Напрыканцы восені, а дакладней 20 лістапада, споўнілася 65 гадоў з дня нараджэння вядомай беларускай паэткі Яўгеніі Янішчыц. Яна ўвайшла ў гісторыю беларускай літаратуры, як асоба ўзнёслая і трагічная. Такія з цягам часу становяцца легендамі.
Напрыканцы восені, а дакладней 20 лістапада, споўнілася 65 гадоў з дня нараджэння вядомай беларускай паэткі Яўгеніі Янішчыц. Яна ўвайшла ў гісторыю беларускай літаратуры, як асоба ўзнёслая і трагічная. Такія з цягам часу становяцца легендамі.
Ёй назаўсёды застанецца 40. Такі ўжо нярэдка лёс таленту — выплеснуцца ў адзіным парыве натхнення і адысці назаўсёды, без пары пакінуўшы нашчадкам сваю ўсхваляваную споведзь.
Лёс не пашкадаваў Яўгеніі Янішчыц ні вядомасці, ні гучнай славы, ні сустрэч, ні дарог. Яе паэзія не залежвалася на кніжных паліцах, а разыходзілася з зайздроснай хуткасцю. Інтымная лірыка Яўгеніі Янішчыц – адна з лепшых старонак беларускай паэзіі. Каханне ў творах Яўгеніі вельмі няпростае. Яно гарачае і неўтаймаванае, але больш пакутнае і балючае, заўсёды шчырае і чалавечнае, як у аднымз яе лепшых вершаў:
Ты пакліч мяне.Пазаві
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё з любві,
Нават самая простая ява.
І тады душой не крыві
На дарозе жыцця шырокай.
Пачынаецца ўсё з любві-
Першы поспех і першыя крокі.
Прыручаюцца салаўі ,
І змяняюцца краявіды.
Пачынаецца ўсё з любві-
Нават ненавісць і агіда…
Ты пакліч мяне .Пазаві.
Сто дарог за маімі плячыма.
Пачынаецца ўсё з любві,
А інакш і жыць немагчыма.
25 лістапада, 25 гадоў назад, Яўгеніі Янішчыц не стала, так вырашыла яна сама. І кожны год у гэты дзень душа смуткуе і плача ад жалю , што так здарылася, што гэта прыгожая, таленавітая жанчына, паэтэса, цудоўная маці ўжо ніколі і нічога не напіша.
“Будзе вечна блізкім рэхам звінець твой голас малады!”- так называўся юбілейны літаратурны вечар–прысвячэнне, падрыхтаваны супрацоўнікамі Смалявіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М .Багдановіча, які адбыўся ў раённай гімназіі 20 лістапада. На мерапрыемства былі запрошаны вучні старэйшых класаў, з якімі прыйшлі і настаўнікі, якія любяць беларускую паэзію. Бібліятэкары: К.З.Лашук, Т.У.Толкач і А.І.Раманкевіч пранікнёна, з душой намалявалі жыццёвы і творчы партрэт Яўгеніі Янішчыц. Прысутныя, нават тыя, хто раней не чуў гэта імя, слухалі, затаіўшы дыханне. Кранулі сэрцы і песні, сярод якіх была напісаная на словы паэтэсы “Старана мая азёрная”, і прыгожыя самотныя мелодыі, якія былі тут вельмі дарэчы.
Лейтматывам праз усё мерапрыемства прайшла думка, што век Яўгеніі Янішчыц быў кароткі, але імя яе будзе жыць, яе паэзія будзе заставацца скарбонкай высокіх думак, яркіх шчырых пачуццяў, якія зноў і зноў адкрываюцца ўдумліваму і нераўнадушнаму чытачу новымі гранямі, маляўнічымі колерамі.
Не захлынецца , Жэня, песня.
Ёй будзе лёгка ў вяках –
Бо пачуццю і думкам цесна
У тваіх абветраных руках.
Не захлынецца песня славы,
Любові песня, спеў душы,-
Бо з нержавеючага сплаву.
Яна і сонца — спарышы.
Людміла БЕЛЯКОВА, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Смалявіцкай цэнтральнай бібліятэкі.
Подробную информацию читайте в номере 281 – 283 от 30.11.2013 г.