Дзень абаронцаў Айчыны, Год малой радзімы… Шмат агульнага паміж гэтымі словазлучэннямі. Яскравы прыклад гэтай яднанасці быў прадэманстраваны ў Зеленаборскай сельскай бібліятэцы падчас урачыстастага мерапрыемства “Служыць Радзіме!”.

Бібліятэкар Таццяна Гусева запрасіла на сустрэчу з вучнямі мясцовай школы прадстаўнікоў шматдзетнай сям’і Быўшых. Тата Андрэй і мама Людміла выхоўваюць чатырох сыноў. Старэйшы з іх  –  Максім – ужо адслужыў у войску і нядаўна вярнуўся дадому.  На сустрэчы ён распавядаў пра цікавыя моманты службы. Воінскі абавязак ён выконваў у пажарнай частцы  МНС. Сярод слухачоў прысутнічаў і яго малодшы брат – пяцікласнік  Ваня. На працягу ўсёй размовы ён не зводзіў з брата вачэй. Людміла прадставіла яшчэ аднаго са сваіх сыноў – Аляксея. Яна трапна заўважыла, што хаця Аляксей яшчэ і не служыў у войску, усё ж ён абараняе гонар Радзімы на спартыўных пляцоўках. Аляксей – майстар спорту па самба. Юнак вучыцца на апошнім курсе палітэхнічнага каледжа ў горадзе Жодзіна і ўжо дзесяць гадоў займаецца самба. Пацверджанне яго дасягненняў – шматлікія медалі і кубкі, якія ён прынёс з сабой. Гэтыя ўзнагароды занялі цэлы бібліятэчны стол! Аляксей распавёў, што прымаў удзел ужо ў шматлікіх спаборніцтвах, у тым ліку і за мяжой: у Латвіі, Україне, Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Расіі і іншых краінах. У планах юнака набыць вышэйшую адукацыю і  працягваць заняткі спортам. Трэба адзначыць, што і Максім, і Ваня  таксама займаюцца барацьбой,  і ў іх ёсць ужо ўзнагароды.

Захапленню прысутных не было межаў, калі хлопцы прадэманстравалі некалькі прыёмаў самба.  Гэта было вельмі прыгожа.  А яшчэ школьнікі пад кіраўніцтвам Максіма прайшлі кароткі “курс маладога байца” – з задавальненнем выконвалі каманды Максіма: “Смірна!”, “Направа!”, “Кругом!”. Браты запэўнілі, што і самы малодшы з іх, чатырохгадовы Грыша, ужо марыць  і пра спорт, і пра службу ў войску, а пакуль наведвае дзіцячы садок.

Пачуццё ўдзячнасці маладым людзям за іх жыццёвыя погляды, станоўчыя эмоцыі, добры настрой і , канешне, гонар за жыхароў пасёлка, засталіся пасля святочнай сустрэчы.

Т. АНОП,  жыхарка пасёлка Зялёны Бор.