Тут я нарадзілася, тут прайшло маё дзяцінства, юнацтва… Тут рабіла я першыя крокі на сваім доўгім працоўным шляху. Тут пахаваныя мае бацькі. І кожная вёска ў той час яшчэ Прылепскага сельсавета родная мне. З імі звязана літаральна ўсё маё жыццё.
Некалі адзіная вёсачка Ляды была без элекрычнасці, іншыя асвятліся мясцовай электрастанцыяй, што месцілася ў вёсцы Кудрышчына на рацэ Усяжа. Не было ў вёсцы і вады. Па яе даводзілася хадзіць з каромысламі ў вёску Біляны (у напрамку Раўбіч) і ў Прылепы. Наша сядзіба з вялікім садам у вёсцы была, бадай, адной з самых прыгожых. Агародчык быў увесь у кветках, кветкі на вокнах, а вуліцу ля хаты ўпрыгожвалі дрэвы: ліпы, клёны… Вясной мы збіралі кляновы сок, а летам дыхалі водарам ліпавых кветак. Было ў нас шмат вулляў з пчоламі. Выхоўвалася я без бацькі. Ён памёр, калі я, дзесятая ў бацькоў, яшчэ толькі пайшла ў школу. Мае браты ды сёстры ўжо былі дарослыя, жылі самастойна. Дзяцінства было цяжкае, але цікавае. Дапамагаць маці па гаспадарцы даводзілася з дзесяці гадоў: пасвіць карову, збіраць грыбы, ягады. У калгасе дапамагала маці даглядаць адведзеныя ёй надзелы. Няньчыць пляменнікаў таксама даводзілася вельмі часта.
Насупраць нашай хаты – выган. Якое раздолле! Тут пасвіліся свінні, калгасныя коні, авечкі. А побач – узгоркі, дзе мы каталіся на лыжах і санях узімку. За вёскаю – луг, дзе малымі збіралі мы шчаўе.
На вясковых вечарынах, вяселлях збіралася моладзь з усіх навакольных вёсак. І амаль кожны раз мая матуля – Вольга Кузьмінічна дазваляла збірацца моладзі ў нашай хаце, згаджалася на паказы фільмаў, якія прывозілі ў вёску “перасоўкай”.
Пазней каля вёскі размясцілася вайсковая часць, якая паўплывала на лёс шматлікіх маіх аднавяскоўцаў. Некаторыя тут працавалі, некаторыя знаходзілі сваіх нарачоных, як, напрыклад, мая сястра… А ў нашай хаце ў агульным з намі пакоі жыла сям’я вайскоўца звыштэрміновай службы.
У школу я хадзіла пешшу за тры кіламетры ў вёску Прылепы. Зімы ў тую пару былі снежныя і марозныя, таму асабліва цяжка было дабірацца ў школу праз снежныя сумёты ўзімку. Вёска Прылепы была цэнтральнай сядзібай калгаса імя Леніна, і здавалася, што там усё самае лепшае. Да цяперашняга часу маё сэрца перапаўняецца гонарам, калі я наведваю гэтую вёску. Якое тут было возера! Увесну, у час адлігі і паводкі на рацэ Усяжа, ні з якой навакольнай вёскі немагчыма было дабрацца да школы. Пасля меліярацыйных распрацовак няма ўжо больш такіх разліваў, і луга за вёскай Ляды, дзе мы збіралі шчаўе. Не стала і вёскі Карпілаўка, праз якую я хадзіла ў пачатковую Дуброўскую школу. На месцы гэтай вёскі цяпер вялікае Дуброўскае вадасховішча. Таму многія адзначаюць і цяпер, што Прылепы – Швейцарыя на Смалявіччыне – такія прыгожыя ля гэтай вёскі мясціны. І дзякуючы гэтаму хараству пасяляюцца тут назаўжды людзі.
ШКОЛА
Спачатку яна мясцілася ў пяці хатках на схіле высокай гары, на палогай вяршыні якой некалі была царква. Памятаецца, як “каціліся” мы, вучні, з гэтай гары, калі звінеў званок з урока. А ўсюды навокал расла чаромха.
