Споўнілася роўна год, як з жыцця пайшла таленавіты педагог, сябра вучняў і калег, нераўнадушная жанчына, былая выкладчыца геаграфіі Прылепскай сярэдняй школы Дар’я Цімафееўна Абмётка. Нашчадкам яна пакінула добрыя справы, незабыўныя сустрэчы і значныя вынікі сваёй працы ў Прылепскім краі, дзе яна жыла з маладосці.
Яшчэ ў далёкім 1965, на другім годзе маёй працы, загадчык школьнага аддзела Смалявіцкага РК ЛКСМБ у раённай газеце пісаў: “Ажывілася і прыняла новы змест работа з піянерамі і школьнікамі ў нашым раёне. Разнастайны і цікавы змест набыло піянерскае жыццё ў Прылепскай сярэдняй школе. Калі ў школе заходзіць гутарка пра справы піянерыі, абавязкова расказваюць пра выкладчыцу геаграфіі Дар’ю Цімафееўну Абмётка. Гэта яна, не лічачыся з асабістым часам, узначаліла разам са старшай піянерважатай Любоўю Булыга ўсю краязнаўчую работу, вадзіла школьнікаў у шматлікія паходы па месцах баявой славы… Пад кіраўніцтвам настаўнікаў і важатай піянеры ствараюць летапіс школы, летапіс камсамола свайго сельсавета… Аб гэтым гаварылася на раённым семінары піянерважатых школ, які адбыўся ў Прылепскай сярэдняй школе.”
Так пачалася ў 60-я гады мая сумесная праца з Дар’яй Цімафееўнай у пошукавым напрамку. Дагэтуль настаўніца займалася краязнаўчай работай геаграфічнага напрамку. І першы турысцкі паход яна ажыццявіла да ракі Усяжа, калі я яшчэ вучылася ў старэйшых класах школы. Тады, ў 1959 годзе, у школе быў створаны краязнаўчы куток, куток П.Купрыянава, а пасля – куток баявой славы, які ўвесь час папаўняўся. Безумоўна, калектыў педагогаў нам дапамагаў, але ўся асноўная праца лягла на нашы плечы. Былі ўзяты на ўлік усе ўдзельнікі вайны, ім дапамагалі цімураўцы. Дзеля гэтага піянеры і камсамольцы пабывалі ў кожнай хаце ўсіх вёсак сельсавета, збіраючы звесткі па заданні Савета піянерскай дружыны. А самой мне даводзілася пісаць у розныя куткі краіны, каб здабыць звесткі аб пахаваных вядомых і невядомых у брацкай магіле. І ў 1965 годзе нам першымі пашчасціла знайсці маці і брата старшага сяржанта Валянціна Пятровіча Цымбала, якія жылі ў Жытоміры. На піянерскай лінейцы я з захапленнем зачытвала пісьмо, якое даслала маці сяржанта. Яна пісала: “Вялікі вам мацярынскі дзякуй за клопаты аб памяці пра майго сына і ўсіх змагароў. Прашу вас – саджайце на магіле кветкі, бо мой сын іх вельмі любіў. Я дасылаю вам фотаздымак майго сына. Заўсёды памятайце аб тых, хто аддаў жыццё за ваша шчасце.” Далей маці сяржанта жадала піянерам здароўя і поспехаў у вучобе. У заключэнні яна напісала: “Усіх вас абдымаю і цалую. Падбяру выпадак, каб прыехаць да вас.”
Школьнікі ўшаноўвалі памяць аб загінуўшых і трымалі цесную сувязь з маці сяржанта, а пошукі сваякоў астатніх салдат працягваліся і пасля маёй працы ў школе. Гэтыя клопаты ўзяла на сябе Дар’я Цімафееўна. Пазней высветлілася, што шматлікія загінуўшыя салдаты пакояцца ў навакольных мясцінах. Дар’я Цімафееўна разам з гурткоўцамі, грамадскасцю і відавочцамі пахаванняў удзельнічала ў раскопках і захаванні іх астанкаў ў Прылепах – у брацкую магілу. Пад кіраўніцтвам Дар’і Цімафееўны знойдзены ўсе пахаваныя паблізу Прылеп. Сталі вядомыя ўсе імёны воінаў, якія былі пахаваны ў брацкай магіле раней, у першыя гады пасля вайны. Іх прозвішчы высечаны на вялікім помніку, які ўстанавіў калгас імя Леніна. А побач сельскі Савет устанавіў помнік Маці.
