This slideshow requires Adobe Flash Player 9.0 (or higher). JavaScript must be enabled.
Чатырнаццаць гадоў працуе поварам у сталовай РДУП “Шыпяны – АСК” Людміла Міхайлаўна Толкач. Працаўладкавалася сюды ў 1996 годзе выпускніцай ПТВ – 204 г.Смалявічы, а зараз мае ўжо чацвёрты поварскі разрад. Увесь гэты час працуе на адным месцы — у сталоўцы ў Алесіне.
Падчас жніва гатуе Людміла Міхайлаўна для механізатараў, занятых на ўборцы. Стравы, на першы погляд, простыя, — расольнік, гуляш, грэчка, — але дужа смачныя ды наварыстыя. Хлебаробаў у гарачую пару кормяць двойчы. У дванаццаць гадзін — абед, у шэсць — вячэра. З дастаўкай ежы на месца працы, бо кожная хвілінка ў камбайнера на вагу золата. Пры гэтым, аплочваюць камбайнеры ды вадзіцелі толькі трыццаць працэнтаў ад кошту прыгатаванага.
— Гатую, як для сваёй сям’і, як для родных, — кажа майстар кухарскай справы.
Ні сям’я, — муж Уладзімір Уладзіміравіч, які, дарэчы, таксама працуе на прадпрыемстве майстрам-наладчыкам, сямікласнік Ваня і трэцякласніца Насцечка, — ні механізатары на апетыт не скардзяцца. Наадварот, нахвальваюць прыгатаванае, яшчэ і дабаўкі просяць.
Толькі станоўча характарызуюць повара з чатырнаццацігадовым стажам намеснік дырэктара РДУП “Шыпяны – АСК” па ідэалагічнай рабоце Ніна Аркадзьеўна Карась і загадчыца сталовай Людміла Уладзіміраўна Дулеба. Яны ў адзін голас адзначаюць стараннасць, акуратнасць, высокі прафесіяналізм Людмілы Міхайлаўны Толкач.
Уладзімір МІХАЙЛОЎСКІ.
На здымку: Л.М.Толкач.
Фота Аляксандра ВАЛАДЗЬКО.