Аднойчы, як кажуць, прыйшло свята на нашу вуліцу: у Прылепах пачалі будаваць новы двухпавярховы школьны будынак. Ён існуе і цяпер. Колькі радасці было тады ва ўсіх! Пасля заняткаў мы, вучні, памагалі будаваць школу: ланцужком станавіліся ды й перадавалі цэглу з рук у рукі будаўнікам. Калі будоўля завяршылася, у 1959 годзе, радасці нашай не было межаў! Светлыя, прасторныя класы натхнялі нас. Пазней мы самі рамантавалі іх, даглядалі прышкольны ўчастак. Мае аднакласнікі ў адзінаццатым класе працавалі ў школьнай качагарцы, адна дзяўчынка працавала ў школьнай лабараторыі, а я – у бібліятэцы. Была ў школе і вытворчая брыгада. Некалькі гектараў было ў яе карыстанні, і кожны са страшакласнікаў меў дзялянку. Вырошчвалі кукурузу, буракі. Акрамя працы ў вытворчай брыгадзе, дапамагалі калгасу капаць бульбу і нават выкідваць гной на фермах. А потым восенню ладзілі Свята ўраджаю, выязджалі на злёты вытворчых брыгад у раён, вобласць… Я і сёння захоўваю напамінак пра той час – занатоўнік, які атрымала на адным з такіх злётаў. У ім занатаваны вершы, у тым ліку і мае ўласныя.
Школьныя вечарыны (у асноўным у выглядзе дыспутаў), турыстычныя паходы, спартыўныя спаборніцтвы, канцэрты, радыёгазеты, агітбрыгады… Пра гэта ніколі нельга забыцца. Ды і ўдзельнічала я практычна ва ўсіх справах школы.
Школа па-сапраўднаму рыхтавала нас да жыцця. Кожны з нас нават стаў трактарыстам трэцяга класу, аб чым нагадвае мой атэстат сталасці. Уручалі атэстаты ў Прылепскім клубе ў прысутнасці вяскоўцаў. Мы – выпускнікі-дзяўчаты – усе былі ў белых сукенках з паркалю і штапелю.
ПАСЛЯ ЗАКАНЧЭННЯ
Школьная загартаванасць дала знак і ў далейшым маім жыцці. Праз яе я здольная да любой працы – і малатку, і рыдлёўцы дам рады. А спяваць, танчыць, маляваць ды шыць – пагатоў. Тры гады працавала я ў роднай школе піянерважатай. Горны, барабаны… Як мне падабалася гэтая творчая праца ў межах патрабавання часу! Я не саромелася насіць піянерскі гальштук і ў больш сталым ўзросце. Разам з калектывам настаўнікаў, акцябрат, піянераў і камсамольцаў чым толькі не даводзілася займацца! Збіраліся разам і запальвалі на вяршыні гары – балазе, відаць з яе было ўсю вёску – “піянерскае вогнішча”. Школьная піянерская дружына змагалася за права насіць імя П.Купрыянава, а класныя піянерскія атрады – за імя якога-небудзь героя на выбар. За гэтым стаяла шматгранная праца: збіралі металалом і макулатуру каб зрабіць помнік Пятру Купрыянаву, але потым абмежаваліся толькі яго партрэтам. Доўгі час гэты партрэт упрыгожваў школьны калідор. Разам з вучнямі наведвалі школу ў горадзе Жодзіна, дзе вучыўся герой, сустракаліся з яго маці і настаўніцай. Хадзілі ў паход на радзіму М.Казея – вёску Станькава. Наведвалі возера Нарач і іншыя цудоўныя мясціны. Адна дзяўчынка з нашай піянерскай дружыны – Галіна Барткевіч – была ўзнагароджана пуцёўкай у піянерскі лагер “Артэк”, а я пасля працы ў раённым цэнтры ў Лагоскім раёне ў той жа год была ўзнагароджана паездкай на ВДНГ у Маскву.
Ёсць у Прылепах брацкая магіла. У часы майго юнацтва быў на ёй невялічкі помнік, на якім было толькі восем прозвішчаў. Распачалі пошукавую працу: сталі пісаць лісты ў розныя куткі краіны. Якая была радасць, калі прыйшоў першы адказ ад брата аднаго з пахаваных. Пошук доўжыўся і пасля маёй працы ў школе. Зараз на брацкай магіле – два вялікія помнікі і імёны ўсіх пахаваных. Не аднойчы нашчадкі загінуўшых прыязджалі ў Прылепы і дзякавалі настаўнікам і вучням за тое, што цяпер ведаюць месца апошняга прытулку сваіх бацькоў і дзядоў. Збіралі мы звесткі аб усіх удзельніках Вялікай Айчынай вайны з навакольных вёсак. Цімураўцы аказвалі пасільную дапамогу ім, іх сем’ям. Ладзілі нават маленькія канцэрты на даму ў сталых людзей. У кожнага атрада была свая зона дзеяння. Усе састарэлыя людзі ў акрузе былі ўзяты на ўлік. Да гэтай справы падыходзілі з сумленнем і адказнасцю. Трымалі адказ за такую працу на савеце дружыны і школьных лінейках. Уся праца адлюстроўвалася на так званай “карце зоны піянерскай дзейнасці”.
На адным з суботнікаў мы пасадзілі парк каля школы. На кожным дрэўцы была таблічка з імем героя, у гонар якога яно пасадажана. Зараз парк – вялікі, і з’яўляецца, бадай, адным з лепшых упрыгожванняў вёскі.
