У 16-18 стагоддзях на тэрыторыі сучаснай Беларусі налічвалася больш за 300 мястэчак. У шэрагу гэтых паселішчаў былі і нашы старажытныя Смалявічы.

Навукоўцы адшукалі дакумент, датаваны 1448 годам, у якім упершыню ўзгадваецца назва “Смалявічы”. Як мы разумеем, узгадваецца тое паселішча, якое ўжо існавала ва ўпамянуты год. Таму нам застаецца спадзявацца, што знойдуцца сведчанні (доказы) таго, што горад наш старэйшы, чым прынята лічыць.

Пакуль жа 1448 стаў пачатковай вехай, пунктам адліку доўгай 570-гадовай гісторыі нашага раённага цэнтра.

Сёння мы добра ведаем і з гонарам заяўляем аб тым, што ў нашых Смалявічаў ёсць свая багатая старажытная гісторыя, якую неверагодна цікава вывучаць і распавядаць гасцям горада. Але шкада толькі, што аповед прыйдзецца суправаджаць словамі “на гэтым месцы калісьці было…” Бо час нічога не пашкадаваў з гістарычных пабудоў і помнікаў даўніны.

А гэта значыць, што ўсім неабыякавым да гісторыі сваёй малой радзімы, прыйдзецца яшчэ доўга адшукваць і адкрываць гістарычныя таямніцы нашых старажытных Смалявічаў, і што новыя адкрыцці, якія тычацца нашага райцэнтра, будуць радаваць, і мажліва, здзіўляць нас.

Гаворку пра Смалявічы мы заўсёды пачынаем з упамінання прозвішча Радзівіл. І гэта нездарма, бо Радзівілы і Смалявічы былі цесна знітаваны на працягу больш за трох стагоддзяў. Таму невыпадкова і на гербе Смалявічаў прысутнічае знак радзівілаўскага роду. Дарэчы, як сцвярджаюць навукоўцы- лінгвісты, прозвішча Радзівіл мае багатыя карэнні і азначае “кемлівы”.

Эпоха праўлення на смалявіцкіх землях гэтага магутнага і багацейшага роду не толькі ў Вялікім Княстве Літоўскім, але і ва ўсёй Еўропе, пачалася з 1586 года, калі гетман ВКЛ і стараста Барысаўскі Крыштаф Радзівіл стаў уладаром мястэчка.

Наступным гаспадаром нашых зямель становіцца Багуслаў Радзівіл. Архіўная крыніца, а менавіта “Інвентар маёнтка Смалявічы за 1643 год” гаворыць аб тым, што гэты правіцель у 1643 годзе вырашыў на ўскрайку сваіх смалявіцкіх уладанняў пабудаваць новае паселішча. Спачатку яно мела назву Багуслаў Поле, у гонар гаспадара, а потым — Жодзіна Слабада, ад назвы рэчкі Жодзінкі. Сёння — гэта сусветна вядомы прамысловы горад Жодзіна. (Дарэчы, у 2008 годзе ў Жодіне на вуліцы Багуслаў Поле каля рэчкі Жодзінкі пабудаваны памятны комплекс з макетамі  вадзянога млына, драўлянай хаты, хлева, калодзежа-жураўля. Комплекс сімвалізуе пачатак гістарычнага заснавання горада  — ад. рэд.).

Багуслаў Радзівіл увайшоў у гісторыю як шматгранная постаць. Перш за ўсё гэта быў ваенны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ.  Ён меў  бліскучую адукацыю, валодаў некалькімі замежнымі мовамі: галандскай, нямецкай, французкай, польскай, ведаў латынь. Трэба дадаць, што ў Багуслава Радзівіла было яшчэ адно захапленне: ён рабіў замалёўкі панарам беларускіх гарадоў і мястэчак, эскізы і чарцяжы адметных пабудоў і прыцягальных для яго мясцін.

Хочацца спадзявацца, што ў архівах захоўваецца што-небудзь са шматлікіх твораў гэтага знакамітага чалавека. Можа нават знойдуцца лісты з выявамі мястэчка Смалявічы той далёкай пары.

