ПРАЙСЦІ ПА КОЛАСАЎСКІХ СЦЕЖКАХ 

У мінулым годзе ў нашай краіне праходзілі ўрачыстасці, прымеркаваныя
да 130-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Адна
са шматлікіх старонак яго жыцця ўключае ў сябе час, калі пясняр працаваў у
Верхменскай сярэдняй школе імя В.А.Тумара, дзе ў 1970 годзе адчыніў дзверы
літаратурны музей. У гонар дня нараджэння ў навучальнай установе прайшлі
«каласавіны”. У рамках гэтага мерапрыемства вучнямі і настаўнікамі быў
распрацаваны і праведзены паход па месцах і населеных пунктах Смалявіцкага і
Чэрвеньскага раёнаў, якія звязаны з жыццём і дзейнасцю Якуба Коласа і дзе жылі
вучні песняра.

 ПРАЙСЦІ ПА КОЛАСАЎСКІХ СЦЕЖКАХ 

У мінулым годзе ў нашай краіне праходзілі ўрачыстасці, прымеркаваныя да 130-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Адна са шматлікіх старонак яго жыцця ўключае ў сябе час, калі пясняр працаваў у Верхменскай сярэдняй школе імя В.А.Тумара, дзе ў 1970 годзе адчыніў дзверы літаратурны музей. У гонар дня нараджэння ў навучальнай установе прайшлі «каласавіны”. У рамках гэтага мерапрыемства вучнямі і настаўнікамі быў распрацаваны і праведзены паход па месцах і населеных пунктах Смалявіцкага і Чэрвеньскага раёнаў, якія звязаны з жыццём і дзейнасцю Якуба Коласа і дзе жылі вучні песняра.

Падрыхтоўка да пахода пачалася ў маі 2013 года. Спачатку быў вызначаны састаў турысцкай групы. Сюды ўвайшлі вучні, якія на працягу папярэдняга года паказвалі добрыя веды, уменні, навыкі па ўсіх раздзелах турысцкай праграмы. Пасля гэтага  выбралі раён падарожжа. Трэба адзначыць, што ў папярэдні год у аднадзённых і двухдзённых паходах мы ўжо пабывалі ў асобных кропках нашага маршруту, а цяпер яны былі злучаны ў адзіны ланцуг. Кіраўнікамі паходу сталі настаўнік геаграфіі Ігар Сяргеевіч Лаппо, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Сяргей Мікалаевіч Лапцёнак і кіраўнік школьнага літаратурнага музея Якуба Коласа, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Лявонцьеўна Лютарэвіч. Працягласць пахода складала трыццаць тры кіламетры і разлічаны ён быў на тры дні.

 На папярэдніх занятках склалі каштарыс расходаў, падрыхтавалі групавы і індывідуальны рыштунак, фотапрыстасаванні, размеркавалі паміж сабой неабходныя ў падарожжы прадукты, склалі меню, зыходзячы з сутачнага набору прадуктаў на аднаго турыста (у грамах). У падрыхтоўчы перыяд гурткоўцы наведвалі школьныя музеі з мэтай збору інфармацыі аб гісторыі і прыродзе родных мясцін, па якіх праходзіць пракладзены маршрут падарожжа. На занятках працягвалі вывучэнне тапаграфічных знакаў, вучыліся чытаць карту, вызначаць азімут, праводзілі спаборніцтвы па арыентаванню, працавалі з тэкстам трылогіі Я.Коласа » На ростанях”, складалі карту шляху Лабановіча з вучнямі да Грабёнкі.

Падарожжа праходзіла па паўднева-ўсходняй і паўночна-заходняй частках Смалявіцкага і Чэрвеньскага раёнаў. Мясцовасць размешчана ў межах рускай платформы, крышталічны падмурак якой знаходзіцца на невялікай глыбіні, 250-500 метраў. Тут маецца выступ крышталічнага падмурка – Беларуская антыкліза, рэльеф якой адпавядае Мінскаму ўзвышшу. Маршрут паходу праходзіў па паўднёва-ўсходняй ускраіне Мінскага ўзвышша з выхадам на Цэнтральна-Бярэзінскую раўніну.

