Напрыканцы лютага ў нашай краiне адзначаўся Мiжнародны дзень роднай мовы.
У дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа №2 г.Смалявiчы» прайшоў Тыдзень беларускай мовы і лiтаратуры, арганізаваны філолагамі.
“Гавары са мной па-беларуску” – менавіта пад такім дэвізам праходзіў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Кожны дзень для хлопчыкаў і дзяўчынак быў па-сапраўднаму насычаным і пазнавальным. Разнастайныя конкурсы, віктарыны, святы, моўныя спаборніцтвы дазволілі дзецям як мага больш даведацца пра нашу багататую спадчыну. Пачаўся Тыдзень з інфармацыйнай гадзіны, на якой настаўніца Галiна Мікалаеўна Графутка разам з вучнямi 10 «Б» класа размаўлялі пра тое, якая прыгожая, мілагучная, мяккая і ў той жа час яскравая, звонкая, моцная наша мова. На кожны выпадак знойдзецца ў ёй і патрэбнае слова, і трапны фразеалагізм. На гэтай мове размаўлялі нашы дзяды і прадзеды, за яе змагаліся нашы продкі. Толькі гэтую мову мы можам назваць роднай, бо гэта мова нашай зямлі, нашых рэк, азёраў і лясоў.
Святочны настрой панаваў і на перапынках: у фае гучалі песні на словы Алеся Ставера, Рыгора Барадулiна.
Напрыклад, пя- цікласнікам асабліва запомніўся конкурс чытальнiкаў, які правяла настаўнiца Галiна Мікалаеўна Графутка. На конкурсе спалучаліся розныя віды мастацтва: літаратура, жывапіс і музыка. Вучні 9-ых класаў былі запрошаны на прагляд тэатралiзаванага прадстаўлення «Пінская шляхта». Падрыхтоўка і ўдзел у тэатралізаваным свяце пакінулі глыбокі след у душах вучняў. Намаганнямі вучняў 5-ых класаў быў падрыхтаваны цікавы пазітыўны сцэнарый, у які ўвайшлі iнфармацыя пра батлейку i тэатр. На свята завіталі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Смалявіцкага раёна.
У тыя часы, калі пісьменнасць была развіта слаба, калі простыя людзі не мелі магчымасці навучыцца грамаце, існавала вусная народная творчасць. Казкі, легенды, вершы ствараў сам народ! У той жа час вельмі важнымі для беларускага народа былі песні. Яны спадарожнічалі з чалавекам ад маленства і да глыбокай старасці. Беларускія народныя песні ўваходзілі ў абрады і звычаі народа. Як кажуць сярод людзей, без песні няма надзей. Ты любіш народ свой і край? Песні яго спявай! Таму і пад час мерапрыемстваў беларускiя песнi гучалi ў выкананнi Таццяны Молчан і Таццяны Філіповіч.
Усе вучнi школы пазнаёмiлiся з выставай кнiг “Беларускія аўтары – юбіляры 2017 года”.
У рамках Тыдня былі праведзены адкрытыя ўрокі, а таксама пазакласныя мерапрыемствы па прадмеце з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій і мультымедыйных сродкаў навучання.
Тыдзень прайшоў на добрым узроўні, паказаў, што вучні цікавяцца беларускай мовай, літаратурай, фальклорам, спадчынай, актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх мерапрыемствах. Хочацца верыць, што тыя вучні, якія душой дакрануліся да творчасці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, будуць і далей імкнуцца, каб роднае слова гучала ў іх асяроддзі як мага часцей.
З упэўненасцю можна сказаць, што ўсе атрымалі прыемную асалоду, цудоўны настрой і паглыбілі свае веды па мове і літаратуры.
Кар.”КС”.
НА ЗДЫМКАХ: на мерапрыемствах Тыдня.