Настаўнікі вельмі цесна супрацоўнічалі з калектывам медыкаў мясцовай амбулаторыі. Колькі сумесных вечарын і канцэртаў было праведзена, колькі дыспутаў ды конкурсаў! У 60-я гады мінулага стагоддзя Прылепская сярэдняя школа не сыходзіла са старонак раённай газеты. Сама я займалася ў школе рабселькораў і дасылала ў газету матэрыялы аб шматлікіх школьных справах.
Большасці на- стаўнікаў, якія адчынілі мне дзверы ў вялікі свет, з якімі давялося працаваць і якія назаўсёды звязалі лёс з маёй малой радзімай, ужо даўно няма. Але яны назаўсёды ў маім сэрцы. Не стала Міхаіла Яфімавіча Агеенкі. Адносна нядаўна пайшла з жыцця дырэктар школы, заслужаная настаўніца БССР Таццяна Сяргееўна Агеенка. Няма ўжо жывых Алімпіяды Канстанці- наўны Ляшкевіч. Амаль год таму на 88-м годзе жыцця не стала Дар’і Цімафееўны Абмётка. Неўзабаве і традыцыйны вечар сустрэчы выпускнікоў. І чарговы юбілей – 55 гадоў, як я скончыла Прылепскую сярэднюю школу. Боль у сэрцы не сціхае, у тым ліку ад таго, што ніколі ўжо ў маім жыцці не будзе тых незабыўных сустрэч. Сціплая хата Дар’і Цімафееўны, што на ўскрайку вёскі Аношкі, заўсёды збірала былых выпускнікоў. Дар’я Цімафееўна была мне родным чалавекам. З ёй можна было пагутарыць, яна выслухоўвала, давала парады, падтрымлівала ў цяжкую гадзіну. Яна дасылала мне сардэчныя, пранікнёныя лісты, калі я жыла ў ГДР і ў іншых мясцінах. Я і цяпер іх перачытваю. А як хораша яна ўкрывала мяне сваёй коўдрай, калі даводзілася начаваць у яе. Яна і ў лячэбніцы мяне наведвала, як сваё дзіця. Засталіся ў памяці яе сямейныя святы з удзелам калег-настаўнікаў і родных. Колькі тут было цікавага! Адным словам, зачаравала ўсіх сваёй знешнасцю, манерай весці ўрок. Яе нельга было не любіць. Сваякі пахаваных у брацкай магіле ў вёсцы Прылепы заўсёды харчаваліся і начавалі ў сціплай хаце Дар’і Цімафееўны Абмётка. Усіх яна сустракала, як важных гасцей.
Калі ў Прылепскай школе заходзіць размова пра школьнае жыццё мінулых гадоў, абавязкова ўзгадваюць былую выкладчыцу геаграфіі. Гэта яна, не лічачыся з уласным часам, узначальвала разам з іншымі настаўнікамі краязнаўчую работу, вынікам якой стала стварэнне музея. А пазней, калі стала вядома, што астанкі многіх загінуўшых салдат пакояцца ў тых мясцінах, Дар’я Цімафееўна разам з гурткоўцамі, грамадскасцю і відавочцамі пахаванняў праводзілі раскопкі.
Безумоўна, праца гэтага настаўніка адзначана краінай, увекавечана ў матэрыялах музея. Аб усіх яе справах можна расказваць бясконца. У гэтай сувязі я прапаную ўвекавечыць памяць Дар’і Цімафееўны Абмётка, напрыклад назваць школу яе імем. А цяперашняму калектыву настаўнікаў школы мне хацелась бы сказаць наступнае. Памятайце заўсёды былых настаўнікаў і выпускнікоў незалежна ад сацыяльнага і службовага статусу, захоўвайце спадчыну…
* * *
У кожнага чалавека па-рознаму складваецца лёс. І амаль ва ўсіх бываюць узлёты і падзенні – у залежнасці ад жыццёвых абставін. Колькі людзей, столькі і меркаванняў пра адны і тыя ж падзеі, нават пра аднаго і таго ж чалавека… Я заўсёды ўспамінаю словы Дар’і Цімафееўны, што ёсць прымаўка: “О тебе и говорить не стоит”. Безумоўна, не варта гаварыць пра тых, хто ні да чаго не здатны, нічога не робіць.
А пра маю малую радзіму, пра людзей, якія тут жывуць, гаварыць патрэбна, бо ёсць чаму павучыцца ў іх цяперашняму маладому пакаленню. З гэтай мэтай і занатавала я свае думкі-ўспаміны.
Любоў БУЛЫГА.
Фота з архіва аўтара.
Информацию читайте в номере 29-32 от 31.01.2018 г.