Па стану на 25 красавіка сяўба яравых зерневых і зернебабовых на Смалявіччыне завершана на 98 працэнтаў. Лідзіруюць па тэмпах сяўбы такія гаспадаркі, як РДУП “ЖодзінаАграПлемЭліта (97,1 працэнта), АССП “Першамайскі” ААТ “БелАЗ” (93,6 працэнта).
А самымі першымі ў раёне справіліся земляробы ПСУП “Азярыцкі-Агра”, якія выканалі заданне па сяўбе яравых зерневых і зернебабовых на 116 працэнтаў. Тут пасеялі 218 гектараў пшаніцы, 566 гектараў ячменю, 60 гектараў аўса, 179 гектараў зернебабовых. Акрамя гэтага, прыйшлося перасеяць 279 гектараў зерневых, што загінулі з-за неспрыяльных умоў зімоўкі. Гаспадарка, якая спецыялізуецца на вырошчванні гародніны, пасеяла ўжо і 20 гектараў морквы.
Але, як паведаміў намеснік дырэктара ПСУП “Азярыцкі-Агра” Іван Антонавіч Лойка, клопатаў яшчэ шмат. Да серады, калі газета трапіць да чытача, у ПСУП “Азярыцкі-Агра” ўжо павінны будуць сеяць капусту ўласнай расадай, сталовыя буракі, кукурузу, саджаць бульбу. На сяўбе гэтых культур таксама не павінна быць прамаруджвання. У гэтым годзе гаспадарка прыдбала новыя грэбнеўтваральнікі і саджалку айчыннай вытворчасці; спатрэбіцца і трактар, што падарыў старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Барыс Васільевіч Батура дырэктару сельгаспрадпрыемства Ніне Вікенцьеўне Жалязновай на 8-е Сакавіка.
Тым часам, перадавы механізатар лідзіруючай гаспадаркі Уладзімір Уладзіміравіч Дрозд працягвае сяўбу сумесі аднагадовых культур. Ад пачатку веснавой сельскагаспадарчай кампаніі да нашай з ім сустрэчы ў панядзелак ранкам, ён ужо паспеў засеяць больш за 600 гектараў. І спыняцца на гэтым не збіраецца. Ёсць сіла, ёсць амаль што трыццацігадовы механізатарскі вопыт, ёсць выдатная спраўная тэхніка… “Можа, усё ж такі чаго-небудзь ды не хапае?” — пытаемся ў перадавіка.
— Хіба што, дожджыка. Просіць зямля вадзіцы, — падумаўшы, адказвае Уладзімір Уладзіміравіч.
Так заўжды было — сярод усяго мноства сялянскіх клопатаў і турбот, самым галоўным было спадзяванне на тое, што паспрыяе цяжкай працы і прырода.
Уладзімір МІХАЙЛОЎСКІ.
На здымку: У.У.Дрозд.
Фота Аляксандра ВАЛАДЗЬКО.
Информацию читайте в номере 93 – 94 от 27.04.2011 г.