КАНДЫДАТ У ДЭПУТАТЫ. ЗНАЁМІМСЯ БЛІЖЭЙ

Што б там ні казалі пра Савецкую ўладу, а ўсё ж такі яна дала магчымасць мільёнам  сялянскіх дзяцей рэалізавацца ў жыцці, праявіць прыродныя таленты, сцвердзіцца ў якасці адукаваных спецыялістаў і служачых, прафесійных рабочых і кіраўнікоў.

КАНДЫДАТ У ДЭПУТАТЫ. ЗНАЁМІМСЯ БЛІЖЭЙ

Што б там ні казалі пра Савецкую ўладу, а ўсё ж такі яна дала магчымасць мільёнам  сялянскіх дзяцей рэалізавацца ў жыцці, праявіць прыродныя таленты, сцвердзіцца ў якасці адукаваных спецыялістаў і служачых, прафесійных рабочых і кіраўнікоў.

Генаэфа Станіславаўна Шубара якраз і нарадзілася ў звычайнай сялянскай сям’і, у вёсцы Сакаўка Пліскага сельсавета Смалявіцкага раёна. Здарылася гэта радасная для бацькоў — Эміліі Феліцыянаўны і Станіслава Іванавіча Багданкевічаў — падзея  17 лютага 1956 года. Той час для краіны характарызаваўся так званай “хрушчоўскай адлігай” і верай многіх, што калі не сучаснае, то ўжо наступнае пакаленне людзей будзе жыць пры камунізме. Невядома, ці верылі ў такую перспектыву бацькі Генаэфы Станіславаўны, але ва ўсякім разе былі ўпэўнены, што тры дачкі і сын будуць жыць лепш за іх. А каб гэта спраўдзілася, стараліся не проста даць дзецям усё найлепшае, але і змалку прывучаць іх да стваральнай працы. Зямліцу-матухну ўшаноўвалі мазалём бацькі, і сельскагаспадарчыя спецыяльнасці абралі для сябе дзве дачкі — Генаэфа і Ванда.

Амаль дваццаць гадоў таму дырэктар сельскагаспадарчага прадпрыемства “Эксперыментальная база “Жодзіна” прапанаваў Генаэфе Станіславаўне, якая на той час ужо мела агранамічную адукацыю, узначаліць працоўны калектыў малочнатаварнай фермы ў Бярозавіцы. Пасля пэўных ваганняў і роздумаў, Шубара пагадзілася. Аб гэтым прызначэнні не прыйшлося пашкадаваць ні тагачаснаму дырэктару, ні яго пераемнікам, ні працуючым на ферме. Сялянскае выхаванне, уменне ладзіць з людзьмі, прыроджаныя настойлівасць і мэтанакіраванасць далі магчымасць стварыць трывалы, зладжаны калектыў аднадумцаў. Прыйшлося і прыходзіцца, канечне, займацца і самаадукацыяй. Бо нават ад перадавой фермы сам час патрабаваў усё больш высокіх і якасных вынікаў. Карпатлівая племянная работа, дакладна збалансаваныя рацыёны кармлення, індывідуальны падыход да кожнай каровы, эфектыўныя сучасныя тэхналогіі… Шмат што даводзілася спасцігаць загадчыцы фермы.

Калектыў МТФ цалкам, а таксама яго члены ў індывідуальных спаборніцтвах дасягалі найвышэйшых у рэспубліцы вынікаў. Так, аператар машыннага даення Таццяна Рыгораўна Таберка мела надой ад фуражнай каровы звыш 9 тысяч кілаграмаў у год.

У 2006 годзе поспехі калектыву былі адзначаны Ганаровай граматай Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Па выніках 2005 года сярэдні надой ад фуражнай каровы на ферме складаў 8603 кілаграмы. Як вынік — другое месца ў вобласці. Такая радасная вестка прыйшла ў пачатку года, а крыху пазней — не менш хвалюючая навіна. За высокія дасягненні ў вытворчай сферы, значны асабісты ўклад у выкананне прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі ў 2001 – 2005 гадах высокай дзяржаўнай узнагародай — медалём “За працоўныя заслугі” — былі ўзнагароджаны загадчыца малочнатаварнай фермы Генаэфа Станіславаўна Шубара і яе падначаленая, аператар машыннага даення Таццяна Рыгораўна Таберка.

