ЛЮДЗІ БІБЛІЯТЭЧНАЙ СПРАВЫ

Лідзія Ніканораўна Кірыльчык (на фота даваенных гадоў) стаяла ля вытокаў бібліятэчнай справы на Смалявіччыне. Калі пасля вайны Лідзію Ніканораўну прызначылі загадчыцай клуба ў роднай вёсцы Прысынак, яго фактычна не існавала. У памяшканні клуба ляжала зерне, вокны былі забітыя. Аб бібліятэцы можна было толькі марыць. А жадаючыя пачытаць павінны былі ісці ў Смалявічы аж за пяць кіламетраў.

 

ЛЮДЗІ БІБЛІЯТЭЧНАЙ СПРАВЫ

Лідзія Ніканораўна Кірыльчык (на фота даваенных гадоў) стаяла ля вытокаў бібліятэчнай справы на Смалявіччыне. Калі пасля вайны Лідзію Ніканораўну прызначылі загадчыцай клуба ў роднай вёсцы Прысынак, яго фактычна не існавала. У памяшканні клуба ляжала зерне, вокны былі забітыя. Аб бібліятэцы можна было толькі марыць. А жадаючыя пачытаць павінны былі ісці ў Смалявічы аж за пяць кіламетраў.

Лідзія Ніканораўна горача ўзялася за справу. Дабілася, каб зерне з клуба вывезлі. Разам з прыбіральшчыцай яна мыла, чысціла, выносіла смецце, рыхтавала дровы. На вуліцы была ўжо позняя восень, і Лідзія Ніканораўна разумела, што часу на рамонт не хапае, ды і зрабіць яго самастойна загадчыца была не ў стане. За дапамогай звярнулася да аднавяскоўцаў. І моладзь, і сталыя людзі прымалі ўдзел у рамонце памяшкання. Самі прывезлі лесу, распілавалі яго. Пасля зрабілі кінабудку і пабудову для паліва, перарабілі печ. А на плошчы ля клуба высадзілі дрэвы. Зараз тут вялікі парк.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Лідзія Ніканораўна кіравала падпольнай камсамольскай арганізацыяй, якая знаходзілася ў вёсцы Прысынак. Юнакі і дзяўчаты распаўсюджвалі лістоўкі, збіралі і перадавалі партызанам зброю, шукалі медыкаменты. А падчас выканання чарговага задання, 1 красавіка 1944 года, здарылася непрадбачанае. Ліду схапілі фашысты. Але ж камсамолка здолела знішчыць пісьмо, якое павінна была перадаць у партызанскую брыгаду. Акупанты доўга спрабавалі прымусіць дзяўчыну гаварыць. Стойка  і мужна перанесла яна ўсе катаванні, але да канца вайны была вязнем канцэнтрацыйнага лагера ў Латарынгіі. Але ж і тут Ліда не пакарылася ворагу: двойчы спрабавала ўцячы з лагера.

Трывожныя гады вайны адыйшлі ў гісторыю. Гарады і вёскі ўздымаліся з руін. Наладжвалася жыццё краіны. Смалявіцкі раён пераўтварыўся ў развіты індустрыяльны раён Беларусі. Лідзія Ніканораўна працавала загадчыцай Прысынкаўскай сельскай бібліятэкі. Цудоўная жанчына і бібліятэкар ад Бога, яна заўсёды імкнулася данесці да сваіх аднавяскоўцаў святло кнігі і прагнасць да ведаў. Лідзія Ніканораўна не толькі агітавала да чытання кніг, але і прапагандавала зацікаўленасць да тых падзей, што адбываліся ў краіне. Колькі з яе імем было звязана добрых спраў! Нездарма шмат разоў запар людзі аказвалі ёй свой давер на выбарах у мясцовы Савет. І, трэба сказаць, не памыляліся. Многа сіл і энергіі аддала дэпутацкай рабоце Лідзія Ніканораўна.

Лідзія Ніканораўна Кірыльчык ужо даўно пайшла з жыцця. Каб увекавечыць памяць аб ёй, у 2002 годзе Саветам цэнтральнай бібліятэкі было вырашана ўвесці ў Палажэнне аб матэрыяльнай дапамозе прэмію за лепшую работу з чытачамі, арганізацыю масавых мерапрыемстваў, за пошук і прапаганду краязнаўчых ведаў імя Лідзіі Ніканораўны Кірыльчык. І цяпер штогод лепшага бібліятэкара ўзнагароджваюць гэтай прэміяй. І няхай грошы невялікія, але ж прэмія сапраўды ганаровая. Бо праца Лідзіі Ніканораўны – адданая і натхнёная – сапраўдны ўзор для сённяшніх работнікаў бібліятэкі.

Вікторыя ЖЫЛЯКОВА.