Пачаўшы паход у вёсцы Алесіна і, паставіўшы адзнаку ў маршрутным лісце, раніцай чацвёртага чэрвеня група выйшла на маршрут у паўднёвым напрамку. Надвор’е пахмурнае, але яно не сапсавала настрой. Праз трыццаць хвілін мы былі ў вёсцы Верхмень. Наш шлях пралягаў каля старога будынка школы і парка, у пасадцы якога, як кажуць старажылы, прымаў удзел Якуб Колас. Перыяд яго жыцця і працы ў Смалявіцкім раёне  адлюстраваны ў трылогіі » На ростанях”, частка «Верхань”. Тут, у Верхмені,  у 1863 годзе,  было адкрыта адно з першых у нашым раёне школа-земскае народнае вучылішча.  Праз два гады для яго пабудавалі асобны драўляны будынак.   Ад гэтай  вёскі ў паўднёва-заходнім напрамку праходзіць грунтовая дарога ва  ўрочышча Тумель, дзе ў вольны час любіў бываць пісьменнік. Туды і накіравалася наша група.

На месцы зрабілі  прывал, правялі экалагічную акцыю «Крынічка”, прыгатавалі абед  і падсілкаваліся. На ўскрайку лесу пачаўся круты спуск. Турысты рухаліся да даліны ракі Уша.  Колас  апісваў  яе  так:   «З-пад гаці спакойна цякла рэчка, несучы далей тую порцыю вады, якую прызначылі ёй будаўнікі. Зараз жа за млыном яна апісвала прыгожую дужку, падаючыся наўперад управа, а потым , збіраючы ў бок поля,  хавалася над навіссю старых вербаў, што схіліліся над вадою, і затым зусім знікла з вачэй. Рэчка і крывыя вербы над ёй яшчэ больш падкрэслівалі спакой і цішыню аднаго з закінутых і малавядомых утульных куткоў старажытнай Беларусі.”

Ад Тумеля ўвесь час рухаліся ў паўднёвым напрамку да ўрочышча Сцяпанава Пасека. Гэты адрэзак шляху праходзілі па светламу бярозаваму гаю. Паступова абсалютныя вышыні памяншаліся.  Мясцовасць забалочаная,  елкі змянілі бярозы.

Група выйшла ва ўрочышча Дубянец.   Спынілася на начлег. Штурманская група ў складзе вучняў Уладзіміра Сляпцова і Юліяна Сацука пад кіраўніцтвам намесніка кіраўніка пахода Сяргея Мікалаевіча Лапцёнка, папрацаваўшы з картай і компасам, узяла азімут на Сцяпанаву Пасеку. Папоўніўшы  запас крынічнай вады, мы пачалі рухацца далей. К гэтаму часу надвор’е палепшылася і рэдкія хмары амаль не закрывалі сонца.

 Шлях наш ляжаў па перасечанай мясцовасці, абсалютныя вышыні якой паволі змяняліся ў станоўчым напрамку.  Відавы склад раслін мясцовасці, па якой мы ішлі, складалі бярозы і асіны, якія паступова змяняліся велічнымі соснамі. Потым наш шлях пралягаў па забалочанай мясцовасці. Прааналізаваўшы расліннасць, прыйшлі да вываду, што мы выйшлі на Цэнтральна-Бярэзінскую раўніну і знаходзімся ў Чэрвеньскім раёне. Трапіўшы  на лясную дарогу і зверыўшыся з картай, пачалі шукаць месца для лагера. Устанавілі палаткі.  Група турыстаў пад кіраўніцтвам Жэні Бяловай пачала гатавать вячэру. Астатнія атрымалі заданне —  прэзентацыя творчых работ да твораў Якуба Коласа. Пакуль гатавалася вячэра, кожны з вандроўнікаў заставаўся адзін на адзін са сваімі ўражаннямі, з думкамі пра вялікага песняра. Пасля смачнай ежы, каля яскравага вогнішча адбылося сапраўднае свята душы. Турысты чыталі вершы вялікага песняра,  прэзентавалі ілюстрацыі, малюнкі, уласныя вершы, звязаныя з творчасцю  Коласа. Затым аб’явілі адбой. Удзельнікі паходу  разышліся па палатках. Але яшчэ доўга не маглі заснуць, усё абменьваліся ўражаннем пра пачутае, зробленае, а асабліва пра тое, што было ўбачана ўласнымі вачыма.

