Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.
Упершыню, у 1994 годзе, святочныя мерапрыемствы адбыліся ў старажытным горадзе Полацку. Потым сталіцамі свята сталі такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Заслаўе, Шчучын, Рагачоў, Полацк.
У 2017 годзе сталіцай свята, прымеркаванага да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, зноў быў старажытны Полацк — родны горад беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны, дзякуючы якому беларусы адны з першых у Еўропе, яшчэ ў 1517 годзе, мелі сваю друкаваную Біблію.
У рамках Дня беларускага пісьменства ўдзельнікі і госці свята традыцыйна могуць азнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, паслухаць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў. Таксама на Дні беларускага пісьменства праходзіць узнагароджанне пераможцаў конкурсу на лепшыя літаратурныя творы года, навукова-практычная канферэнцыя і шэраг іншых мерапрыемстваў.
Юбілейны, XXV Дзень беларускага пісьменства, у гэтым годзе прыме горад Іванава Брэсцкай вобласці, і ён будзе прысвечаны тэме малой радзімы. Аб гэтым паведамляла карэспандэнту Белта начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Алена Паўлава.
Адкрыццё свята адбудзецца 2 верасня ў 12.00 на галоўнай пляцоўцы, якая размясціцца ў гарадскім парку.
Праграма святочных мерапрыемстваў будзе уключаць ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі (арганізатарамі конкурсу выступаюць Міністэрствы інфармацыі, культуры, адукацыі і Саюз пісьменнікаў Беларусі).
На традыцыйны міжнародны круглы стол літаратараў запрошаны пісьменнікі з 15 краін.
Фестываль кнігі і прэсы пачне працаваць ужо 1 верасня. Тут будуць кніжныя выставачныя павільёны, тэматычныя кніжныя пляцоўкі, экспазіцыі рэспубліканскіх і рэгіянальных друкаваных СМІ. У час правядзення фестывалю госці свята змогуць сустрэцца з беларускімі літаратарамі, супрацоўнікамі выдавецтваў і рэдакцый друкаваных СМІ, наведаць прэзентацыі кніг і выдавецтваў, перыядычных выданняў, стаць гледачамі выступленняў мастацкіх калектываў і беларускіх выканаўцаў.
У Дзень ведаў таксама пройдзе фінал рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” і ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў.
Шэраг мерапрыемстваў будзе прысвечаны і 400-годдзю першага ў свеце “Буквара”, выдадзенага беларусамі.
Таксама пройдуць “Іванаўскія чытанні” — навукова-практычная канферэнцыя, якая арганізуецца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.
Часткай Дня беларускага пісьменства стане традыцыйная рэспубліканская навукова-асветная экспедыцыя “Дарога да святынь” з Жыватворным агнём ад труны Гасподняй, у якой прымаюць удзел прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, духавенства.
Іванава запрашае гасцей!
Па матэрыялах Інтэрнэт.