Вось і закончыўся самы цікавы і любімы для дашкалят летне-аздараўленчы перыяд у дзяржаўнай установе адукацыі “Азярыцка-Слабадскі дзіцячы сад”. Сонечнае і даждлівае, вясёлковае і пахмурнае лета дарыла дзецям мноства цікавых момантаў : святы і забавы, конкурсы і віктарыны, гульні з пяском і вадой, тэатральныя пастаноўкі, асваенне сцяжынкі здароўя, экалагічныя доследы.
Але найбольш падабаліся дзецям прагулкі-паходы, якія сістэматычна праводзіліся на працягу ўсяго лета. Цікавыя маршруты распрацаваны намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці С.К.Навіцкай, таксама складзены і зацверджаны графікі іх правядзення. Выхавацелі валодаюць методыкай правядзення прагулак-паходаў, забяспечваюць бяспеку выхаванцаў.
Традыцыйна самы першы і інтрыгуючы паход – турыстычны. Дзеці адпраўляюцца пешам у лес за вёску Сасновая. Па дарозе разглядаюць поле з пшаніцай, квітнеючай бульбай, заўважаюць, якая прыгожая вёска з сучаснымі дамамі, кветнікамі вакол іх. А лес сустракае мноствам пахучых траў, кветак, дрэў разных парод. Дзяцей чакае цуда-дрэва з рознымі сюрпрызікамі-сакрэтамі, запрашае ў госці Лесавічок, які ахоўвае лясное багацце, лясная пасека зачароўвае і дае магчымасць паназіраць за працалюбствам пчолак. Вось дзе сапраўдная асалода яднання з прыродай, выхаванне цікавасці і беражлівасці да нашай малой радзімы.
Маршрут “Да вадаёму” – адзін з любімых для дашкалят, таму што дапамагае дзецям замацаваць веды аб раслінах вадаёма, вадаплаваючых птушках. Колькі захаплення выклікае назіранне за мамай-качкай і дружнымі качаняткамі!
Шмат цікавага пра флору і фаўну даведаліся выхаванцы на прагулках-паходах “У госці да дуба”, “У парк за цішынёй”, “На лузе” і іншых. З захапленнем разглядалі дзеці лісточкі, кветачкі, параўноўвалі дрэвы, іх плады. Пасля кожнай пешай прагулкі дзеці былі на столькі ўражаны, што ім хацелася адразу ж маляваць, ляпіць, канструяваць, складаць маленькія апавяданні аб убачаным.
Уразіў і запомніўся дзецям маршрут “Веліч Кургана Славы”, які адбыўся напярэдадні Дня Незалежнасці. Выхавацелі Л.А.Савіцкая, Н.Р.Чыркун у даступнай форме расказалі аб значэнні помніка, аб яго непаўторнай гісторыі. Пасля гэтага маленькія сэрцы напоўніліся гонарам за мужнасць нашых людзей, за нашу Айчыну. Выхоўваючы ў дзецей любоў да роднай краіны, да сваёй малой радзімы, педагогі ўпэўнены, што яны будуць берагчы і захоўваць традыцыі і нацыянальныя каштоўнасці роднага краю.
Н. Р.ЧЫРКУН, выхавацель дашкольнай адукацыі.