На Смалявіччыне часта гавораць, што наша галоўнае багацце тут — людзі. Гэта іх рукамі ствараецца дабрабыт, будуецца жыллё, на іх мудрасці выхоўваецца кожнае маладое пакаленне, іх таленты і майстэрства пакідаюць адметны след у жыцці і ўпрыгожваюць родны край.
Адзін з нашых знакамітых землякоў — Ігнат Цімафеевіч Дуброўскі, які вядомы як выдатны грамадскі дзеяч, таленавіты літаратар і вучоны.
Дуброўскі – гэта літаратурны псеўданім творцы, а сапраўднае яго прозвішча Чарняўскі Ігнат Цімафеевіч. Яго малая радзіма – вёска Дуброва, якая раней уваходзіла ў склад Мінскага павета, а потым была далучана да Смалявіцкага раёна. Нарадзіўся Ігнат Цімафеевіч у 1906 годзе ў сялянскай сям’і. Вучыўся хлопец у пачатковай школе. Як усе дзеці таго часу, рана зведаў працу ў сельскай гаспадарцы. А яшчэ рана асірацеў. Яму было ўсяго дванаццаць гадоў, як памерла маці, а праз год, у 1919 годзе, інтэрвенты-белапалякі расстралялі бацьку за ўдзел у рабоце мясцовых органаў савецкай улады.. Закончыўшы сярэднюю школу, юнак уладкаваўся на працу ў вясковы магазін, потым працаваў справаводам у сельсавеце. У канцы дваццатых гадоў быў запрошаны на работу загадчыкам аддзела прапаганды райкома камсамола ў Астрашыцкім Гарадку, потым прызвалі на службу ў рады Чырвонай Арміі.
Пасля армейскай службы ў 1932 годзе Ігнат паступіў на вучобу ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках. Далей вучыўся ў аспірантуры спачатку пры Інстытуце сацыялістычнай рэканструкцыі сельскай гаспадаркі, а пасля пры Усесаюзным інстытуце эканомікі сельскай гаспадаркі ў Маскве. Вярнуўся ў Мінск і да пачатку вайны працаваў загадчыкам сектара аграрных праблем Інстытута эканомікі Акадэміі навук БССР.
Лёс не шкадаваў гэтага чалавека, пасылаў яму новыя і новыя выпрабаванні. У пачатку вайны Ігнат Цімафеевіч быў эвакуіраваны ў Пензу, дзе займаў пасаду начальніка ўпраўлення абласнога зямельнага аддзела. Але ўжо ў канцы лета 1941 года пайшоў на фронт, камандаваў батарэяй, удзельнічаў у баях пад Масквой. Вясной 42-га года быў кантужаны і паранены, у такім стане трапіў у фашысцкі палон. Там, у варожых засценках, стаў адным з арганізатараў падпольных груп, якія вялі прапаганду сярод палонных, каб прадухіліць іх уступленне ў здрадніцкую армію, што фарміравалі фашысты з рускіх палонных. Толькі ў 1945 годзе наш зямляк быў вызвалены савецкімі войскамі з нямецкага канцлагера для палонных афіцэраў ў Франкфурце-на-Майне. Пасля вызвалення многія вязні канцлагера, у тым ліку і Дуброўскі, былі накіраваны ў дзеючую армію.
Пасля дэмабілізацыі Ігнат Дуброўскі вярнуўся на працу ў Інстытут эканомікі Акадэміі навук БССР, загадваў сектарам аграрных праблем і адначасова быў кансультантам Беларускага павільёна Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі ў Маскве, дзе працаваў да 1976 года.
І ваенны, і працоўны шлях Ігната Цімафеевіча адзначаны многімі ўрадавымі ўзнагародамі: ордэнамі Айчыннай вайны другой ступені, “Дружбы народаў”, “Знак Пашаны”, медалямі і трыма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР і іншымі знакамі працоўнай доблесці.
А паралельна са сваёй асноўнай работай Ігнат Дуброўскі пастаянна займаўся літаратурнай творчасцю. Вершы ён пачаў пісаць яшчэ ў дваццатыя гады, пазней былі надрукаваны аповесці, апавяданні, кнігі нарысаў на актуальныя тэмы – праблемы вёскі, меліярацыя Палесся, вытворчыя і культурныя пытанні побыту горада і вёскі, аховы прыроды і іншыя. Вядомы літаратурныя творы Дуброўскага “Красна хата не толькі пірагамі”, “Гамоніць Палессе”, кнігі нарысаў “На новыя кругі”, “Час сеяць і час жаць”, “Да долі чалавечай”, апавяданні “Паўз самыя вокны”, “Радня” і многія іншыя.
Ігнат Дуброўскі быў адным з першых літаратараў, хто звярнуўся да тэмы сельскага будаўніцтва ўжо з поглядам у будучыню. Пяру творцы належыць матэрыял аб ідэі пабудовы пасёлка Азярыцкая Слабада ў Смалявіцкім раёне, аўтарам праекта якога стаў архітэктар Алег Рыгоравіч Трафімчук.
“Мы ходзім па будучым пасёлку, — распавядае аўтар. — Алег Рыгоравіч знаёміць мяне з планам забудовы на мясцовасці.
— Цяпер мы бачылі, як забудоўваецца пасёлак. На поўначы і паўночным захадзе, туды пад магістраль, будзе жылая зона двухпавярховых дамоў. Яны пераважна грамадскага калгаснага жылфонду. Дарэчы, жыллё і вытворчае будаўніцтва ідзе за кошт калгаса імя Арджанікідзе. Слабада – цэнтр гэтага калгаса. Па поўдзень ад цэнтра – жылая зона прыватных аднасямейных дамоў з прысядзібнымі ўчасткамі, гаспадарчымі будынкамі. Дзве вуліцы паралельна. З усходу на захад. А вось гэтая лінія, па якой мы зараз ідзём, — бульвар. З прысадамі, клумбамі, скульптурай… У канцы бульвара будзе зона адпачынку, азярцо, пляж, лодачная станцыя, непадалёк – стадыён, спартыўныя пляцоўкі. Усходняя частка пасёлка абмяжоўваецца дарогай у аэрапорт, які будуецца пад Смалявічамі.. На ўскраіне паўднёвай часткі пасёлка будуецца кацельня і цяплічны камбінат, на паўднёва-заходняй – малочны комплекс…
Мне добра ўяўляецца, як будзе выглядаць пасёлак Слабада на тры тысячы двесце жыхароў або дзвяцьсот сямей”.
Наш знакаміты зямляк Ігнат Цімафеевіч Дуброўскі — кандыдат сельскагаспадарчых навук, заслужаны работнік культуры Беларусі, празаік, нарысіст, вучоны. Ён пакінуў не толькі сваёй малой радзіме, але і ўсёй краіне багатую навуковую і культурную спадчыну, літаратурныя творы, якія адлюстроўваюць падзеі і факты свайго часу, задумы і меркаванні. Мудрае слова вучонага, творцы і сёння знаходзіць жывы водгук у нашчадкаў.
Э.ПАТАПЧЫК.
Фота з архіва.
Информацию читайте в № 157-160 от 30.05.2018 г.