На другі дзень з раніцы турысты выйшлі ў паўднёвым напрамку  ў бок Грабёнкі, менавіта туды малады Лабановіч (Якуб Колас) вазіў вучняў з Верхменя здаваць экзамены. Пад час руху ўдзельнікі паходу ўзгадвалі радкі, напісаныя вялікім песняром.  «Да Грабёнкі было вёрст дванаццаць, дарога спачатку ішла полем, а потым пашыбавала на масток праз раку Ушу, далей амаль да самай Грабёнкі, ехалі старасвецкім лесам… Грабёнкаўская школа стаяла ў канцы сяла.”(Я.Колас » На ростанях”).

Дырэктар Грабёнкаўскай школы Мікалай Сямёнавіч Барбук паставіў пячатку ў нашым маршрутным лісце і правёў абзорную экскурсію па навучальнай установе. Мы наведалі «жывы” куток, краязнаўчы музей. Кіраўнік школы  паказаў нам стары будынак, у якім некалі праходзілі тыя самыя экзамены.  Пасля рэвалюцыі ў гэтым будынку жыў настаўнік Грабёнкаўскай школы Васіль Ісай, які падтрымліваў цесныя сувязі з Якубам Коласам, аб чым паведала турыстам дачка Ісая — Ганна Васільеўна, у час , калі мы наведалі яе ў хаце. Сведкам іх сяброўства з’яўляецца дубовы стол, на якім ёсць невялікая ямачка, у якую пісьменнік клаў арэхі і калоў іх. Да Ганны Васільеўны звярталася і звяртаецца шмат людзей, якія гатовы за вялікія грошы набыць рарытэт для сваёй уласнай калекцыі, але гаспадыня адмаўляе. Стол каштоўны для яе як памяць пра сяброўства бацькі і Вялікага песняра.

З вёскі Грабёнка мы выйшлі з бадзёрым настроем і накіраваліся на паўночны ўсход да вёскі Праходка. Там уступілі ў размову з мясцовымі жыхарамі.  Яны з вялікай гордасцю расказвалі пра свайго земляка Мікалая Мініча, вучня Якуба Коласа, і нават  паказалі дом, у якім ён жыў. Гаварылі, што і да апошніх дзён жыцця Мікалай Сцяпанавіч  з цеплынёй успамінаў  маладога настаўніка Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча. На вялікі жаль,  пабываць у доме мы не змаглі, бо нашчадкі Мініча пражываюць у горадзе Мінску, а будынак выкарыстоўваецца як дача. Паставіўшы адзнаку ў маршрутны ліст і папоўніўшы запасы вады, мы адправіліся на поўнач. Пакінуўшы Цэнтральна-Бярэзінскую раўніну,  выйшлі на Мінскае ўзвышша. Лес  светлы, хваёвы і прыемны воку. Тут мы і засталіся на другі начлег.

Апошні дзень паходу пачаўся вельмі рана. Настрой быў добры, а цёплае надвор’е і ўражанні, якія мы дагэтуль атрымалі, вельмі спрыялі гэтаму. Наша група накіравалася на вёску Заброддзе. Рух па сасноваму бору не ўяўляў сабой цяжкасці. Праз некаторы час мы  выйшлі к даліне ракі Уша ў раёне гэтай вёскі.  Далей пайшлі ўніз па цячэнню.  Глухой і цёмнай сцяной падступаў з абодвух бакоў да ракі лес, навальваючыся на рэчышча і нібы сціскаючы яго.  Сосны, яліны і кучаравыя бярозы глядзелі ў ваду,  як у люстэрка, а кроны іх адбіваліся ў ціхай плыні. Потым лес расступіўся, адкрываючы бярозавы гай і шырокую пойму з лугам, крутыя берагі з глініста-пясчанымі выступамі, якія звязвалі  жалезабетонны мост. Па ім група перайшла на левы бераг ракі. Зрабілі прывал. Потым наш шлях пралёг далей, на поўнач, праз лес на хутар Сцепша. Мясцовасць забалочаная, лес  яловы і цёмны, не мае падлеска. Рух групы ўскладнялі шматлікія  паваленыя векавыя елкі і мноства  вываратняў.  Але, на шчасце,  адрэзак шляху быў невялікі і не забраў у нас шмат сіл. Ускраек лесу – Сцепша. Як сведчаць літаратурныя матэрыялы трылогіі «На росстанях»,  на гэтым хутары жыла лепшая вучаніца  Коласа  — Лідачка Мураўская, якая пакахала маладога настаўніка.

