Зусім нядаўна то тут, то там у нашым горадзе пачалі з’яўляцца
стужачкі-вышыванкі з беларускім арнаментам. То іх можна ўбачыць павязанымі на
запясцях моладзі, то на антэнах аўтамабіляў, у дзяўчат яны заплецены ў
косы, некаторыя смалевічане ўпрыгожваюць
імі свае рабочыя месцы. Так моладзь нашага горада падтрымала прапанову
грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” прыняць удзел у
фотаконкурсе на лепшы здымак с выкарыстаннем стужкі-вышыванкі. 

 

 

Зусім нядаўна то тут, то там у нашым горадзе пачалі з’яўляцца стужачкі-вышыванкі з беларускім арнаментам. То іх можна ўбачыць павязанымі на запясцях моладзі, то на антэнах аўтамабіляў, у дзяўчат яны заплецены ў косы, некаторыя смалевічане ўпрыгожваюць імі свае рабочыя месцы. Так моладзь нашага горада падтрымала прапанову грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” прыняць удзел у фотаконкурсе на лепшы здымак с выкарыстаннем стужкі-вышыванкі. Але смалявіцкая моладзь чарговы раз даказала сваю крэатыўнасть і пачала сапраўдную эстафету передачы такой стужачкі сваім сябрам. Сёння акцыю ўжо падтрымалі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, Смалявіцкага райвыканкама, наперадзе – работнікі чыгункі, правахоўных органаў, адукацыі, культуры, прадстаўнікі сельскай гаспадаркі, усе яны выказалі жаданне далучыцца да гэтай справы. Яны, маладыя і актыўныя, самі праяўляюць ініцыятыву насіць вышыванкі кожны дзень, дзяліцца імі з сябрамі. Сваёй ініцыятывай яны паказваюць усім нам, як важна захоўваць традыцыі, не саромецца праяўляць свае пачуцці на людзях, дзяліцца любоўю да сваёй Радзімы са сваімі суайчыннікамі. Бо толькі так можна быць упэўненым, што Беларусь будзе жыць і квітнець! Пакуль у кожным з нас, а галоўнае, у падрастаючага пакалення і сучаснай моладзі, у сэрцы будзе захоўвацца памяць аб нашым гістарычным мінулым, пакуль яны будуць помніць пра тых, хто сваё жыццё падчас Вялікай Айчыннай вайны аддаў дзеля нашага светлага будучага, пакуль будуць яны браць прыклад з тых, хто сёння, самааддана працуючы ў полі, на заводзе, у іншых сферах дзейнасці, не шкадуючы ўласнага часу і сіл, клапоціцца аб дабрабыце нашай краіны, наша Беларусь будзе не проста жыць, яна будзе развівацца, прыгажэць, квітнець!

Добрыя справы заўсёды знойдуць водгук у сэрцах людзей. Моладзь зрабіла крок наперад, паказваючы свае адносіны да краіны, грамадзян. Чарговы раз, павязваючы на руку стужачку-вышыванку з беларускім арнаментам, яна дэманструе свае пачуцці і заклікае ўсіх нас аб’яднацца і паказаць нашу адданасць і вернасць Айчыне. Бо, калі мы разам, нам нічога не страшна, нам многае пад сілу. І можна не сумнявацца, наша краіна будзе жыць і квітнець! Толькі трэба памятаць, што кожны з нас сваімі добрымі ўчынкамі, самаадданай працай, любоўю да Радзімы зможа ўнесці свой уласны штрышок у агульны ўзор вышыванкі, у якім сабраны надзеі і мары пра светлае будучае, а таксама вопыт і дасягненні нашых продкаў, якія таксама жылі, тварылі і працавалі дзеля сваёй Беларусі.

Скептыкі могуць запярэчыць, што стужачкі-вышыванкі проста часовае захапленне. Аднак з імі можна паспрачацца. Сёння ўсё больш людзей набываюць адзенне з беларускім арнаментам, ганарацца беларускай культурнай спадчынай, працягваюць народныя традыцыі і абрады. Нацыянальны ўзор прысутнічае на нашым дзяржаўным сцягу. Дарэчы, Беларусь – першая краіна ў свеце, дзе арнамент выкарыстоўваецца ў якасці элемента дзяржаўнага сцяга. А чаго каштуе ўбачыць палатно самага вялікага сцяга краіны! Ён лунае на вышыні сямідзесяці метраў на самым знакавым месцы, якое ўвасабляе нашу дзяржаўнасць, – на плошчы Дзяржаўнага сцяга. І толькі ўявіце, памер арнамента на ім – каля дзесяці квадратных метраў. А побач размясціўся Палац Незалежнасці, архітэктура якога таксама вызначаецца нацыянальным каларытам. Пяшчотныя сэрцу ўзоры ўпрыгожваюць і шкляны фасад. Нават галоўная навагодняя елка краіны на Кастрычніцкай плошчы ў сталіцы ў 2014 годзе была аздоблена ў нацыянальным стылі.

Не так важна, дзе прысутнічае беларускі арнамент: на будынках, на адзенні, на стужачках, павязаных на руках. Калі ён ёсць, калі ён падабаецца, калі ім упрыгожваюць, гэта значыць толькі адно: мы любім сваю Бацькаўшчыну, памятаем сваю гісторыю, паважаем традыцыі, а галоўнае – ганарымся, што мы – беларусы, а значыць, наша Беларусь будзе і далей толькі квітнець і мацнець.

 

Наталля ТЫШКОЎСКАЯ.

Фота А.ВАЛАДЗЬКО.

 

 

Информацию читайте в номере 197 – 200 от 29.08.2015 г.