АБАРАНIЛI ГАНАРОВЫЯ ЗВАННI

2-га сакавіка ў зале раённага Дома культуры адбыўся XVIІ абласны агляд “народных” і “узорных” аматарскіх калектываў СмалявіччыныАбараняць ганаровыя званні самадзейным калектывам даводзіцца раз у тры гады.

 

АБАРАНIЛI ГАНАРОВЫЯ ЗВАННI

2-га сакавіка ў зале раённага Дома культуры адбыўся XVIІ абласны агляднародныхіузорныхаматарскіх калектываў Смалявіччыны. Абараняць ганаровыя званні самадзейным калектывам даводзіцца раз у тры гады.

На суд журы і гледачоў свае праграмы прадставілі шэсць калектываў нашага раёна, якія прадэманстравалі сваю прафесійную і творчую годнасць. Творчыя дасягненні ўдзельнікаў агляду ацэньвала журы, у склад якога ўвайшлі народны артыст Беларусі, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Міхаіл Іванавіч Берсан, загадчык аддзела аматарскай творчасці ДУ “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” Іна Уладзіміраўна Шыбут, спецыяліст па вакальна-харавому жанру Анатоль Феліксавіч Шунтаў, галоўны хармайстар ДУ “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” Таццяна Анатольеўна Барысевіч, галоўны дырыжор ДУ “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” Алег Мікалаевіч Сівы, галоўны балетмайстар ДУ “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” Марына Мікалаеўна Шалаева, а таксама старшыня журы – намеснік дырэктара ДУ “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” Наталля Уладзіміраўна Даўнаровіч.

Распачаў канцэртную праграму народны духавы аркестр Смалявіцкага гарадскога Дома культуры пад кіраўніцтвам дырыжора Сяргея Пятроўскага (асістэнт Леанід Красінскі), які якасна выканаў праграму агляду. “Вечар у Гаване”, кампазіцыя з рэпертуару Патрысіі Каас у выкананні салісткі Наталлі Філімонавай і іншыя рознапланавыя творы задалі тон мерапрыемству. Народны ансамбль песні “Вяжынка” пад кіраўніцтвам Ірыны Ходас (канцэртмайстар Сяргей Палякоў) выступіў перад гледачамі і журы з шэрагам якасных музычных нумароў. Сваімі чаруючымі галасамі заваражылі слухачоў удзельнікі ансамбля песні “Пасаг” Зялёнаборскага СДК. Нягледзячы на тое, што ўжо тры гады ў калектыве няма кіраўніка, ён жыве і плённа развіваецца.

Народны ансамбль песні “Смаляначка” пад кіраўніцтвам Андрэя Перадзерыя (акампаніатар Іван Алешка) таксама прадставіў на суд журы разнастайную канцэртную праграму. Самабытныя песні ў выкананні “Смаляначкі” дапамаглі на некалькі хвілін апынуцца ў мінулым, прыгадаць свае карані, адчуць гонар за багатую культуру беларускага народа.

Наступным абараняць званне “народнага” на сцэну выйшаў ансамбль песні “Ад шчырага сэрца” Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Надзеі Навінскай. Шчыра захапляючыся слухалі госці мерапрыества выступленне гэтага калектыву, атрымліваючы асалоду не толькі ад музычных кампазіцый, але і ад гармоніі касцюмаў выканаўцаў з іх рэпертуарам.

Дзяўчаты з узорнага ансамбля “Смолачкі” абаялі журы песняй, у якой гукалі вясну.

Быццам рознакаляровы феерверк выглядала выступленне самага шматлікага калектыву – узорнага танцавальнага ансамабля “Ніка” Барсукоўскага сельскага Дома культуры (кіраўнік Вікторыя Колісава, асістэнт Ганна Ракіцкая). Хлопцы і дзяўчаты жвава рухаліся на сцэне, радуючы вока сінхроннасцю і артыстычнасцю.

Кваліфікаванае журы высока ацаніла майстэрства калектываў. Прыемна ўражаныя канцэртнай праграмай члены журы адзначылі сур’ёзны ўзровень работы аддзела культуры і раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра і пракаментавалі выступленне кожнага з калектываў. Станоўча ацанілі яны выступленне ўзорнага танцавальнага калектыву “Ніка”, адзначыўшы граматны падыход кіраўніка да пастановак нумароў. “Смаляначка” была ахарактарызавана, як вельмі артыстычны калектыў, які жыве адной душой. Народны ансамбль песні “Ад шчырага сэрца” запомніўся журы як стыльны калектыў з рознабаковым рэпертуарам. У выкананні “Пасага” журы асабліва адзначыла акапэльныя спевы. Самыя прыемныя словы гучалі таксама ў адрас “Смолачак”, “Вяжынкі”, духавога аркестра, а таксама ў адрас тых калектываў і выканаўцаў, якія выступалі па-за праграмай агляду. Асабліва былі адзначаны група «Young» і Уладзіслаў Падаляк і дуэт маленькіх вядучых – Мацвей Албітаў і Анастасія Дзмітрукевіч. Журы адзначыла якасную арганізацыю мерапрыемства. Усё тут было дарэчы: мультымедыйнае суправаджэнне праграмы, афармленне сцэны, на высокім ўзроўні была рэжысура і вядучыя.

Большасць нумароў (каля 80% ад усёй праграмы) былі адабраны на заключнае мерапрыемства па выніках конкурсу вядучых шоў- і канцэртных праграм, артыстаў размоўнага жанру, тэатраў (гурткоў) мініяцюр канцэртных пастановачных нумароў па выніках XVII агляду «народных» і «узорных» аматарскіх калектываў, якое адбудзецца сёмага чэрвеня.

Журы ацаніла ўсе без выключэння калектывы на “выдатна” і з пажаданнямі ўдзельнікам і кіраўнікам калектываў творчых поспехаў, невычэрпнай энергіі, новых перамог і ўзнагарод развіталася, каб зноў сустрэцца праз тры гады.

Вікторыя  ЖЫЛЯКОВА.

НА ЗДЫМКУ: народны духавы аркестр гарадскога Дома культуры (мастацкі кіраўнік і дырыжор Сяргей Пятроўскі.

Фота аўтара.

 Информацию читайте в номере 57 – 58  от 13.03.2013 г.