Добрая навіна прыйшла да нас у гэтыя дні: Пятровіцкая сельская бібліятэка атрымала Дыплом Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь як пераможца Рэспубліканскага конкурсу “Славутыя імёны маёй малой радзімы” за праект “Скарбніца Пятровіцкай зямлі”.
Гэтая адзнака – вынік вялікай і карпатлівай працы сельскага бібліятэкара Алены Юр’еўны Процька і яе памочнікаў і аднадумцаў настаўніцы Таццяны Мікалаеўны Апацкай і маладога аматара-краяведа Вольгі Уладзіміраўны Латушка, якія сабралі, апрацавалі, папоўнілі новымі звесткамі, сістэматызавалі багаты матэрыял аб гістарычным мінулым Пятровіцкай зямлі і яе знакамітых ураджэнцаў і землякоў, што сваёй працай і творчасцю пакінулі аб сабе глыбокі след і добрыя ўспаміны не толькі на сваёй малой радзіме, але ў гісторыі і Беларусі, і замежжа.
У праект “Скарбніца Пятровіцкай зямлі” ўвайшлі такія старонкі як знаёмства з краем, з яго народнымі звычаямі і традыцыямі, з яго знакамітымі землякамі. Гэты праект – працяг шматгадовай краязнаўчай работы многіх мясцовых жыхароў. Шмат гадоў назад пачатак стварэння летапісу Пятровіцкага сельсавета (калі такі яшчэ існаваў) паклала мясцовы бібіліятэкар Алена Барысаўна Палудніцына, ураджэнка Удмурціі, зямлячка Героя Савецкага Саюза Таццяны Барамзіной, якая здзейсніла свой гераічны подзвіг пры вызваленні нашага раёна ад фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе і пахавана ў брацкай магіле на тэрыторыі Смалявіцкага раёна непадалёк ад Пятровічаў, каля вёскі Каліта. Вялікі ўклад у работу па вывучэнню роднага краю ўнеслі былы дырэктар Пятровіцкай школы Марыя Іванаўна Івашына, бібліятэкар Ніна Уладзіміраўна Лукашонак, настаўніцы Людміла Леанідаўна Хусанава і Таццяна Мікалаеўна Апацкая, а таксама Алена Юр’еўна Процька, якая ў свой час была кіраўніком краязнаўчага музея ў Пятровіцкай школе.
Школу рэарганізавалі пэўны час назад, Алена Юр’еўна перайшла на працу ў бібліятэку, але па-ранейшаму працягвае краязнаўчую работу. Разам гэтыя патрыёты свайго краю сабралі каля пяці соцень матэрыялаў пра знакамітага земляка Язэпа Семяжона – фота, рукапісы, аўтографы, пісьмы, успаміны, публіцыстычныя артыкулы, кнігі. Таксама ў краязнаўчым летапісе знайшлі адлюстраванне звесткі аб іншых вядомых людзях, што праславілі сваю малую радзіму. Матэрыялы захоўваюцца ў сельскай бібліятэцы, імі могуць карыстацца чытачы, усе, хто цікавіцца гісторыяй мясцовасці. Гэтае летапіснае багацце лягло ў аснову праекта, які быў падрыхаваны для ўдзелу ў конкурсе “Славутыя імёны маёй малой радзімы”.
Вёсцы Пятровічы і яе жыхарам ёсць кім ганарыцца. Вёска адметная тым, што з’яўляецца радзімай Язэпа Семяжона ( Іосіфа Ігнатавіча Семяжонава), паэта-перакладчыка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1954 года, раней выкладчыка замежных моў у шэрагу вышэйшых навучальных устаноў Мінска, грамадскага дзеяча, публіцыста і фалькларыста, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. Гэтага чалавека даўно ўжо няма сярод нас, але яго справы і творчасць не забываюцца, а служаць людзям і сёння.
Язэп Семяжон перакладаў літаратурныя творы з 33 моў свету. Яго мастацкія пераклады напісаны жывой непаўторнай мовай з захаваннем каларыту таго народа, з мовы якога рабіўся пераклад. Ён пераклаў з лацінскай мовы знакамітую паэму Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”, з польскай – “Пан Тадэуш” Адама Міцкевіча, з англійскай – санеты Шэкспіра. Менавіта ў яго перакладзе вучні і студэнты і сёння вывучаюць многія творы класічнай літаратуры. Дзякуючы таленту мастака паэтычнага слова многія творы сусветнай мастацкай літаратуры ўпершыню загучалі па-беларуску і атрымалі новае нараджэнне.
Выдатнае месца ў гісторыі Пятровічаў займае імя вядомага вучонага-этнографа Эдуарда Карлавіча Пякарскага. Выхадзец з самай звычайнай беларускай вёскі стаў стваральнікам слоўніка якуцкай мовы, чым унёс велізарны ўклад у развіццё культуры далёкага ад Беларусі паўночнага народа. Эдуард Карлавіч жыў у мінулым стагоддзі, памёр у 1934 годзе.
Сёння ў духоўным свеце добра вядома імя яшчэ аднаго ўраджэнца вёскі Пятровічы – манаха, архімандрыта Трыфана, а потым – Кірыла, Цімафея Рыгоравіча Пілюгі. Ён нарадзіўся ў 1877 годзе, памёр у 1945 годзе. Быў рэпрэсіраваны, перанёс велізарныя пакуты “ворага народа”, але не здрадзіў веры і прызнаны царквой як святы новапакутнік.
У Пятровічах у 1936 годзе ў сям’і калгасніка нарадзіўся Валянцін Васільевіч Холад. У пасляваенны час ён закончыў Ленінградскае вышэйшае ваенна-марское вучылішча падводнага плавання. У 1982 годзе капітану першага ранга Валянціну Холаду за паспяховае выкананне задання камандавання і праяўленыя пры гэтым мужнасць і адвагу было прысвоена ганаровае званне Героя Савецкага Саюза. Контр-адмірал Паўночнага флоту Валянцін Васільевіч Холад упершыню правёў паход на падводнай лодцы пад ільдамі Арктыкі.
Наш вядомы зямляк узнагароджаны таксама ардэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга і медалямі. Памёр ён у мінулым годзе.
Дыплом Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь не першая высокая ўзнагарода Пятровіцкай бібліятэкі за краязнаўчую работу. У ліку іншых адзнак працы работнікаў сельскай установы культуры – грамата Беларускага фонда культуры, дыплом Х рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” у мінулым годзе, дыплом Беларускага конкурсу за праект “Мне сняцца сны аб Беларусі” і іншыя.
Але вывучэнне гісторыі роднага краю яго падзвіжнікамі вядзецца не дзеля ўзнагарод і адзнак. Гэта парыў душы, імкненне захаваць для нашчадкаў звесткі аб знакамітых людзях, якіх дала Пятровіцкая зямля. Каб іх ведалі, ганарыліся і памяталі.
Э.ПАТАПЧЫК.