НАРАЎЛЯНШЧЫНА, НАРАЎЛЯНШЧЫНА! ТЫ АДНА ДЛЯ МЯНЕ – БЕЛАРУСЬ!
Нараўлянскі раён Гомельшчыны адносіцца да тэрыторый, найбольш пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У наш час у Нараўлянскім раёне колькасць насельніцтва — каля адзінаццаці тысяч чалавек. Для параўнання: у пачатку 1986 года там жыло амаль дваццаць восем тысяч. Толькі ў год аварыі было адселена больш за трыццаць вёсак, яшчэ тры — Смалягоўская Рудня, Раманаўка і Сяргееў Хутар — у пачатку дзевяностых гадоў. У 1987 годзе ўсе пабудовы вёсак Гамарня, Данілееўка, Чырвоны Барацьбіт, Дворышча, Карповічы, Ліхоўня былі пахаваны.
НАРАЎЛЯНШЧЫНА, НАРАЎЛЯНШЧЫНА!
ТЫ АДНА ДЛЯ МЯНЕ – БЕЛАРУСЬ!
Нараўлянскі раён Гомельшчыны адносіцца да тэрыторый, найбольш пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У наш час у Нараўлянскім раёне колькасць насельніцтва — каля адзінаццаці тысяч чалавек. Для параўнання: у пачатку 1986 года там жыло амаль дваццаць восем тысяч. Толькі ў год аварыі было адселена больш за трыццаць вёсак, яшчэ тры — Смалягоўская Рудня, Раманаўка і Сяргееў Хутар — у пачатку дзевяностых гадоў. У 1987 годзе ўсе пабудовы вёсак Гамарня, Данілееўка, Чырвоны Барацьбіт, Дворышча, Карповічы, Ліхоўня былі пахаваны.
Гэтыя звесткі мне паведамілі артысты з калектыву мастацкай самадзейнасці Усяжскага СДК “Суседзі”. Усе члены творчай групы, за выключэннем мастацкага кіраўніка Святланы Сакавец, людзі сталага ўзросту. І амаль усе яны, цеперашнія жыхары вёскі Прылепы, перасяліліся ў наш раён з Гомельшчыны, з Нараўляншчыны.
Маё знаёмства з “Суседзямі” ўпершыню адбылося некалькі гадоў таму на свяце праводзін зімы ў ваенным гарадку “Аколіца”. Сталыя кабеты і паважныя мужчыны на бадзёрачым марозцы выконвалі заліхвацкія народныя песні, пускаліся ў скокі разам з маладзенькімі салдацікамі. Наступныя сустрэчы, што адбываліся падчас правядзення шматпрофільнага перасоўнага сацыяльнага цэнтра “Раднік” і разнастайных самадзейных конкурсаў, запомніліся бруеннем энергіі і творчым натхненнем, што зыходзілі ад спевакоў і спявачак. Але найбольшыя пазітыўныя ўражанні ў мяне засталіся ад таго, з якім імпэтам і шчырасцю выступалі “Суседзі” перад працаўнікамі жывёлагадоўчых ферм раёна падчас правядзення Дзён жывёлавода. Было бачна, што не толькі гледачы, але і самі артысты атрымоўваюць асалоду ад спеваў.
Пры гэтым, спявалі артысты не толькі на фермах, але і па дарозе да іх, у аўтобусе. Гул рухавіка “ПАЗіка” перакрывалі вясёлыя прыпеўкі, песні з рэпертуару шасцідзесятых — васьмідзесятых гадоў, народныя… І раптам сумнае:
“Нараўляншчына, Нараўляншчына!
Прыгажосцю тваёй ганарусь.
Нараўляншчына,
Нараўляншчына! Ты адна для мяне — Беларусь”.
Праспяваўшы шчымлівую песню пра сваю малую Радзіму, суцішыліся “Суседзі”. Задумаліся, кожны пра сваё. Першыя крокі большасць з іх ступіла там, на Гомельшчыне. Там прайшлі іх маладыя гады, там яны спазнавалі першае юнацкае каханне, стваралі сем’і, нараджалі дзяцей. Лёс распарадзіўся так, што ў адначассе прыйшлося пакінуць усё і пачынаць на новым месцы. Сёння, кажуць перасяленцы, родная Нараўляншчына пакрысе ажывае, будуецца,развіваецца. Аднак прыляпчане ўжо наўрад ці вернуцца туды. Па-першае, гады ўжо не тыя. А па-другое, гасцінная Смалявіччына стала для іх надзейным прытулкам і родным домам.
Абсалютная большасць домаўладанняў на так званай “чарнобыльскай” вуліцы ў Прылепах вызначаецца чысцінёй і парадкам, дагледжанасцю. Стараюцца трымацца разам перасяленцы, дапамагаць адзін аднаму. Вось і сумесныя спевы многіх з іх яшчэ больш паядналі.
Пяць гадоў існуе калектыў “Суседзі”. Збіраюцца разам, рэпеціруюць дапазна самы розны рэпертуар. Не-не, а і заспяваюць: “Нараўляншчына, Нараўляншчына!…” Не-не, а і скаціцца ў некага слязінка.
Уладзімір МІХАЙЛОЎСКІ.
На здымку: творчы калектыў “Суседзі” выступае перад жывёлаводамі ПУП “Смалявічы – Сузон”.
Фота аўтара.
Информацию читайте в номере 93 – 94 от 27.04.2011 г.