З узгорку, у паўночна-заходнім напрамку, на гарызонце мы ўбачылі аграгарадок Алесіна —  канечны пункт нашага падарожжа, але на нашым шляху было поле, засеенае жытам. І турысты рушылі  на ўсход па беразе меліяратыўнага канала, які праз пяцьсот метраў пад вуглом сорак пяць  градусаў паварочвае на поўнач і праз кіламетр злучаецца з ракой Мена. Мы прайшлі ўверх, супраць цячэння і выйшлі на грунтовую дарогу Пекалін – Шыпяны, прайшоўшы шляхам Лабановіча. Узыйшлі  на ўзгорак, і  перад нашымі вачыма паўстала цудоўная панарама — на фоне сцяны магутных зялёных дубоў у  прамянях ласкавага чэрвеньскага сонца яскрава ззялі купалы новай царквы. Адразу ўспомнілі словы песняра: «Узышоўшы  на самы высокі пункт мясціны, Лабановіч спыніўся, каб вокам акінуць ваколіцы. І зрок яго раптам загарэўся: перад вачамі цьмяна вырысоўваліся з тонкай сінечы контуры прыгожага, велічлівага замка!”

 Апошнія намаганні,  і праз сорак хвілін стомленыя, але задаволеныя,  мы былі  ў  Алесіне. Зайшлі ў школу, здалі рыштунак, сустрэлі сваіх аднакласнікаў і сяброў, якія, дарэчы, з вялікай цікавасцю слухалі пра моманты нашага паходу.

Атрад турыстаў Верхменскай сярэдняй школы імя В.А.Тумара дасягнуў мэты паходу па  ўсебаковаму  вывучэнню багацця гісторыі і шматвекавой культуры роднага краю.

Паход трэцяй  ступені складанасці залічаны ўсім удзельнікам. Турысты паказалі добрую падрыхтоўку і гатоўнасць да хуткіх арганізаваных дзеянняў у складаных умовах, паглыбілі веды аб прыро- дзе, культуры і гісторыі родных мясцін, замацавалі гатоўнасць працаваць у групе і аказваць дапамогу ў цяжкіх становішчах адзін аднаму. Праявілі асабовыя маральна-валявыя якасці, даказалі, што могуць жыць у поўнай гармоніі з прыродай, эканомна выкарыстоўваць яе багацце і несці адказнасць за яе чысціню.  Вучнямі і настаўнікамі быў сабраны багаты краязнаўчы матэрыял, які папоўніў літаратурны музей установы адукацыі. Сістэматызаваны матэрыял лёг у аснову даследчай работы па беларускай мове і літаратуры «Параўнанне пейзажу трылогіі Якуба Коласа «На ростанях” (частка «Верхань”) з сучаснымі краявідамі вёскі Верхмень Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці”, якая была адзначана дыпломам ІІІ ступені ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. Дарэчы, матэрыялы паходу былі выкарыстаны пры падрыхтоўцы да конкурсу «Мясціны майго дзяцінства”,  у рамках акцыі «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!” Па выніках абласнога этапа конкурсная праца заняла першае месца. У якасці ўзнагароды вучні, якія рыхтаваліся да конкурса, атрымалі магчамасць паехаць на адпачынак у Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня».

Ігар Сяргеевіч ЛАППО, настаўнік дадатковай адукацыі, настаўнік геаграфіі Верхменскай сярэдняй школы імя В.А.Тумара.

На здымку:   удзельнікі     паходу.

Фота з архіва школы.

Подробную информацию читайте в номере 299 – 304  от 21.12.2013 г.