СВЯТА ПРЫХІЛЬНІКАЎ МЕЛЬПАМЕНЫ

У мэтах актывізацыі тэатральнага руху 19 мая ў гарадскім Доме культуры адбыўся раённы конкурс тэатральнага мастацтва “Чароўны куфэрак”. Сваё майстэрства прадставілі ўдзельнікі сямі тэатральных калектываў. У склад журы ўвайшлі галоўны рэжысёр дзяржаўнай установы “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” Ала Антонаўна Ганецкая, выконваючая абавязкі загадчыка аддзела культуры Смалявіцкага райвыканкама Вікторыя Анатольеўна Колісава, дырэктар раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Вольга Іванаўна Барысенка. Журы конкурсу ацэньвала ўзровень акцёрскага майстэрства ўдзельнікаў, музычнае афармленне пастановак, а таксама рэжысёрскае рашэнне прадстаўленых работ.

СВЯТА ПРЫХІЛЬНІКАЎ МЕЛЬПАМЕНЫ

У мэтах актывізацыі тэатральнага руху 19 мая ў гарадскім Доме культуры адбыўся раённы конкурс тэатральнага мастацтва “Чароўны куфэрак”. Сваё майстэрства прадставілі ўдзельнікі сямі тэатральных калектываў. У склад журы ўвайшлі галоўны рэжысёр дзяржаўнай установы “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” Ала Антонаўна Ганецкая, выконваючая абавязкі загадчыка аддзела культуры Смалявіцкага райвыканкама Вікторыя Анатольеўна Колісава, дырэктар раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Вольга Іванаўна Барысенка. Журы конкурсу ацэньвала ўзровень акцёрскага майстэрства ўдзельнікаў, музычнае афармленне пастановак, а таксама рэжысёрскае рашэнне прадстаўленых работ.

Лялечныя, дзіцячыя і дарослыя спектаклі ўбачылі гледачы конкурсу. Каб прэзентаваць свае калектывы, канкурсанты падрыхтавалі своеасаблівыя візітоўкі на некалькі хвілін. Конкурс яскрава прадэманстраваў, што кіраўнікі тэатральных калектываў добра папрацавалі з акцёрамі. Кожная з сямі пастановак зрабіла сваё адметнае ўражанне на гледачоў і журы.

Першым на сцэну выйшаў лялечны тэатральны гурток “Пятрушка” Прылепскага сельскага Дома культуры (кіраўнік Валянціна Граковіч). Гэты калектыў заснаваны ў 2012 годзе. У рэпертуары – лялечныя пастаноўкі па матывах народных казак. Са сваімі прадстаўленнямі калектыў прымае ўдзел у розных мерапрыемствах: тыднях дзіцячай кнігі, Міжнародным Дні абароны дзяцей, школьных святах. Руская народная казка “Церамок”, якую прадставіў малады калектыў на конкурсе, спадабалася не толькі маленькім гледачам – найвялікшую асалоду ад спектакля атрымалі і дарослыя.

Відовішчнай і маляўнічай была імпрэза “Сказка о глупом мышонке” С. Маршака ў пастаноўцы лялечнага тэатральнага гуртка “Батлейка” Дома культуры птушкафабрыкі (кіраўнік Алена Клімантовіч). Гэты калектыў быў створаны ў 1994 годзе. Многія гады ён радуе сваіх гледачоў не толькі пастаноўкамі народных казак, але і навагоднімі прадстаўленнямі, спектаклямі па творах дзіцячых пісьменнікаў. Маленькія ўдзельнікі калектыву вывучаючь гісторыю батлейкі, асвойваюць тэхніку валодання лялькамі і многіх персанажаў нават робяць сваімі рукамі. У руках юных куклаводаў яны ажывалі, набывалі адметныя рысы характару, прымушалі гледачоў суперажываць ім.

Калектыў Будагоўскага сельскага Дома культуры “Прэм’ера” (кіраўнік Наталля Мазынская) вядзе сваю тэатральную дзейнасць з 1998 года. У творчай скарбонцы калектыву больш за 20 пастановак. Ні адно мерапрыемства ў жыцці аграгарадка не абыходзіцца без іх удзелу. Пастаноўку “Канёк-Гарбунок”, якую ўсе мы памятаем з маленства, тэатральны калектыў паказаў па-іншаму. Героі вядомай казкі ў новай інтэрпрытацыі сталі больш сучаснымі і каларытнымі. Арыгінальныя дыялогі, прыгожыя песні і своеасаблівая харэаграфія – дзіцячая тэатральная пастаноўка прэтэндавала нават на званне мюзікла.