Вядома, што Радзівілы мелі свае архівы і сваіх біёграфаў не толькі ў Нясвіжы — галоўнай рэзідэнцыі, але і ў сваіх дробных уладаннях, да якіх адносіліся і Смалявічы. Думаю, што дзякуючы радзівілаўскім архівістам і мне пашчасціла натрапіць на дакумент, у якім гаворка ідзе пра будаўніцтва дома эканоміі ў Смалявічах у 1826-1827 гадах. З дакумента вядома, што ініцыятарам гэтай будоўлі была Стэфанія Радзівіл і вылучыла для гэтай мэты 400 рублёў срэбрам. А пан Шалкоўскі, тагачасны ўпраўляючы маёнткам Смалявічы, узяў на сябе абавязак узвядзення гэтай пабудовы.

Разглядаючы малюнак-выяву гэтага збудавання, мы, сучасныя людзі, нічога дзіўнага ў ім не ўбачым. Сёння ў многіх з нас нават на дачных участках стаяць дамы больш прыгожыя. Але разам з тым, гэты дом уяўляе для нас цікавасць з многіх пунктаў гледжання. Па-першае, ён дае магчымасць пазнаёміцца з архітэктурнымі збудаваннямі  мястэчка ў пачатку 19 стагоддзя, і адначасова мы можам разглядаць яго як прывітанене нам, сённяшнім жыхарам, ад жыхароў 1826 года. Менавіта ў гэтым годзе пачалося ўзвядзенне гэтага будынка.

Вельмі важным фактам з’яўляецца тое, што да гэтага малюнка падаецца спіс майстроў, якія былі задзейнічаны на ўзвядзенні пабудовы. Гэта былі сяляне з навакольных вёсак Мікалаевічы, Пліса, Пятровічы, Слабада, Забалацце, Залужжа, Дзінараўка, Жодзіна і з саміх Смалявічаў. Зацікаўленыя людзі могуць сустрэць у гэтым вялікім спісе імёны  і прозвішчы сваіх далёкіх таленавітых продкаў.

Няма сумненняў,  што на гэтую важную будоўлю былі запрошаны самыя лепшыя майстры. Выконваючы такую адказную працу для Радзівілаў, яны яшчэ больш удасканальвалі  сваё майстэрства.

Можна толькі ўявіць, як нашы продкі прыязджалі ў Смалявічы і з захапленнем пазіралі на гэты дом, які меў у даўжыню 42 аршыны (1 аршын — 0,711 метра), а ў шырыню 24 аршыны і налічваў аж 19 вакон і 8 вялікіх пакояў. Гэтае збудаванне было для іх сапраўдным архітэктурным цудам.

Ланцужок асоб, якія спрыялі ўзвышэнню і ўзмацненню Смалявічаў, працягвае граф Леў Пятровіч Вітгенштэйн. У 1828 годзе ён пабраўся шлюбам са Стэфаніяй Радзівіл, адзінай дачкой Дамініка Радзівіла, і да яго перайшлі смалявіцкія землі.

Можна сцвярджаць, што нашаму мястэчку пашчасціла, калі ім стаў валодаць гэты гаспадар. У 1839 годзе тут будуецца лесапільны завод. Крыху пазней з’яўляецца шкіпідарны, пра які ў кнізе “Очерки Белоруссии”, выдадзенай у 1876 годзе, пісалі, што прадукцыі ён выпускае на 1 тысячу 600 рублёў у год і што збываецца яна на мясцовым рынку. Але пасля адкрыцця ў 1871 годзе чыгуначнай станцыі, якая атрымала назву “Вітгенштэйнская” у гонар гаспадара, многія мясцовыя тавары пачалі вывозіцца за мяжу. З гэтага часу мястэчка расло, мацнела эканамічна, бо тут паступова з’яўляліся прамысловыя прадпрыемствы, і адначасова набывала вядомасць.

Аб складзе насельніцтва маёнтка Смалявічы падчас праўлення Л.П.Вітгенштэйна ў адным з радзівілаўскіх дакументах за 1861 год сказана наступнае: “Смалявічы населены сялянамі і яўрэямі. Плацяжы аброчных смалявіцкіх сялян нічым не адрозніваюцца ад плацяжоў сялян вясковых. Яўрэі лічацца часовымі арандатарамі без якога-небудзь паслаблення ў плацяжах”.

Звычайна гаспадары, якія мелі мноства маёнткаў і вялікія абшары зямлі, здавалі іх  у арэнду. Так было і са смалявіцкімі ўладаннямі  Радзівілаў, Вітгенштэйнаў і Гогенлоэ.

Трэба  зазначыць, што ва ўсе часы арэндатары Смалявічаў мала клапаціліся пра, як бы цяпер сказалі, сацыяльную інфраструктуру. На першы план у іх выступалі свае матэрыяльныя інтарэсы. Добрым выключэннем быў толькі адзіны арандатар — Берка Нахімаў Суцін, які імкнуўся  зрабіць многа карысных спраў для сваёй малой радзімы, дзе жылі яго родныя і сваякі.

