Заканчваецца 2012 год, а разам з ім і Год кнігі.  Гэты год быў адзначаны шматлікімі значнымі падзеямі, сярод якіх 130-годдзе з дня нараджэння славутых беларускіх паэтаў і пісьменікаў, якімі вельмі ганарыцца беларускі народ, —  Якуба Коласа і Янкі Купалы. Менавіта гэтым беларускім песнярам прысвечана кніжная выстава ў Арджанікідзеўскай бібліятэцы.

 

Заканчваецца 2012 год, а разам з ім і Год кнігі.  Гэты год быў адзначаны шматлікімі значнымі падзеямі, сярод якіх 130-годдзе з дня нараджэння славутых беларускіх паэтаў і пісьменікаў, якімі вельмі ганарыцца беларускі народ, —  Якуба Коласа і Янкі Купалы. Менавіта гэтым беларускім песнярам прысвечана кніжная выстава ў Арджанікідзеўскай бібліятэцы.

 Ім належыць адно з самых пачэсных месц у беларускай літаратуры. Так, геніяльны мастак слова, сапраўдны народны пісьменнік Якуб Колас  не толькі стаіць ля вытокаў заснавання найноўшай беларускай літаратуры, але і цэлай эпохай у ёй і ў жыцці сваёй радзімы. Абсягі дзейнасці Я. Коласа таксама надзвычай шырокія. Колас  — вялікі паэт і празаік, драматург і перакладчык, крытык і публіцыст, настаўнік літаратурнай моладзі, буйны вучоны, выдатны лінгвіст, фалькларыст, арганізатар навукі і выдавецкай справы ў рэспубліцы. Менавіта творчасць Я. Коласа аказала вялікае ўздзеянне на далейшае развіццё ўсёй беларускай літаратуры. У самых розных галінах мастацтва — тэатры, кіно, музыцы, выяўленчым мастацтве — з’явіліся творы, звязаныя з жыццём і творчай дзейнасцю песняра.

У Беларусі свята ўшаноўваецца памяць народных песняроў. Не забываюць аб іх і ў Арджанікідзеўскай бібліятэцы, дзе яе загадчыцца, Таццяна Канстанцінаўна Пенкіна, праводзіць спецыяльныя літаратурныя гадзіны для вучняў сярэдняй школы № 3. Менавіта апошняя такая сустрэча была прысвечана юбілейнай даце з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Таццяна Пенкіна не толькі можа параіць творы гэтых аўтараў, але і расказаць цікавыя звезткі іх біяграфіі, адкрыць шырокаму колу чытачоў невядомыя старонкі іх творчасці.

Загадчыцца Арджанікідзеўскай бібліятэкі з задавальненнем прапануе творы і кнігі нашых славутых землякоў, якія сёння перавыдадзены. Сучасныя прыгожыя кнігі з класічнымі творамі прыйдуцца кожнаму чытачу да спадобы. Старэйшае пакаленне можа нагадаць сабе творы пісьменнікаў, зноў узяўшы ў рукі кнігу вершаў, паэм і п’ес “Роднае слова” Янкі Купалы, кнігі “Родныя вобразы”, “Песні жальбы”, “Нёманаў дар” ,  “Пісаравы імяніны”, неўміручую паэму “Новая зямля” Якуба Коласа.

Школьнікам і падлеткам таксама ёсць  што ўзяць пачытаць у бібліятэцы. Нашы славутыя пісьменнікі шмат зрабілі для развіцця дзіцячай літаратуры. Многія творы дзіцячага паэта, а менавіта так можна назваць Янку Купалу, увайшлі ў дзіцячае чытанне. Ён шмат пісаў спецыяльна для дзяцей. Яго вершы друкаваліся ў часопісах “Лучынка”, “Зоркі”. Шырока яны прадстаўлены ў чытанках Я.Лёсіка і В.Ластоўскага. Купалавы творы, напісанныя для дзяцей, па-народнаму меладычныя, лёгка кладуцца на музыку. Яны перакладзены на мовы розных народаў, маюць цікавы лёс. Творы Я.Купалы ўзвысілі аўтарытэт беларускай дзіцячай літаратуры, садзейнічалі выхаванню ў дзяцей беларусаў любві да роднай мовы і культуры.

