ТРУБІЧЫНСКІ КІРМАШ

Пранізліва-радасным і надзвычай гасцінным атрымалася свята вёскі ў Трубічыне Усяжскага сельсавета. Ужо сам антураж, чыста прыбраны і ўпрыгожаны выставай творчасці вясковых майстроў-умельцаў і старадаўнімі рэчамі падворак, дзе адбывалася дзейства, настройвалі на святочны лад. А зухаватыя хлопцы, сур’ёзныя дзядзькі і мажныя кабеты, а таксама шпаркая дзятва і паважаныя “аксакалы” сталага ўзросту зрабілі ўсё, каб адзін з чарады спякотных дзён стаў святочным. Здавён сельскі люд, у летнюю пару, калі шмат клопату ў полі, не збіраўся на народныя гулянні. Хіба толькі на кірмаш, дзе не толькі праходзіла торжышча, але і адбывалася шмат вясёлага: песні, скокі, гульні, заводзіліся новыя знаёмствы. Усім гэтым, а яшчэ і віншаваннямі, конкурсамі напоўніцу было насычана і мерапрыемства “Трубічынскі кірмаш”, што адбывалася пад дэвізам “Гуляй, вёска!”

Ужо не першы год запар “Трубічынскі кірмаш” збірае вяскоўцаў і гасцей. Адбываецца гэта дзякуючы намаганням цэлага шэрагу людзей. Так, Алена Іванаўна Загаруйка — прызнаны аўтарытэт у Трубічыне і ваколіцах — арганізавала мясцовых хлопцаў — Анатоля Маслоўскага, Анатоля Быкоўскага, Дзмітрыя Клачко, Віктара Лазара — на падрыхтоўку да свята пляцоўкі. Разам з іншымі вяскоўцамі яны выкасілі траву, пафарбавалі і ўпрыгожылі падворак. Супрацоўнікі Усяжскага сельскага дома культуры, а разам з імі ансамбль народнай песні “Маладзічкі” і іншыя артысты наладзілі цудоўны канцэрт і забавы. Канечне ж, не пакінулі без увагі свята вёскі мясцовыя ўлады ў асобе старшыні Усяжскага сельвыканкома Уладзіміра Дзям’янавіча Лютко. Сельсавет аказаў фінансавую дапамогу.

Уладзімір МІХАЙЛОЎСКІ.

На здымках: ансамбль народнай песні “Маладзічкі”, трубічынцы і госці кірмашу.