Заўтра, з самай раніцы, царкоўныя званы абвесцяць радасную навіну:  прыйшоў светлы дзень Уваскрэсення Хрыстова. Штогод гэта чаканае ўсімі свята  адгукаецца ў сэрцах людзей  надзеяй і радасцю, дае  веру ў збыццё добрых пачынанняў і пажаданняў, акрыляе і напаўняе душу прасвятленнем.

Наша зямлячка, ураджэнка вёскі Заброддзе Курганскага сельсавета, кандыдат гістарычных навук   Ганна Іванаўна Дулеба ў пачатку  2000-х гадоў правяла  змястоўную работу па  вывучэнню  асаблівасцей грамадскага быту, свят, традыцый і абрадаў Смалявіччыны.

Навуковая праца  вучонай не толькі дае магчымасць сучаснікам  пазнаёміцца з  ранейшым жыццём землякоў,  але і сёння актыўна выкарыстоўваць багаты этнаграфічны матэрыял, пераймаць лепшыя абрады і традыцыі, захоўваць народную спадчыну.

Напярэдадні светлага дня  Уваскрэсення Хрыстова, дарэчы, цікава   даведацца, як  святкавалі Вялікдзень на Смалявіччыне.

“Вялікдзень – гэта свята свят” – так лічылі нашы продкі.  Існуе гэтае свята ўжо тысячы гадоў, а значыць, яно важнае і для чалавецтва, і для кожнага асобнага чалавека.

Каляндарна  свята адносіцца да вясенняга цыкла  народных традыцый. І ўвасабляе яно не толькі дату ўваскрасення Ісуса Хрыста, але і абуджэнне прыроды ад зімовага сну, пачатак палявых работ па закладцы новага ўраджаю, надзею на лепшы дзень, на лепшы працоўны здабытак.

Узнікла свята ў далёкай старажытнасці.  Але і праз гады  многім абрадавым дзеянням людзі надаюць магічную сілу, спадзеючыся на поспех ў штодзённай дзейнасці, на дабрабыт і шчаслівую долю сям’і. Свята чакалі, каб адпачыць ад напружанай працы па гаспадарцы, акунуцца ў святочны настрой. А дзеці  чакалі, што пасля Вялікага паста на стале з’явяцца   прысмакі і ласункі,  будуць падарункі – новае адзенне і абутак. Бо не кожны дзень раней сяляне маглі сабе дазволіць такое.

Жыхары нашай мясцовасці да Велікоднага свята заўсёды старанна рыхтаваліся яшчэ загадзя – наводзілі парадак ў хатах, мылі вокны і фіранкі, бялілі печы,  чысцілі двары і тэрыторыю каля дому. Словам, стараліся стварыць вакол сябе ўрачыстую, святочную абстаноўку.

Напярэдадні свята людзі хадзілі ў царкву, асвячалі  чырвоныя яйкі, соль, кулічы. Кожная сям’я імкнулася адзначыць Вялікдзень асабліва шчодра. Верыла, што ад  гэтай шчодрасці будуць залежыць і багаты ўраджай, і прыплод жывёлы, і дастатак у сям’і.

Пачыналася свята ў нядзелю і працягвалася некалькі дзён. У  гэтыя дні забаранялая выконваць многія работы – ткаць, шыць, пілаваць і г.д. Нават паліць у печы ў першы дзень свята лічылася непрыймальным. Ежу рыхтавалі загадзя, яйкі фарбавалі ў  адвары з цыбульнага шалупіння. Яйкі былі  галоўным сімвалам свята.  Фарбаванымі яйкамі прынята было адорваць сваіх родных і блізкіх, яйкі былі атрыбутамі многіх гульняў і абрадаў.

Адметнай рысай свята  раней было хаджэнне валачобнікаў – абрад,  які цяпер  выкарыстоўваецца значна радзей,  быў падобны на забавы калядоўшчыкаў. Толькі песні і пажаданні  вызначаліся  сваім зместам. Вось адна з такіх песень, з якой хадзілі па хатах валачобнікі на Смалявіччыне:

Песенька спета насупраць лета.

А будзь жа весел, як вясна-красна.

А будзь жа ціхі, як лета.

А будзь жа багаты, як восень.

Валачобныя песні былі адметнай часткай велікоднага рытуалу. Яны вызначаліся асаблівай паэтычнасцю, глыбокім зместам і  надавалі святу асаблівую ўрачыстасць, стваралі святочны настрой, адлюстроўвалі пажаданні і спадзяванні людзей,  нярэдка былі напоўнены трапным народным гумарам.

Свята Вялікдзень бытуе ў нашай мясцовасці і ў цяперашні час. Захаваліся многія яго традыцыі: фарбаванне яек, выпяканне велікодных кулічоў, асвячэнне іх ў царкве, адорванне  імі сваіх родных і блізкіх, сяброў. Дарэчы, калі раней, у  гады атэізму наведванне царквы  многімі не падтрымлівася, то сёння ў нас няма ніякіх перашкод у гэтым плане. Кожны можа ладзіць сваё духоўнае жыццё, як яму дазваляе вера і падказвае сэрца. Многія дзеці наведваюць нядзельныя школы пры храмах. Свяшчэннікі прымаюць удзел у многіх адказных грамадскіх мерапрыемствах. Вера ўспрымаецца, як важны сродак  духоўнага і маральнага выхавання людзей. І таму  Вялікдзень сёння ў нас — свята, можна сказаць, усенароднае, яно афіцыйна прызнана дзяржавай. Яно дапамагае ў з’яднанні  і згуртаванні людзей.

На вялікі жаль, сёлета Вялікдзень выпаў на час, калі ва ўсім свеце, і ў Беларусі таксама, распаўсюджаны  небяспечны вірус. І таму  вельмі не пажадана наведваць мясціны, дзе збіраецца шмат людзей,  каб не стаць ахвярай хваробы.   Як падкэсліваецца ў звароце  Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ў сувязі з  пагрозай  распаўсюджання інфекцыі, Царква таксама перасцерагае не адносіцца да захворвання легкадумна, не ігнараваць прафілактычныя меры,  прапануе вернікам, хто знаходзяцца ў зоне рызыкі,  не спяшацца ў людныя мясціны, Лепш правесці святочныя малітвы дома, перад тэлевізарам, дзе будзе трансліравацца велікодная служба.

Вялікдзень – гэта свята духоўнага ачышчэння, свята дабрыні  і веры ў лепшую будучыню.  Хацелася б, каб яно надало нам усім аптымізму, веры, надзеі, сілы ў перадоленні цяжкасцей, з якімі сёння сутыкнуліся людзі, каб узняло нас над будзённасцю, прымусіла адмовіцца ад усяго змрочнага і, як вясна абуджае свет, прабудзіла  новае імкненне да стваральнай працы і духоўнага ўдасканалення.

Э.ПАТАПЧЫК.