Сёння найбольшай цікавасцю ў дзяцей з мясцовага дзіцячага садка № 5, а такасама вучняў малодшых класаў СШ №3, якія самі ці з выхавацелямі прыходяць у бібліятэку, карыстаюцца вершы Я.Купалы з серыі “Залаты Ключык”, зборнікі вершаў “Хлопчык і лётчык”, “Арлянятам”, “Алеся”, “Славуты домік”. Таццяна Канстанцінаўна знаёміць сваіх юных чытачоў з дадзенымі творамі падчас гадзін літаратуры , якія перыядычна праходзяць у бібліятэцы.

Але не толькі творы Янкі Купалы цікавыя для чытачоў малодшага ўзросту. Шмат на ніве беларускай дзіцячай літаратуры працаваў і Якуб Колас. Ён актыўна садзейнічаў яе развіццю і ўзбагачэнню. Шмат увагі Колас удзяляў праблеме выхавання і навучання дзяцей. Ён быў таленавітым педагогам. Выдаў “Другое чытанне для дзяцей беларусаў”, дарэчы,  адзін экзэмпляр факсімільнага выдання можна ўзяць прачытаць у бібліятэцы. Акрамя таго,  ён з’яўляецца аўтарам шматлікіх кніг вершаў, паэм, апавяданняў, казак для дзяцей —  “Першыя крокі”, “Крок за крокам”, “У старых дубах”, “Рак-вусач”, “Савось-распуснік”, “Усход сонца”, “Раніца жыцця”. Усе гэтыя творы цікавыя будуць і сучасным дзецям, добра, калі самі бацькі, прыйшоўшы ў бібліятэку, папытаюць гэтыя кнігі і возьмуць пачытаць сваім дзецям. Дарэчы, гэта будзе вельмі карыснае чытанне і магчымасць лепш авалодаць сваёй роднай мовай. Бо, як дзіцячага пісьменніка,  Коласа характарызуе тонкае адчуванне дзіцячай душы, уменне стварыць займальны сюжэт, эмацыянальна ўплываць на юных чытачоў, непрыкметна весці іх да спазнання мудрасці жыцця, ідэалаў дабра, да ўсведамлення пачуцця нацыянальнай годнасці і свайго абавязку перад Бацькаўшчынай. Ці не пра гэта павінны клапаціцца добрыя бацькі ў адносінах да сваіх дзяцей? Загадчыцца бібліятэкі прапануе чытачам кнігу-паэму “Міхасёвы прыгоды” з серыі “Бібліятэчка дзіцячага сада”, творы Коласа “Пісаравы імяніны”, “Сымон-музыка”, “Нёманаў дар”, яго казкі.

Усім, хто хоча бліжэй пазнаёміцца з творчасцю беларускіх паэтаў і пісьменнікаў,  трэба завітаць ў бібліятэку. Дарэчы, вашай увазе могуць прапанаваць цікавы беларускі  часопіс  “Родная прырода”, дзе выйшла серыя публікацый “На зямлі песняроў”. У гэтых матэрыялах, якія вельмі насычаны прыгожымі і каларытнымі фотаздымкамі, расказваецца пра мясціны, дзе жылі і працавалі песняры. Дзякуючы гэтаму праекту,  мы можам яшчэ раз успомніць творы і жыццё сваіх славутых землякоў. Дарэчы, прырода займала ў іх творчасці надзвычай важнае месца – натхняла на стварэнне сапраўдных літаратурных шадэўраў, з якімі кожны можа       пазнаёміцца ў Арджнікідзеўскай бібліятэцы.

Наталя ТЫШКОЎСКАЯ.

Информацию читайте в номере 277-280  от 01.12.2012 г.