22 чэрвеня споўніцца 95 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка,
празаіка, нашага земляка – ураджэнца вёскі Жажэлка Івана Іванавіча Сіняўскага.
Нарадзіўся Іван Сіняўскі ў сялянскай сям’і хлебаробаў. Вучыўся ў Жажэлкаўскай
пачатковай школе, потым у Смалявіцкай школе калгаснай моладзі, дзе ўрокі батанікі
вёў Васілій Феафілавіч Купрэвіч, які пазней узначальваў Акадэмію навук БССР.
22 чэрвеня споўніцца 95 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, празаіка, нашага земляка – ураджэнца вёскі Жажэлка Івана Іванавіча Сіняўскага.
Нарадзіўся Іван Сіняўскі ў сялянскай сям’і хлебаробаў. Вучыўся ў Жажэлкаўскай пачатковай школе, потым у Смалявіцкай школе калгаснай моладзі, дзе ўрокі батанікі вёў Васілій Феафілавіч Купрэвіч, які пазней узначальваў Акадэмію навук БССР.
З творчай аўтабіяграфіі Івана Сіняўскага: «У дзявятым класе мяне выбралі рэдактарам агульнашкольнай сценгазеты. Мае вершы пачалі змяшчаць у школьным літаратурным альманаху. Любоў да мастацкага слова прывіў нам, вучням, выкладчык беларускай мовы і літаратуры Яфім Максімавіч Гаварушка. Гэта быў цудоўны педагог, паэт, артыст. Ён з захапленнем расказваў нам пра класікаў беларускай літаратуры Янку Купалу і Якуба Коласа. Аднойчы на занятках літгуртка, прачытаўшы мой новы верш, ён сказаў:
— Прапаную яго рэдакцыі райгазеты.
А тыдні праз два ў газеце «Шлях калектывізацыі” быў надрукаваны мой новы верш. Ён прысвячаўся Янку Купале і пачынаўся страфой:
Ты сонца, ты зорка,
Што ў небе заззяла,
Ты радасць народаў –
Наш Янка Купала.»
У 1937–1941 гадах Іван Сіняўскі – студэнт літаратурнага факультэта Мінскага педінстытута, удзельнічаў у літаратурным гуртку.
З аўтабіяграфіі Івана Сіняўскага: «Гэта былі гады творчага натхнення, ідэйнага і адукацыйнага росту, гады радасці і нягод. Тут сур’ёзна пачаў займацца літаратурай. Літаратурны гурток у тыя гады наведвалі студэнты Іван Грамовіч, Мікола Лупсякоў, Мікола Аўрамчык, Вера Палтаран, Аляксей Коршак і шмат іншых, якія потым сталі пісьменнікамі. У жніўні 1940 года газета «Літаратура і мастацтва” змясціла маё апавяданне «Шафа”. У хуткім часе меркаваў надрукаваць яшчэ некалькі апавяданняў, але…”
Пачалася вайна.
З творчай аўтабіяграфіі Івана Сіняўскага: «25 чэрвеня 1941 года мы, студэнты-выпускнікі, павінны былі здаваць aпошні дзяржаўны экзамен па педагогіцы. Экзамен не адбыўся. Наляцеў нямецкі самалёт i скінуў бомбу на вучэбны корпус. Мы, хлопцы, пайшлі ў ваенкамат, каб стаць на абарону Айчыны са зброяй у руках. Але там ужо ішла поўным ходам эвакуацыя, i нам сказалі ісці ў Барысаў. Больш за два тыдні давялося дабірацца з Мінска да paкі Бярэзіны. Гэта быў шлях пакут i жахаў. Тысячы людзей ішлі і ехалі на ўсход. Старыя, жанчыны, дзеці. Дзеці неслі дзяцей. Ішлі цяжка параненыя i хворыя, iшлі стомленыя, абяссіленыя. Ішлі глухімі, нябойкімі дарогамі, бо па магістралі Масква – Mінск паўзла ўжо фашысцкая apмія. Людзі стараліся трымацца як найдалей ад магістралі, каб не чуць скрыптанне танкаў, каб не так быць на віду ў фашысцкіх сцярвятнікаў, якія ад цямна і да цямна пасыпалі дарогі кулямётнымі чэргамі, бамбілі фугаскамі”.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Іван Сіняўскі жыў у бацькоў у вёсцы, працаваў па гаспадарцы. З лета 1942 года быў партызанскім сувязным, у 1943–1944 гадах – партызан атрада імя В. Чкалава брыгады «Смерць фашызму». Прымаў удзел у дыверсіях на дарогах Лагойск – Зембін – Бягомль – Плешчаніцы, удзельнічаў у баявых аперацыях.
