У ноч на 7 ліпеня смалевічане разам, бадай, з усімі суайчыннікамі і братамі-славянамі — рускімі ды ўкраінцамі — адзначылі старажытнае язычніцкае свята сонца — Купалле.

Але ж з распаўсюджваннем хрысціянства, дзесьці з трынаццатага века,  язычніцкае свята зрабілася яшчэ і праваслаўным: не здолеўшы знішчыць народную любоў да яго, царква прымеркавала свята да ўсхвалення Іаана Хрысціціля. Адсюль і назва  — Купалле, бо менавіта купаннем у вадзе хрысціў Іаан новых вернікаў. І таму з даўніх часоў адзначаецца свята  побач з вадою.

У ноч на 7 ліпеня смалевічане разам, бадай, з усімі суайчыннікамі і братамі-славянамі — рускімі ды ўкраінцамі — адзначылі старажытнае язычніцкае свята сонца — Купалле.

Але ж з распаўсюджваннем хрысціянства, дзесьці з трынаццатага века,  язычніцкае свята зрабілася яшчэ і праваслаўным: не здолеўшы знішчыць народную любоў да яго, царква прымеркавала свята да ўсхвалення Іаана Хрысціціля. Адсюль і назва  — Купалле, бо менавіта купаннем у вадзе хрысціў Іаан новых вернікаў. І таму з даўніх часоў адзначаецца свята  побач з вадою.

Смалевічанам  вельмі пашанцавала — узбярэжжа Смалявіцкага вадасховішча заўсёды было прывабным і зручным. А найбольш утульным яно стала ў гэтым годзе, пасля правядзення работ па добраўпарадкаванню.

Купалінка (Ганна Баброўская) разам са сваімі дапаможцамі, дзяўчынкамі-купалінкамі,  распачала святочную праграму “Як улетку на Купала”, падрыхтаваную для гараджан і гасцей Смалявічаў супрацоўнікамі аддзела культуры райвыканкама, падараваўшы прысутным  вяночкі з цудоўных зёлак, маючых у гэтую пару надзвычай гаючыя ўласцівасці. Тыя, хто ўпрыгожыў імі галаву, бадай, ніколі ў гэтым годзе не будуць пакутваць на мігрэнь! Пасля  прывабных дзяўчатак увагай прысутных завалодала любімая многімі  смалевічанамі Цётка Сымоніха (Наталля Вінцукевіч) — заўсёдніца шматлікіх раённых святаў.  Як заўсёды, у арсенале бойкай кабеты  — стос жартаў, забаўлянак, гульняў, прыказак,  прымавак і нават  лекавая віктарына… Усе гэтыя разнастайныя зацеі мелі агульную назву: гульнёвая праграма “Купальскі карагод”. А каб пагуляць з Цёткаю, выходзілі на сцэну і смалевічане, і госці з недалёкай сталіцы. Так-так, свята Купалля ў Смалявічах не абмінулі мінчане і былі вельмі актыўнымі! Закаханыя пары з двух гарадоў спаборнічалі ў тым, хто хутчэй запляце (а потым — распляце!) касу; мужчыны — у тым, хто лепш скажа скарагаворку з цукеркамі ў роце, і ў тым, хто больш за ўсіх цяжкую гіру падыме;  жанчыны — у тым, хто лепш праспявае жартоўныя прыпеўкі… І, што вельмі добра,  “…і смалёўскія, і мінскія — малайцы!” былі. Менавіта так, на мясцовай гаворцы,  нахвальвала ўдзельнікаў вясёлых спаборніцтваў Сымоніха і ўручала ўсім падарункі, сярод якіх былі патрэбныя ў любой хатняй гаспадарцы  рэчы і  любімыя ўсімі людзьмі кандытарскія вырабы  — торты!

Але ж, не парушаючы традыцый, не забыліся выйсці  на свет белы і нячысцікі, каб перашкодзіць смалевічанам святкаваць і шукаць папараць-кветку! Гэта —  і Вадзянік (Уладзімір Гаўрыкаў) з русалкамі, і Вядзьмарка (Наталля Філімонава)… Але ж гэта ім не далося: не сапсаваўся настрой,  не сціхлі жарты, не прыпыніліся гульні… А схаваную чароўную расліну, папараць-кветку,  знайшлі два зусім юных смалевічаніны: Вячаслаў і Аляксандр. За гэта атрымалі хлопцы ад Купалінкі надзвычай смачны торт і, што яшчэ больш прыемна, упэўненасць  у тым, што бліжэйшы год для іх будзе вельмі шчаслівым.

Гучалі па-над возерам беларускія народныя і абрадавыя песні. Іх выконвалі творчыя калектывы Смалявіччыны: народны фальклорны калектыў “Маладзічкі” з пасёлка Усяж (кіраўнік — Яўгенія Макарэвіч), ансамбль песні “Суседзі” з Прылеп (кіраўнік — Святлана Саковец),  народны ансамбль народнай песні “Смаляначка” (кіраўнік — Андрэй Перадзіры)… А кульмінацыяй святкавання стаў старадаўні абрад — запальванне вогнішча. Дужыя  юнакі з факеламі здзейснілі яго,  пасля чаго смалевічанам была прадастаўлена магчымасць  святкаваць надалей на свой уласны густ: купацца ў чароўнай цёплай і лекавай азёрнай вадзе, пускаць па ёй вянкі, шукаць яшчэ папараць-кветку  ці другую сваю палавінку… Альбо танчыць пад сучасныя рытмы на дыскатэцы, есці духмяныя шашлыкі за столікамі  каля шматлікіх гандлёвых кропак, назіраючы “адным вокам” за сваімі дзеткамі, якія весела бавілі час на надзіманых атракцыёнах- “прыгалках”.

P.S.Кіраўніцтва аддзела культуры Смалявіцкага райвыканкама выказвае шчырую ўдзячнасць усім, хто ўдзельнічаў у тэатралізаванай пастаноўцы, і тым, хто  аказаў дапамогу пры падрыхтоўцы народнага свята “Як улетку на Купала”, у прыватнасці — СААТ “Смалявіцкі хлебазавод” і яго дырэктару В.М.Ганіну.

Л.ПРАКАПЕНЯ.

На здымку: у купальскую ноч.

Фота А.ВАЛАДЗЬКО.

Информацию читайте в номере 155-156  от 11.07.2012 г.