Несумненна — узнагарода высокая. Але куды больш значнай адзнакай працы стала вылучэнне ў кандыдаты, а затым і выбранне Генаэфы Станіславаўны Шубара дэпутатам Смалявіцкага раённага і Мінскага абласнога Саветаў дэпутатаў. Адбылося гэта ў 2007 годзе і сведчыла аб значным маральным і прафесійным аўтарытэце загадчыцы фермы. Але і новыя, грамадскія абавязкі накладвала. Было Генаэфе Станіславаўне спачатку ніякавата — усё жыццё ў полі ды на ферме, а тут — дэпутатцтва. Але, параіўшыся з сям’ёй, — мужам, які працуе вадзіцелем на гэтым жа прадпрыемстве, дарослымі дочкамі, адна з якіх кандытар, а другая вучыць дзяцей, вырашыла, што аказаны землякамі давер трэба апраўдваць. Ды і бачыла выдатна, што і як можна паправіць у жыцці аднавяскоўцаў.

Гэта толькі кажуць — “мяккае дэпутацкае крэсла”. На  самай жа справе, дэпутаты што абласнога, што раённага Саветаў дэпутатаў збіраюцца на пасяджэнні толькі падчас сесій. Увесь астатні час яны займаюцца сваімі звыклымі справамі і, на грамадскіх пачатках, спрабуюць дапамагаць вырашаць праблемы землякоў, праводзяць тлумачальную работу, абапіраючыся дзе на дэпутацкі статут, дзе на ўласныя магчымасці і здольнасці.

Генаэфа Станіславаўна Шубара сумесна з супрацоўнікамі школы, дзіцячага садка, сацыяльных служб правярала нядобранадзейныя сем’і. Сэрца дрыжэла ў жанчыны, калі бачыла, як некаторыя бацькі абыякава адносяцца да выхавання ўласных дзетак. Здавалася б, многае пабачыла ў жыцці, а з такім ніяк нельга звыкнуцца. Разам з кіраўніцтвам “Эксперыментальнай базы “Жодзіна” наведвала ветэранаў і інвалідаў. Цікавіліся, ці ахоплены яны сацыяльным абслугоўваннем, аказвалі дапамогу. А старому чалавеку часта трэба не так ужо і многа. Галоўнае — каб выслухалі. А калі яшчэ і дэпутат у суразмоўніках, то зусім цудоўна.

Іншая справа — весці прыём грамадзян.Сюды людзі прыходзяць не проста пагаварыць з дэпутатам, а паскардзіцца на канкрэтныя праблемы. Бывае, чымсьці пакрыўджаны чалавек у “высокі” кабінет не пойдзе, так і будзе насіць у сабе крыўду. Іншая справа — наўпрост прыйсці да свайго, добра знаёмага і паважанага дэпутата, ды яшчэ і абаяльнай жанчыны.  Часам, і праблема невялікая, а не вырашаецца гадамі, бо ніхто не зверне ўвагу адказнага чыноўніка на недахоп. Тут ужо пасрэдніцтва дэпутата — незаменнае. Для прыкладу, пабудавалі ў аднаго з выбаршчыкаў каля дома падстанцыю, раскапалі ўсё, ды так і пакінулі. І толькі пасля ўмяшальніцтва народнага абранніка падабралася будаўнічая арганізацыя пасля сябе. Ці яшчэ выпадак — ветэрану вайны ў Барсуках перашкаджала сянажная яма. Ён звярнуўся да свайго дэпутата — і кармы сталі закладваць у іншым месцы.

Генаэфа Станіславаўна Шубара падтрымлівае сацыяльную скіраванасць у палітыцы нашай дзяржавы, дзвюма рукамі “За!” падтрымку, якая аказваецца вытворцам сельскагаспадарчай прадукцыі. Успамінае, як з дзяржаўнай падтрымкай будаваўся прыняты ў мінулым годзе ў эксплуатацыю жывёлагадоўчы комплекс. Ён месціцца тут жа, у Бярозавіцы. Самыя сучасныя тэхналогіі выкарыстоўваюцца на ім і пры вырошчваннні кароў, і пры вытворчасці малака. Хіба магчыма было б такое будаўніцтва без падтрымкі, аказанай адпаведна прэзідэнцкай праграме? Але сродкі, патрачаныя на будаўніцтва, абавязкова акупяцца.

У гэтым годзе калектыў філіяла “Эксперыментальная база “Жодзіна” РДУП па племянной справе “Зарэчча” ізноў вылучыў кандыдатам у дэпутаты Мінскага абласнога і Смалявіцкага раённага Саветаў дэпутатаў Генаэфу Станіславаўну Шубара.   І абавязкова падтрымае свайго кандыдата, бо хто лепш ведае патрэбы і праблемы калег і землякоў, як не яна?

Уладзімір МІХАЙЛОЎСКІ.

На здымку: Г.С.Шубара.

Фота Аляксандра ВАЛАДЗЬКО.