Зямля Смалявіччыны, што так хораша раскінулася сваімі маляўнічымі пагоркамі, ціхімі рэчкамі, збожжавымі нівамі і маўклівымі лясамі, узгадавала і выпусціла ў шырокі свет не аднаго таленавітага чалавека. Многія з іх прынеслі славу і гонар усёй Беларусі. І сярод іх  — Аляксандр Мікалаевіч Ляўданскі – заснавальнік беларускай савецкай археалогіі, таленавіты і буйны археолаг нашай краіны.

 Зямля Смалявіччынышто так хораша раскінулася сваімі маляўнічымі пагоркаміціхімі рэчкамізбожжавымі нівамі і маўклівымі лясаміузгадавала івыпусціла ў шырокі свет не аднаго таленавітага чалавекаМногія з іх прынеслі славу і гонар усёй Беларусі. І сярод іх  — Аляксандр Мікалаевіч Ляўданскі – заснавальнік беларускай савецкай археалогіі, таленавіты і буйны археолаг нашай краіны.

 Нарадзіўся ён 11 верасня 1883 года ў вёсцы Юр’ева (Юрава) Барысаўскага павета Мінскай   губерні (цяпер Смалявіцкі раён) у беднай сялянскай сям’і. Васьмёра дзяцей было ў Мікалая Ігнатавіча і Настассі Пятроўны Ляўданскіх, якіх яны гадавалі па няхітрай методыцы простых сялян: рана прывучалі да працы, цаніць кавалак хлеба, да ўмення адчуваць сябе на роднай зямлі гаспадаром. Алесь умеў усё – араць, касіць, пасвіць кароў. Сярод дзяцей, што хадзілі ў чатырохкласнае народнае вучылішча, вёрткі і няўрымслівы ў жыцці сын Ляўданскіх у школе мяняўся, вылучаючыся нейкай засяроджанасцю і вялікай цягай да ведаў. Атрымаўшы ў мясцовым народным вучылішчы пачатковую адукацыю, хлопец пасля хадзіў па вёсках і вучыў сам грамаце сялянскіх дзяцей. І сёння памятаюць у Юр’еве, Бабіным Лесе і іншых месцах яго “начаткі” удзячныя яму людзі.

     Ішоў час. Многае мянялася ў жыцці, нязменным заставалася адно – прага да ведаў, жаданне вучыцца далей. І аднойчы, параіўшыся на сямейнай нарадзе, адпусцілі яго бацькі ў свет, па навуку ў Растоў-на-Доне, дзе далёкая радня Ляўданскіх абяцала дапамагчы здатнаму да вучобы падлетку.

   У Растове Алесь Ляўданскі паспяхова вытрымаў экзамен у рэальнае вучылішча, па сканчэнні якога атрымаў спецыяльнасць паштовага служачага-тэлеграфіста. І быў прыняты ў паштовае ведамства 17 мая 1913 года. Нарэшце з’явіўся цвёрды заробак, які ён дзяліў на тры часткі: адну адсылаў бацькам, другую адкладваў сабе на пражытак, а трэцюю ашчадна збіраў, каб потым паступіць вучыцца далей. І абавязкова ў інстытут.

   Вайна, што грымнула летам 1914 года, змяніла жыццё мільёнаў людзей, забрала ў акопы мужчын. Пайшоў туды і Аляксандраў брат – Пётр. Самога Аляксандра спачатку не мабілізавалі з-за зламанай у дзяцінстве рукі, якая дрэнна зраслася. Але пазней яму ўдалося ўпрасіць мабілізацыйнае начальства залічыць яго добраахвотнікам у вайсковую пошту. Можа, упершыню глянуў ён на вайну іншымі вачыма, калі сам пахаваў на чужой румынскай зямлі роднага брата. На румынскім фронце Алесь Ляўданскі стаў членам партыі бальшавікоў, вёў вялікую работу агітатара сярод салдат. У арміі яго і застала рэвалюцыя, а за ёй і дэмабілізацыя. Блізка была мэта, да якой ён так доўга ішоў, — магчымасць вучыцца ў інстытуце. І Алесь пачаў збірацца да паездкі ў Смаленск, дзе была бліжэйшая ВНУ.

