Мінулая вайна, самая жорсткая і крывавая ў дваццатым стагоддзі, такі глыбокі след пакінула ў лёсах людзей, што і праз многія дзесяцігоддзі не гояцца раны ў сэрцах, не сціраюцца з памяці людской жудасныя малюнкі пакут і здзекаў, што чынілі на беларускай зямлі фашысцкія акупатны. Наш народ не забывае сваю гісторыю, не забывае пра тыя суровыя выпрабаванні, якія выпалі на долю ранейшага пакалення.

І адно з такіх напамінанняў – мемарыяльны архітэктурна-скульптурны комплекс “Хатынь”, адна з самых жалобных мясцін на тэрыторыі Беларусі па ўшанаванню памяці жыхароў вёскі Хатыні Лагойскага раёна і іншых беларускіх вёсак, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі разам з насельніцтвам у 1941 -1944 гадах. Размешчаны комплекс на 54-ым кіламетры шашы Мінск –Віцебск, на месцы спаленай вёскі Хатынь.

Як напамінак аб страшнай трагедыі беларусаў – частка комплекса, якая называецца Могілкі вёсак, дзе на мемарыяльных гранітных плітах увекавечаны звесткі аб спаленых разам з жыхарамі вёсках на тэрыторыі Беларусі ў гады мінулай вайны. Ёсць там і звесткі аб вёсках Смалявіцкага раёна. Гэта – вёска Карамша, дзе былі загублены 36 жыхароў з 12 двароў. Так і не адрадзілася гэтае паселішча пасля вайны. У вёсцы Багута былі спалены 43 двары з 115 жыхарамі, у Крывой Паляне – 18 двароў з 51 жыхаром, у Хаценаве – 75 двроў і 184 жыхары. Малалетнія дзеці, жанчыны, зусім старыя людзі былі расстраляны, спалены, забіты, закатаваны – нікому не давалі літасці гітлераўцы, цынічна абвясціўшы сябе носьбітамі “новай культуры і цывілізацыі”. У Смалявічах фашысты ў першыя ж месяцы вайны загубілі больш двух тысяч жыхароў мястэчка. У студзені 1942 года фашысты загубілі 60 жыхароў вёскі Арэшнікі. 13 красавіка 1943 года ворагі забілі 43 жыхароў вёскі Бабін Лес. 245 жыхароў вёсак былога калгаса імя Леніна, што на тэрыторыі былога Прылепскага сельсавета, знішчылі захопнікі ў 1941-1944 гадах. 23 красавіка 1943 года немцы загубілі 53 жыхароў вёскі Тадуліна… Спіс яшчэ можна працягваць.

Захаваліся ўспаміны былой жыхаркі вёскі Хаценава Зінаіды Аляксандраўны Камінскай (Лойка): “У вёску прыехалі карнікі са смалявіцкага і лагойскага гарнізонаў. Мы з сяброўкамі паспелі збегчы ў лес, таму пра ўсё, што адбылося, ведаю са слоў бацькі.

Фашысты сагналі ўсіх мужчын з другой вёскі і пагналі аднаўляць мост праз раку Усяжа, які ўзарвалі партызаны. Потым прывялі іх назад, загналі ў лазню і падпалілі яе. Карнікі пайшлі па вёсцы, выводзілі ўсіх, хто быў у хатах, і расстрэльвалі, а жылыя і гаспадарчыя пабудовы палілі. Не шкадавалі ні дзяцей, ні старых. Усё Хаценава-2 было знішчана ў той дзень”.

Уладзімір Пятровіч Кранцэвіч, 1931 года нараджэння, жыхар вёскі Крывая Паляна, таксама цудам пазбег гібелі. З яго успамінаў: “9 красавіка 1943 года пасля абеду ў нашу вёску наляцелі эсэсаўцы і паліцаі, якія адразу пачалі падпальваць хаты. Жыхароў тады папярэдзілі партызаны, многія паспелі схавацца ў лесе. Але фашысты не супакоіліся. 13 красавіка яны зрабілі аблаву, у якую трапіла шмат людзей. Сагналі ўсіх у калону, павялі ў вёску Сухі Востраў, дзе спалілі жывымі. Толькі трое змаглі выбрацца з пекла, дваіх я памятаю – Брылеўская Юзэфа і Міхаіл Шабан. Як ён потым расказваў, гітлераўцы загналі людзей у дом Фраловічаў, пачалі расстрэльваць, потым абклалі хату саломай і падпалілі”.

Удалося выбрацца з агню і Міхаілу Раманавічу Смарговічу, якому тады было 13 гадоў, жыхару хутара Карамша: “Летам 1943 года з’явілія немцы. Яны спыталі пра партызан, але нікога не зачапілі.Але праз некалькі дзён зноў з’явіліся ў вёсцы. Забралі майго бацьку, братоў і паехалі на хутар да дзядзькі Антося, бацькавага брата. Я ў той дзень пасвіў карову, а калі вярнуўся, то ўбачыў, што немец б’е маю маці, патрабуючы прадуктаў харчавання Аказваецца, калі немцы прыехалі на хутар, то ў лазні Ігната Сіліна наткнуліся на двух партызан. Тыя ўвязаліся ў бой. Адзін з іх быў забіты, другі ўцёк ў лес. Раззлаваныя гітлераўцы схапілі ўсю нашу сям’ю, а таксама сям’ю Ліпніцкіх і яшчэ дзвюх жанчын з Барысава, якія збіралі ягады, загналі ўсіх у хлеў. За намі ў хлеў зайшоў немец і пачаў страляць з аўтамата. Праз некалькі хвілін усё было скончана. Нехта з маіх братоў застагнаў, і немец дабіў яго чаргой з аўтамата. Потым ўзяў сена, падпер дзверы і падпаліў.

Мяне параніла ў руку і жывот, але я не страціў прытомнасць. Чую, побач нехта зашавяліўся. Гэта была маці. Яе таксама параніла. Разам мы падпаўзлі да дзвярэй, я пачаў рыць падкоп. Мне гэта ўдалося, і мы з маці выбраліся з гэтага пекла. Мы адпаўзлі ў агарод і схаваліся ў бульбоўніку, бо немцы яшчэ гаспадарылі на нашых даварах: грузілі скаціну, птушак. Нас знайшоў сусед Вінцэсь Дзмітракоў. Ён дапамог перабрацца ў лес, дзе нам аказалі медыцынскую дапамогу партызанскія медработнікі. Партызаны дапамагалі нам, давалі прадукты.”

Не астывае людская памяць. І не зарастае небыццём дарога ў Хатынь, куды ў любую пару года наведваюцца афіцыйныя дэлегацыі, турысты, школьнікі і моладзь, ветэраны, каб пакланіцца памяці ахвяр, якія ўласным жыццём заплацілі за незалежнаць Айчыны, за наш сённяшні мірны дзень.

Э.ПАТАПЧЫК.

Информацию читайте в № 73-76 от 10.03.2018 г.