Але, зразумела, аднаму чалавеку было не пад сілу значна палепшыць умовы жыцця местачковага насельніцтва. Вуліцы Смалявічаў доўгі час былі неўпарадкаваныя.

За вырашэнне пытання добраўпарадкавання галоўнай вуліцы мястэчка вымушаны былі ўзяцца царкоўныя ўлады. Дакумент з гістарычнага архіву падрабязна распавядае аб тым, як рухалася  гэтая справа. Мясцовыя святары звярнуліся  спачатку да епіскапа Мінскага і Тураўскага. А той у сваю чаргу напісаў пісьмо на імя старшыні Губернскай управы, у якім  указаў, што царква імя святога Мікалая ў мястэчку Смалявічы Барысаўскага павета знаходзіцца на ўскрайку ў гразным  і цесным завулку, у нізіннай мясцовасці. Таму восенню, вясной, і ў даждлівае надвор’е вернікам няма ніякай магчымасці патрапіць на богаслужэнне ў храме. Далей у гэтым лісце было падкрэслена, што Царкоўная вуліца (сучасная Сацыялістычная —ад.рэд.)з’яўляецца адначасова  і трактавай дарогай і лічыцца галоўнай у мястэчку, як вядучая да Храму Божага. Таму яна патрабуе замашчэння больш, чым астатнія вуліцы. Святар акцэнтаваў увагу на тым, што вернікі па сваёй беднасці самі не ў стане зрабіць маставую па Царкоўнай вуліцы. У канцы свайго звароту ён просіць мясцовыя ўлады выдаць дазвол  на будаўніцтва маставой па Царкоўнай вуліцы і дадае, што было б пажадана выканаць гэтыя работы як мага хутчэй. Калі не магчыма ў 1908 годзе, то хаця  б вясной 1909 года.

Гэты ліст з Губернскай управы 26 чэрвеня 1908 года трапляе ў Барысаўскую павятовую ўправу. Мясцовыя ўлады прыслухаліся да голасу царквы і далі дазвол на добраўпарадкаванне галоўнай вуліцы Смалявічаў.

Дамову на правядзенне работ заключылі з групай мінскіх інжынераў, якія стварылі праект, склалі каштарыс і кантралявалі працэс будаўніцтва. Было вырашана вылажыць палатно вуліцы камнем. У лістападзе 1909 года работы былі скончаны. Новая вуліца значна палепшыла жыццё тагачаснага местачковага люду. Пазней, у наш час, калі яна перастала адпавядаць новым патрабаванням жыцця, яе проста пакрылі асфальтам. І як бы не шкада было таго, старога аблічча гэтай вуліцы, але сёння яна мае добры сучасны выгляд, стала зручнай для вялікага патока машын і з’яўляецца ўпрыгожаннем раённага цэнтра.

Сёння твар горада, вядома, зусім іншы, чым 100 ці 50 гадоў таму. Яго аблічча мяняецца штодня. Жыхары Смалявічаў будуюць новае жыццё, новы горад, у якім будуць жыць новыя пакаленні смалевічан. Ствараючы новае, смалевічане беражліва і з пачуццём адказнасці ставяцца да аб’ектаў  даўніны. Прыклад таму — кінатэатр “Родина”, які сёння ператвораны ў культурна-забаўляльны і адукацыйны цэнтр, які атрымаў назву «Смородина». Новая ўстанова ўвабрала ў сябе не толькі сцены старога будынка, але і частку яго папярэдняй назвы.

Партрэт горада Смалявічы і смалявіцкага краю сёння вызначае і той эканамічны патэнцыял, што ствараецца нашымі суайчыннікамі, якія працуюць на шматлікіх прадпрыемствах горада і раёна. Прадукцыя многіх прадпрыемстваў вядома далёка за яго межамі і нават за межамі нашай рэспублікі.

Да славы эканамічных поспехаў смалевічан дадаецца і слава поспехаў на ніве культуры і спорту, адукацыі…

Мінулае і сучаснасць,  падзеі 570-гадовай даўніны і сённяшняга дня цесна пераплятаюцца. Мы ганарымся нашым мінулым, мы ствараем нашу будучыню, наш горад, наш лёс…

Валянціна Мікалаўна КАЗАК, вёска Шпакоўшчына.