У Капылі святочна прайшоў дваццаць восьмы Дзень беларускага пісьменства. У гэтым годзе свята беларускай літаратуры прайшло пад дэвізам “Слова нас аб’ядноўвае”. Асноўнай тэмай маштабнага мерапрыемства стаў Год народнага адзінства.
Капыльская зямля багата на знакамітых пісьменнікаў: Цішка Гартны, Кузьма Чорны, Алесь Адамовіч. А хто не ведае цудоўныя радкі “Бывайце здаровы, жывіце багата, а мы ад’язджаем да дому, да хаты!” Многія лічаць іх народнымі, але сапраўдны аўтар, Адам Русак, таксама родам з Капыля.
Горад годна сустрэў гасцей: прыведзены ў парадак вуліцы і дамы, аб’екты сацыяльнай інфраструктуры. Акрамя таго, у горадзе пабудавалі новыя аб’екты. Напрыклад, з’явіліся кінатэатр і скейт-пляцоўка, якую жыхары горада самі выбралі падчас апытання на сайце райвыканкама.
Побач з раённым краязнаўчым музеем усталявалі помнік Ц. Гартнаму, а ў скверы ўладкавалі Алею пісьменнікаў. Там з’явіліся 17 інтэрактыўных лавак з інфармацыяй пра пісьменнікаў, якія нарадзіліся ў Капыльскім рэгіёне. Для кожнага аб’екта зрабілі ўнікальны QR-код, з дапамогай якога можна будзе атрымаць доступ да біяграфіі аўтара і пазнаёміцца з яго творамі.
Асаблівая ўвага нададзена цэнтральнай плошчы, дзе падчас свята разгарнуліся асноўныя гулянні. На працягу двух дзён была арганізавана работа фестываля кнігі і прэсы. Жыхары і госці горада знаёміліся з беларускай перыёдыкай і сучаснымі аўтарамі ў тэматычных павільёнах. Цэнтральная пляцоўка “Адзінства” была аформлена ў адпаведнасці з тэмай – на ёй прадстаўлены газеты і часопісы 1921-1939 гадоў.
З прывітальнымі словамі да гасцей свята звярнуліся старшыня арганізацыйнага камітэту Дня беларускага пісьменства, намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка, міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў, старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Было таксама зачытана вітальнае слова Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашенкі:
“У гэтым годзе, у Год народнага адзінства, свята праводзіцца на цудоўнай Капыльшчыне, дзе нарадзіліся многія знакамітыя дзеячы Беларусі. У жыцці народа літаратура заўсёды была важнейшым сродкам пазнання свету і выхавання асобы. Творчасць Максіма Багдановіча, Івана Шамякіна, Кандрата Крапівы, Івана Мележа і іншых айчынных пісьменнікаў і паэтаў, юбілеі якіх будуць адзначаны падчас форуму, з’яўляецца невычэрпнай крыніцай нацыянальнага гонару. Дзякуючы нашым славутым класікам і новаму пакаленню таленавітай і патрыятычнай моладзі мы зберагаем гістарычную памяць беларускага народа, усталёўваем у грамадстве яго галоўныя каштоўнасці – сумленнасць, справядлівасць, талерантнасць, павагу да чалавека працы і вялікую любоў да роднай зямлі. Праўдзівае, адказнае і сумленнае роднае слова – залог кансалідацыі грамадства, на падмурку якога мы зможам і далей паспяхова будаваць незалежную, моцную і квітнеючую краіну”.
– Гэта свята дае выдатную магчымасць зрабіць падарожжа ў мінулае, наблізіць гісторыю да сучаснасці, адчуць сувязь пакаленняў. Год ад года святкаванне ўзбагачаецца новымі ідэямі. Сёлета мы аб’ядноўваем літаратуру і культуру, сумяшчаем фестываль кнігі і прэсы, сустрэчы з сучаснымі аўтарамі і навукоўцамі, духоўна-асветніцкія, тэатральныя і спартыўныя мерапрыемствы. Упэўнена, што менавіта вяртанне да нашых вытокаў выклікае ў кожнага з нас любоў да роднай мовы як генетычнага коду нацыі, дазволіць зберагчы стабільнасць для нашых дзяцей, – адзначыла ў сваім віншаванні з Днем пісьменнасці старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.