   Нарэшце здзейснілася яго запаветная мара – ён стаў студэнтам Смаленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута. А 15 чэрвеня 1922 года Аляксандру Мікалаевічу Ляўданскаму ўручылі дыплом археолага за №709. Гэта была яго першая вялікая перамога ў няпростым жыцці, і гэта быў першы ў краіне дыплом археолага-беларуса. Меў запіс ў асабовай справе: “Спецыяльнасць – археолаг. Валодае, апрача русскай і беларускай моў, румынскай, англійскай, латышскай, французскай і нямецкай мовамі”. І ў тым жа годзе без перадыху Аляксандр паступае на гістарычны факультэт Смаленскага ўніверсітэта, які паспяхова заканчвае ў 1925 годзе.

   Колішні “дарэктар” з Юр’ева, які вучыў па хатах вясковую дзятву, у 1925 годзе становіцца за ўніверсітэцкую кафедру ў рангу выкладчыка старажытнай гісторыі і археалогіі. Працу ва ўніверсітэце малады вучоны спалучаў з навукова-даследчай работай  у Смаленскім дзяржаўным музеі. Гэта давала яму магчымасць летам за сродкі музея праводзіць раскопкі старажытных помнікаў Смаленшчыны. Пехатою, на веласіпедзе, на лодцы ён абышоў і аб’ехаў усю вобласць. Пад кіраўніцтвам прафесара Е.Н.Клятновай у 1922 годзе Аляксандр  Мікалаевіч займаўся вывучэннем сусветна вядомага гнездаўскага курганнага могільніка.

   Ужо ў 1924 годзе Ляўданскі ў “Трудах Смоленского государственного музея” друкуе матэрыялы да археалагічнай карты Смаленшчыны. З 1923 года малады вучоны цесна супрацоўнічае з Інстытутам беларускай культуры (Інбелкультам). Па яго заданню праводзіць археалагічныя даследаванні на гарадзішчах каля вёсак Буда Смалявіцкага і Свідна Лагойскага паветаў, на якіх першыню выяўлены знаходкі культуры штрыхаванай керамікі. Адначасова ім праводзіцца археалагічнае вывучэнне помнікаў новакаменнага веку і больш позняга часу пад Нова-Быхавам на Магілёўшчыне.

   Каля Юр’ева, на астраўку Апалушкава сярод балота ля Малога Возера ён знайшоў селішча – рэшткі старажытнай вёскі часоў Кіеўскай Русі. Разам са сваім братам Антосем раскопваў курганы дзесятага стагоддзя каля хутара Тачылішча, курганы дванаццатага-трынаццатага стагоддзяў каля Высокіх Лядаў, Дымаўкі, Зарэчча, Калодзезяў, Малога Залужжа, Прудзішчаў. Ён даследаваў гарадзішчы каля Смалявічаў, Прылепаў, Каменкі, Буды. Неспакойны характар заносіць яго аж на Дняпро, пад Новы Быхаў, дзе ім было адкрыта некалькі археалагічных помнікаў розных эпох. Артыкулы Аляксандра Мікалаевіча Ляўданскага аб помніках Барысаўшчыны і Смалявіччыны з’явіліся ў навуковым друку тады, калі ён жыў у Смаленску.

   З 1925 года вучоны з’яўляецца членам гісторыка-археалагічнай камісіі Інбелкульта, а ў 1927 годзе, атрымаўшы афіцыйнае запрашэнне, ён разам з жонкаю пераязджае на сталае месца жыхарства ў Мінск.

   З прыходам даследчыка на пасаду загадчыка сектара археалогіі Інбелкульта распачалося суцэльнае археалагічнае абследванне тады яшчэ невялікай тэрыторыі БССР. Сярод калег, якія працавалі плячо ў плячо з беларускім вучоным, было многа цікавых і адданых археалогіі людзей, у асноўным настаўнікаў, якіх археалогія настойліва паклікала да сябе. Гэта былі С.А.Дубінскі, С.С.Шутаў, І.А.Сербаў, В.Р.Тарасенка, К.М.Палікарповіч, А.Д.Каваленя.

  Да 1930 года Аляксандрам Мікалаевічам Ляўданскім і яго калегамі было зарэгістравана ў басейне рэк Дняпра і Заходняй Дзвіны больш як тысячу гарадзішчаў і селішчаў. Былі сабраны грунтоўныя матэрыялы аб гаспадарцы і патрыярхальна-родавым ладзе плямёнаў, якія насялялі тэрыторыю Беларусі ў эпоху жалеза. Сам вучоны імкнуўся прасачыць гісторыю насельніцтва рэспублікі аж па перыяд Кіеўскай Русі. Ён вёў раскопкі курганоў у ваколіцах Мінска і Заслаўя, паклаў пачатак вывучэнню старажытных беларускіх гарадоў – Полацка, Віцебска, Заслаўя, Барысава, Мінска, Оршы.

