З вялікай цікавасцю гартаю падшыўкі “Края смалявіцкага”. І нават нумары двух-трох гадовай даўніны выклікаюць непадробнае задавальненне. А што казаць пра яшчэ старэйшыя экзэмляры. Але ж дзе знайсці такія рарытэты? Безумоўна, у бібліятэцы. Цэнтральная раённая бібліятэка імя М. Багдановіча збірае падшыўку раёнкі аж з 1958 года. Пазнаёміцца з ёю, пагутарыць пра газету і яе чытачоў мы завіталі да дырэктара бібліятэкі Святланы Віктараўны Чырваненка.
– Святлана Віктараўна, раскажыце, калі ласка, ці папулярная раёнка сярод чытачоў бібліятэкі?
– Раённая газета заўжды карысталася вялікай папулярнасцю. Часцей да газеты звяртаюцца школьнікі, настаўнікі, пенсіянеры. Дарэчы, былы дырэктар бібліятэкі, а зараз адзін з нашых чытачоў – Аляксандр Сямёнавіч Грамыка – зараз працуе над сваёй кнігай і таксама актыўна карыстаецца падшыўкай раёнкі. Тым больш, што сёння тэхнічныя магчымасці дазваляюць зрабіць ксеракопію неабходнай старонкі ці матэрыяла.
– У чым, на ваш погляд, галоўная каштоўнасць гэтых падшывак?
– Па-першае, унікальныя яны ўжо таму, што больш нідзе не захаваліся. Па-другое, газета – сапраўдны летапісец раёна. Гартаючы пажоўклыя старонкі, можна ўзгадаць аб падзеях, нават прасачыць лёс некаторых герояў. Да прыкладу, няма ў жывых аўтараў і герояў старых нумароў, а газета захавала памяць аб гэтых людзях. Вельмі яскрава, на маю думку, на старонках газеты адлюстраваны горад: варта толькі разгледзець фотаздымкі і адразу можна ўявіць, якімі былі Смалявічы шмат гадоў таму, што змянілася, што засталося некранутым.
– А як сама газета змянялася на працягу гісторыі?
– Раней газета была іншай. У савецкія часы друкавалася больш матэрыялаў саюзнага значэння. Ды і старонак было меней. А сёння “Край смалявіцкі” асвятляе жыццё раёна. У гэтым яе ўнікальнасць: навінаў мясцовых не знойдзеш у іншых выданнях.
– Ці можна ўзяць газету з бібліятэкі дадому?
– Карыстацца падшыўкай можна толькі ў бібліятэцы. Ведаеце, чытачы розныя бываюць, некаторыя не думаюць аб тым, што газета можа спатрэбіцца яшчэ не аднаму пакаленню. Менавіта таму супрацоўнікі бібліятэкі кожны год пераглядаюць і, калі неабходна, рамантуюць пашкоджаныя нумары. Акрамя таго, у нашай бібліятэцы, дзякуючы руплівай працы супрацоўнікаў, ёсць спецыяльныя папкі, прысвечаныя гісторыі газеты, калектыву рэдакцыі. Хутка гэтыя работы будуць пераведзеныя і на элекронныя носьбіты. А ўжо сёння кожны чытач можа пазнаёміцца з папяровымі экзэмплярамі гэтых работ.
– А асабіста ў вашым жыцці, якое месца займае раёнка?
– Сама я чытаю “Край смалявіцкі” ад першага да апошняга радка. Часам бывае, сядзеш і шукаеш на старонках якую-небудзь патрэбную інфармацыю, а пасля сустракаеш знаёмы твар ці імя і забываешся пра тое, што шукаў. І гартаеш, і перачытваеш, і ўспамінаеш. Аднойчы нават сустрэла на старонках газеты фотаздымак танцавальнага калектыву, дзе я займалася, калі мне было 7 гадоў. Дома, зразумела ж, такога здымка няма, а газета яго захавала. Атрымліваецца, што раёнка ідзе са мной па жыцці з самага дзяцінства. За гэта шчыры дзякуй усім яе супрацоўнікам!
Вікторыя ЖЫЛЯКОВА.
На здымку: дырэктар Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Багдановіча Святлана Віктараўна Чырваненка.
Фота Аляксандра ВАЛАДЗЬКО.
Информацию читайте в номере 109 – 111 от 18.05.2011 г.