Пасля вызвалення Беларусі нейкі час працаваў інспектарам Смалявіцкага раённага аддзела народнай адукацыі, затым быў прызваны ў дзеючую Савецкую армію. Удзельнічаў у баях за вызваленне Варшавы, ва Усходняй Прусіі і Памераніі, у фарсіраванні Одэра, ва ўзяцці Берліна. За мужнасць у баях з ворагам быў узнагароджаны ордэнам Славы трэцяй ступені, медалямі.
У 1945 годзе Іван Іванавіч быў дэмабілізаваны. Працаваў дырэктарам Жажэлкаўскай сямігадовай школы, з 1953 года – выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў гэтай жа школе. З 1979 года — на творчай працы.
Іван Сіняўскі з’яўляецца аўтарам зборнікаў апавяданняў «У навальніцу», «Новая школа», «Піянерскі гальштук». Ён таксама выдаў кнігі прозы «А вяселля не было», «Ой, рэчанька, рэчанька…» (1962), «Дабрадзейка», «На правым флангу», «Марка», «Вернасць», «Зараніца» (1971), зборнік апавяданняў «Ахвяры кахання» (1999), раман «Вярыгі» (2001) і іншыя.
У творах Івана Сіняўскага на першым плане былі тыя праблемы, што хвалявалі людзей, краіну, тагачасную вёску. У рамане «Дарога на Замлынне» асэнсоўваўся подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Аповесць «На правым флангу» прысвечана нашаму земляку з Жодзіна Герою Савецкага Саюза Пятру Купрыянаву. У лірычнай аповесці «Сінія ночы» расказвалася пра вёску напярэдадні калектывізацыі, аб адданасці селяніна зямлі (усё гэта перададзена праз успрыманне васьмігадовага хлопчыка). Апавяданні і аповесці І. Сіняўскага вызначаюцца глыбокім веданнем жыцця вясковых дзяцей, іх псіхалогіі, мастацкім даследваннем станаўлення характару школьнікаў.
У 1959 годзе Іван Іванавіч быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў.
На працягу многіх гадоў Іван Сіняўскі плённа супрацоўнічаў з рэдакціяй раённай газеты «Край смалявіцкі”. На яе старонках друкаваліся апавяданні і ўрыўкі з многіх аповесцей і рамана «Вярыгі”. Менавіта жыхары раёна былі першымі крытыкамі новых твораў свайго знакамітага земляка, пры сустрэчах у рэдакцыі ці па тэлефоне маглі падзяліцца з ім сваімі ўражаннямі, нешта падказаць, бо многія творы Сіняўскага пабудаваны на мясцовым матэрыяле. Акрамя таго, у газеце друкаваліся нарысы і замалёўкі пісьменніка пра многіх выдатных працаўнікоў Беларускага аўтазавода і горада Жодзіна, дзе ў апошнія гады ён жыў. Іван Іванавіч прымаў актыўны ўдзел у стварэнні дакументальнай кнігі-хронікі «Памяць. Смалявіцкі раён і г. Жодзіна”.
Памёр пісьменнік 15.09.2001 года.
Вось невялічкі ўрывак з рамана «Дарога на Замлынне»:
«… Матчына сэрца! Колькі яно можа ўмясціць і вытрымаць! Яно ўмее любіць і ненавідзець, прабачаць і быць у вялікім гневе, умее радавацца, захапляцца, цярпець крыўду і абразу, чакаць і непакоіцца бясконца доўга. Колькі за свой век перамлее, перакалоціцца! Здаецца, жалеза і тое не вытрымала б, пагнулася, узялося ржой, стала б ні да чаго не здатным. А сэрца маці з гадамі мацнее і вечна бывае маладым, чуллівым, пяшчотным. Хвала і слава табе, матчына сэрца!”.
Аляксандр МАРОЗАЎ, метадыст аддзела маркетынгу Смалявіцкай раённай бібліятэкі.
Информацию читайте в номере 139 – 142 от 21.06.2014 г.