Праведзеная работа дала вынікі, і ў 1968 годзе ў школе з’явіўся музей. Колькі слоў падзякі тады пачулі Дар’я Цімафееўна і іншыя настаўнікі за сваю крапатлівую працу! Колькі лістоў атрымала настаўніца асабіста і школа ад сваякоў загінуўшых! Колькі слёз радасці было на сустрэчах з удзячнымі роднымі! Колькі запрашэнняў ад іх атрымала Дар’я Цімафееўна! Такія лісты працягвалі прыходзіць на працягу ўсяго яе прафесійнага жыцця.
Музей, дарэчы, быў створаны рукамі вучняў і настаўнікаў, імі ж было змайстравана і ўсё абсталяванне для музея. Асабліва тут дапамагаў Міхаіл Яфімавіч Агеенка.
За многія гады калектывам настаўнікаў сумесна з Дар’яй Цімафееўнай была праведзена вялікая работа. Фактычна гэта была праца энтузіястаў. А тое, што многія былыя выпускнікі выбралі прафесію настаўніка геаграфіі, безумоўна, заслуга Дар’і Цімафееўны. Яе любілі, да яе звярталіся за парадай. Яе сціплая хата, што на ўскрайку вёскі Аношкі, часта збірала былых выпускнікоў.
Жыццёвыя абставіны склаліся так, што ў гэтым годзе не толькі гадавіна з таго дня, як нас пакінула Дар’я Цімафееўна, але спаўняецца 55 гадоў з моманту выпуска класа, дзе я вучылася, і кіраўніком якога была Дар’я Цімафееўна. Акрамя таго, спаўняецца 50 гадоў школьнаму краязнаўчаму музею, створанаму з матэрыялаў, сабраных настаўнікамі і вучнямі 60-х гадоў, у тым ліку і з маім удзелам. Усё гэта лягло ў аснову працы, адзначанай дзяржавай: дырэктару школы Таццяне Сяргееўне Агеенка было прысвоена званне “Заслужаная настаўніца БССР”, а Дар’я Цімафееўна Абмётка ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”. Пазней яна атрымала медаль “Ветэран працы” і іншыя ўзнагароды.
Дар’я Цімафееўна заўсёды хвалявалася і клапацілася пра захаванне кожнага музейнага экспаната, памятаючы, як няпроста было пачынаць справу, здабываць розныя звесткі на працягу многіх гадоў. Яна падтрымлівала сувязь з музеем Вялікай Айчыннай вайны, з Рэспубліканскім Цэнтрам турызму і краязнаўства. Захоўваючы, яна адначасова арганізоўвала папаўненне школьнага музея. Ужо ў даволі сталым узросце ёй даводзілася вадзіць школьнікаў у паход, бо фактычна не было каму перадаць музейна-краязнаўчую справу. Некалькі гадоў таму з удзелам супрацоўнікаў Дзяржаўнага музея ВАВ, а таксама спонсараў, школа аднавіла існуючы музей, надаўшы яму больш сучасны выгляд. Ранейшае абсталяванне музея не было захавана, а яно таксама мела гістарычную каштоўнасць. Ніякай інфармацыі пра Дар’ю Цімафееўну Абмётка, на жаль, няма і ў буклеце аб музеі…
Вельмі хацелася б, каб у памяці людской засталіся тыя, звесткі пра каго рупліва збіраліся, а таксама тыя, хто работу па пошуку гэтых звестак праводзіў, узначальваў, працягваў. Ніхто і нішто не павінна быць забыта! Для гэтага і існуюць краязнаўчыя музеі, у тым ліку і ў Прылепскай школе. Таму я прапаноўваю ўвекавечыць памяць аб Дар’і Цімафееўне Абмётка, прысвоіўшы яе імя Прылепскай школе.
Любоў БУЛЫГА.
На здымку: Дар’я Цімафееўна Абмётка.
Здымак з асабістага архіва аўтара.
Информацию читайте в номере 69-72 от 07.03.2018 г.