Удзельнікі тэатральнага калектыву “Фішка” гарадскога Дома культуры (кіраўнік Наталля Вінцукевіч) даказалі ўсім, што для цудоўнага спектакля зусім неабавязкова шыць шыкоўныя касцюмы ці ствараць дарагія дэкарацыі: дастаткова лаўкі ды нешта падобнага да печы. Усё астатняе зробіць неверагоднае акцёрскае майстэрства. У спектаклі “Дамавічкі” дамавічок Шушык і дамавушка Жуля, якая ў пошуках новага жытла завітала ў хату да гаспадара, спрачаюцца і ніяк не могуць саступіць адзін аднаму. Аднак сапраўднае сяброўства робіць цуды і напрыканцы пастаноўкі яны сталі шчасліва жыць разам. Варта дадаць, што навагоднія тэатралізаваныя музычныя прадстаўленні ў выкананні дзіцячага калектыву, які пачаў сваё існаванне ў 2002-ім, штогод збіраюць поўныя залы гледачоў.

Прынялі конкурсную эстафету акцёры з тэатральнага калектыву“Лявоніха” сельскага Дома культуры пасёлка Усяж (кіраўнік Святлана Гушчанская). Пастаноўка “Таемная незнаёмка” расказала гледачам гісторыю пра нявернага мужа і хітрую жонку. Праўдзівыя персанажы, а таксама вечная тэма адносін паміж мужчынам і жанчынай зрабілі выступленне ўсяжцаў запамінальным.

Удзельнікі тэатральнага калектыву Куркаўскага сельскага Дома культуры (кіраўнік Людміла Гівойна) ужо шмат гадоў радуюць гледачоў не толькі камедыйнымі спектаклямі, але і драматычнымі пастаноўкамі. У гэтым тэатральным калектыве змянілася ўжо не адно пакаленне ўдзельнікаў. Пастаноўка “Сустрэча” перанесла гледачоў у мінулае стагоддзе, а дакладней, у часы Вялікай Айчыннай вайны. Шчымлівая гісторыя маладога салдата, які рухаецца на перадавую, і дзяўчыны, якая толькі пахавала родную сястру, нікога не пакінула раўнадушным. Гэта першая кароткая сустрэча, якая хутчэй за ўсё будзе апошняй, але яна дае героям надзею і сілы, каб жыць і змагацца.

Завяршыў конкурсную праграму тэатральны калектыў “Пацешнікі” Жажэлкаўскага сельскага клуба (кіраўнік Ніна Казлоўская). Як кажуць самі пацешнікі, у сваіх пастаноўках яны выкрываюць і высмейваюць чалавечыя парокі. Пастаноўка “Звар’яцелае пудзіла”, якую прапанавалі самадзейныя артысты на суд журы і гледачоў, – гэта гісторыя аб тым, як дзед прыраўнаваў сваю бабу да суседа, і каб праверыць свае здагадкі, схаваўся ў пудзіла на градках. Жартаўлівая развязка з ажыўшым пудзілам і спалоханымі “палюбоўнікамі” павесяліла гледачоў.

Пасля кароткай нарады членаў журы пад апладысменты залы на сцэну ўзняліся прадстаўнікі калектываў-удзельнікаў. Сваімі ўражаннямі ад убачанага падзялілася Ала Антонаўна Ганецкая.

– Я ведала, што тэатральны жанр на Смалявіччыне ёсць, але што ён настолькі развіты, я ўбачыла толькі сёння. Падчас выступленняў я шчыра захаплялася вашай любоўю да тэатральнага мастацтва. Вялікі дзякуй кіраўнікам тэатральных калектываў за тое, што яны заахвочваюць не толькі дзяцей, але і дарослых нават у сельскіх Дамах культуры.

Такім чынам, пераможцам сярод лялечных калектываў стаў гурток “Пятрушка” Прылепскага сельскага Дома культуры – ён быў узнагарожданы дыпломам і дзесяццю білетамі ў тэатр. Сярод дзіцячых калектываў лепшым прызнаны тэатральны калектыў “Фішка” гарадскога Дома культуры. Журы адзначыла, што гэты калектыў ужо сёння можа прэтэндаваць на ганаровае званне “узорны”. Сярод дарослых калектываў перамогу святкаваў тэатральны калектыў Куркаўскага сельскага Дома культуры. Акрамя дыпломаў, у падарунак яны атрымалі прафесійны тэатральны грым. Дыпломамі за ўдзел, а таксама за актывізацыю тэатральнага руху ў раёне і прапаганду тэатральнай творчасці былі ўзнагарожданы ўсе астатнія калектывы. Варта адзначыць таксама вядучых Смаляра і Смалянку (Уладзіміра Гаўрыкава і Наталлю Вінцукевіч), выступленне якіх было падобным на яшчэ адзін нумар конкурснай праграмы.

Нягледзячы на тое, что зала падчас мерапрыемства не была запоўнена, тыя, хто завітаў на гэтае свята прыхільнікаў Мельпамены, на маю думку, змаглі на некалькі гадзін адыйсці ад шэрых будняў, прыадчыніць творчы куфэрак і дакрануцца да чароўнага свету тэатральнай дзеі.

Арганізатары конкурсу выражаюць падзяку дырэктару СТАА “Смалявіцкі хлебзавод” Валерыю Мікалаевічу Ганіну за салодкія прызы.

Вікторыя ЖЫЛЯКОВА.

На здымку: фінал конкурсу.

Фота аўтара.

 

Подробную информацию читайте в номере 121 – 122  от 29.05.2013 г.