Напачатку чэрвеня раённы цэнтр Віцебскай вобласці Паставы ўжо традыцыйна сустракаў Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. У мерапрыемстве, якое трывала прапісалася ў Паставах з 1992 года, прынялі ўдзел аматарскія ансамблі народнай музыкі, інструментальныя групы, фальклорныя калектывы, індывідуальныя выканаўцы на народных інструментах у складзе дэлегацый г. Мінска і абласцей, а таксама замежных краін: Ізраіля, Казахстана, Кітая, Польшчы, Расіі і інш.

На працягу трох фестывальных дзён ўдзельнікі паспаборнічалі за перамогу па некалькіх намінацыях. Кульмінацыяй мерапрыемства па традыцыі стаў конкурс “Хто каго?” Высокі творчы ўзровень фестывалю забяспечыла аўтарытэтнае журы, якое ўзначаліў народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Міхаіл Антонавіч Казінец. Мінскую вобласць прадставілі калектыў з Нясвіжа, а таксама ансамбль духавых інструментаў вучняў Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Юрыя Навінскага, які ў намінацыі “ансамблі”заняў II месца. Лепшым ў гэтай намінацыі быў прызнаны калектыў з Кітая. Але гэта была не адзіная перамога нашых у Паставах. Кубак і дыплом лаурэата I ступені ў намінацыі “саліст” заваявала выхаванка Смалявіцкай ДШМ Кацярына Гарашчанка, выступленне якой уразіла калектыў журы. Віншуем і жадаем новых перамог!

Вікторыя ЖЫЛЯКОВА. 

Информацию читайте в номере 134 – 135  от 15.06.2011 г.