Падчас цырымоніі адкрыцця з галоўнай сцэны была арганізавана прамая сувязь з беларускім касманаўтам Алегам Навіцкім. Прама з МКС ён адрасаваў свае цёплыя словы ўдзельнікам свята:
– Калі я знаходжуся на арбіце, то заўсёды шукаю вачыма родную Беларусь. Я ўспамінаю словы Максіма Танка: “Не знаю, ці ёсць жыццё на нейкіх зорках. Я знаў толькі адну зорку — пяцікрылую далонь маці, на якой выраслі мы, наш хлеб, нашы песні. Святло якой вечна струменіць”.
Кульмінацыйным момантам цырымоніі адкрыцця 5 верасня стала ўзнагароджанне пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі за творы, якія былі напісаны ў 2020 годзе.
Пераможцам у намінацыі “Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі” стаў Віктар Шніп за зборнік “Белае, чорнае і залатое”, а ўзнагароду ў намінацыі “Лепшы твор прозы” за кнігу “Парыж, Эйфелева вежа і …” атрымаў Віктар Праўдзін.
У намінацыі “Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства” перамагла кніга Алеся Карлюкевіча “Пухаўшчына. Літаратурнае гняздо Беларусі”, а лепшымі публіцыстычнымі творамі назвалі кнігі “Дискретный подход к наблюдению жизни”, “Мой физмат” (серыя “Люстэрка лёсу”) Аляксандра Радзькова.
У намінацыі “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва” перамагла кніга “Всех сильнее доброта” Валянціны Паліканінай, а ў намінацыі “Лепшы дэбют” з кнігай “Навстречу любви” лепшай стала Кацярына Страйлова.
Міністр інфармацыі Беларусі, Уладзімір Пярцоў, узнагароджваючы пераможцаў, сказаў:
– Беларускае пісьменства прайшло доўгі шлях: ад першадрукаваных радкоў Францыска Скарыны, Міколы Гусоўскага, Сімяона Полацкага да іх нашчадкаў, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Цішкі Гартнага. Нам ёсць чым ганарыцца. Я ўпэўнены, што ў тым ліку дзякуючы нашаму конкурсу, у Беларусі будуць з’яўляцца новыя таленавітыя пісьменнікі, якія дапамогуць нам шанаваць нашу гісторыю, мову, спадчыну. Мы павінны захаваць усё, што ўжо зроблена, і будаваць новую, квітнеючую, моцную і незалежную Беларусь.
Наступнай сталіцай Дня пісьменства стане горад Добруш Гомельскай вобласці. Старшыня Капыльскага райвыканкама Сяргей Пілішчык перадаў эстафету старшыне Добрушскага райвыканкама Дзмітрыю Козелу. У сваю чаргу кіраўнік Добрушскага раёна падзякаваў за такі гонар і запрасіў усіх беларусаў у 2022 годзе прыехаць да іх на Дзень беларускага пісьменства. Дарэчы, гэта беларускі горад з італьянскім адценнем, горад рэк і мастоў. Цікава, што паселішча першапачаткова было зроблена на астравах. Акрамя гэтага, Добрушчына з’яўляецца радзімай многіх вядомых за межамі нашай краіны людзей: народнага пісьменніка БССР І.П. Шамякіна, мастака А.М. Шаўчэнка, кінарэжысёра Н.А. Калініна, палітычнага дзеяча Т.Я. Кісялёва, палітыка і эканаміста А.І. Вольскага і іншых.
Кацярына КРУПА.
Фота аўтара.