы, сухастойнага статку, укараніць перадавыя тэхналогіі. Матэрыялы для будаўніцтва — толькі айчынныя.

Як ужо было сказана, будаўніцтва ў Жажэлцы — не адзіны будаўнічы аб’ект ДП “ЖодзінаАграПлем- Эліта” ў гэтым сезоне. Паралельна ідуць работы па стварэнні на базе былога дзяржплемпрадпрыемства селекцыйна-племянной фермы на трыста пяцьдзесят кароў, паблізу вёскі Расошнае пачата будоўля новага жывёлагадоўчага комплексу і іншыя работы. Планы грандыёзныя. Чаго толькі будзе каштаваць ферма на 1000 галоў з біягазавай устаноўкай!

Але ж дырэктар ДП “ЖодзінаАграПлемЭліта” Анжэліка Пятроўна Гушчэня і ўвесь калектыў гаспадаркі ўпэўнены, што будаўніцтва вытворчых аб’ектаў — гэта інвестыцыі ва ўласнае развіццё.

Нагадаем, што ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта краіны да канца гэтага года ў кожнай гаспадарцы павінна быць рэканструіравана альбо пабудавана паўнавартасная ферма. Гэта — задача дзяржаўнай важнасці.

Уладзімір МІХАЙЛОЎСКІ.

На здымку: будаўніцтва новага памяшкання для МТФ “Жажэлка”.

Фота Аляксандра ВАЛАДЗЬКО.

 Информацию читайте в номере 217 – 220  от 22.09.2012 г.