   З імем беларускага вучонага звязаны многія этапы станаўлення гістарычнай навукі ў Беларусі. Пад яго кіраўніцтвам  і пры самым непасрэдным удзеле была выдадзена за перыяд з 1928 па 1932 год вялікая колькасць навуковых артыкулаў, а таксама тры фундаментальныя тамы “Працысектара археалогіі”, якія сталі абагульненнем матэрыялаў многіх экспедыцый беларускіх археолагаў, праведзеных у тыя складаныя  і галодныя дваццатыя гады. “Працы” і дагэтуль вызначаюцца грунтоўнасцю і высокай навуковасцю змешчаных у іх артыкулах.

   У 1929 годзе Інбелкульт реарганізуецца ў Акадэмію навук БССР. Ствараецца інстытут гісторыі, і першым вучоным сакратаром яго быў прызначаны Аляксандр Мікалаевіч Ляўданскі. Ён падтрымліваў і садзейнічаў развіццю на Беларусі шырокай сеткі краязнаўчых гурткоў, удзельнікі якіх былі сапраўднымі памочнікамі і рэзервам археалагічнай службы рэспублікі. Археалогія краіны з радасцю адзначыла ўсё ўзрастаючы ўзровень навукі аб старажытнасцях у Беларусі. З прыходам Аляксандра Мікалаевіча археалагічная навука ў Беларусі ўпершыню была пастаўлена на навуковую аснову, пачала развівацца мэтанакіравана і хуткімі тэмпамі. Прычынай гэтаму быў вялікі арганізатарскі талент вучонага, яго багаты вопыт, глыбокія веды.

  Апрача таго, Аляксандр Мікалаевіч Ляўданскі прыцягнуў да вывучэння археалагічных матэрыялаў Беларусі даследчыкаў з Масквы і Ленінграда (Б.А.Рыбакоў, А.А.Спіцын, С.М.Замятнін). Менавіта на беларускіх помніках была напісана першая капітальная праца “Радзімічы” вядомага цяпер вучонага, акадэміка Барыса Аляксандравіча Рыбакова, не страціўшая навуковага значэння і па сённяшні дзень.

 З цягам часу Аляксандр Мікалаевіч уносіў дапаўненні ў вылучаныя ім тры групы гарадзішчаў. У 1931 годзе ў цэнтральнай Беларусі ён упершыню вылучыў гарадзішчы са штрыхаванай керамікай, на поўначы —  гарадзішчы з гладкасценнай керамікай, якую ў наш час сталі называць днепрадзвінскай. На поўдні краіны была вылучана культура “эпохі Латэн”, з якой у наш час вучоныя вылучылі мілаградскую і зарубінецкую культуры.

  Вялікую ўвагу ўдзяляў даследчык вывучэнню старажытнай металургіі жалеза. У вёсках Лабеншчына Мінскага, Свідна Лагойскага і Цербахунь Суражскага раёнаў ім былі адкрыты спецыяльныя печы-домніцы, у якіх выплаўлялася жалеза з балотнай руды.

   У сярэдзіне трыццатых гадоў  беларускі вучоны распрацаваў важную і шырокую ў храналагічных адносінах тэму “Нарысы гісторыі дакласавага грамадства Беларусі”.

  Старэйшына беларускай археалогіі ў свае 44 гады быў на самым узлёце навуковай дзейнасці, калі раптам усе планы і задумы, усё жыццё былі парушаны. На падставе неабгрунтаваных абвінавачванняў Аляксандр Мікалаевіч і многія яго паплечнікі сталі ў 1937 годзе ахвярамі сталінскіх рэпрэсій. Яго саслалі ў далёкі горад Архангельск, дзе ў 1942 годзе спынілася сэрца вялікага вучонага Беларусі.

   Прайшоў час, партыя рэабілітавала і вярнула народу добрыя імёны многіх людзей. Беларускай археалагічнай навуцы было вернута крыштальна чыстае імя Аляксандра Мікалаевіча Ляўданскагя і яго слаўных калег. Іхнія імёны застаюцца з намі і ў навуцы Беларусі назаўсёды, як і тыя добрыя тры дзясяткі навуковых прац, што дагэтуль знаходзяцца ў актыве беларускай археалогіі.

(па матэрыялах газет)

  Наталля МЯХЕДКА.

Подробную информацию читайте в номере 207 – 210  от 07.09.2013 г.