Своеасаблівы мастацкі стыль і высокая якасць вырабаў моцна паўплывалі на стылістыку вытворчасці кантушовых паясоў у іншых гарадах Рэчы Паспалітай і нават Еўропы. Гэта дало падставу ўжываць тэрмін “слуцкія паясы” для агульнай назвы паясоў такога тыпу незалежна ад месца іх вытворчасці. Зараз асобныя экземпляры захоўваюцца ў найлепшых музеях свету.
Своеасаблівы мастацкі стыль і высокая якасць вырабаў моцна паўплывалі на стылістыку вытворчасці кантушовых паясоў у іншых гарадах Рэчы Паспалітай і нават Еўропы. Гэта дало падставу ўжываць тэрмін “слуцкія паясы” для агульнай назвы паясоў такога тыпу незалежна ад месца іх вытворчасці. Зараз асобныя экземпляры захоўваюцца ў найлепшых музеях свету.
У Беларусі зацверджана Дзяржаўная праграма адраджэння тэхналогій і традыцый вырабу слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі “Слуцкія паясы” на 2012-2015 гады. Згодна з ёй і з мэтай далейшага развіцця і прапаганды традыцыйнага мастацтва калегія галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама пастанавіла правесці першае абласное свята рамёстваў “Слуцкія паясы”, якое прайшло ў горадзе Слуцку 21 верасня бягучага года. Арганізатарамі фестывалю сталі: галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама, Дзяржаўная ўстанова “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слуцкага райвыканкама.
На гэтым свяце былі прадстаўлены вырабы каля пяцісот майстроў-умельцаў з гарадоў і вёсак Міншчыны, увасабляючы яе вобразы ў ткацтве, салома- і лозапляценні, вышыўцы, ганчарстве, разьбе па дрэве і іншых рамёствах. Палітра традыцыйных промыслаў сталічнага рэгіёна надзвычай багатая і разнастайная: кожны майстар – унікальны, кожны твор – сапраўдны скарб нацыянальнай спадчыны.
Падворак, на якім размясціліся майстры са Смалявіччыны, знаходзіўся каля капліцы Святой Велікамучаніцы Варвары. Гэта як мага лепей супала з тэматыкай мастацкіх работ, якія прадстаўляла выкладчык Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў Наталля Аляксееўна Камінская. Карціны былі напісаны мастакамі-выкладчыкамі на абласным пленэры “Смалявіччына праваслаўная”. Госці і ўдзельнікі свята падыходзілі да іх, цікавіліся аўтарамі і зместам работ.
Алена Вячаславаўна Грышан працуе старшынёй Забалацкага сельскага Савета. Гэта прыемная і мілавідная жанчына з’яўляецца высока класным майстрам па вышыўцы.
– Смалявіччына – мая радзіма, — гаворыць Алена Вячаславаўна, — я нарадзілася ў невялікай вёсачцы Станок Вадзіца. За сваё жыццё працавала інжынерам-механікам, бібліятэкарам, а зараз кірую сельсаветам.
– А дзе Вы навучыліся так прыгожа вышываць? Быў настаўнік?
– Не, не было. Навучылася сама. Мае дзеці асвоілі гэту навуку, калі вучыліся ў школе. Я потым паглядзела на іх работы і пачала спрабаваць сама. Доўгі час выпісвала часопіс “Вышыўка для душы” расійскага выдавецтва. Адтуль спачатку брала сюжэт для сваіх карцін. Цяпер карыстаюся інтэрнэтам. Там можна знайсці малюнкі з падрабязным тлумачэннем. Гэта і падбор колеру, і памеры, і схематычнае прадстаўленне карцін і фотаздымкаў. Вышываю ўжо гадоў дзесяць.
– Якую тэхніку Вы выкарыстоўваеце пры вышыўцы?
– Просты крыжык на дробнай канве. На буйной канве я не вельмі люблю вышываць.
– Многа часу займае праца над адной карцінай?
– Калі прыйдзеш з работы дахаты, хочацца проста адпачыць у сваё задавальненне. Тады бяру пяльцы і саджуся вышываць. Ад гэтага нават узнімаецца настрой. Магу і да ночы прасядзець за работай. А наогул я не магу дакладна сказаць, колькі часу аддаю на адну карціну. Гэта залежыць ад многіх абставін – настрою, азарту, атдсутнасці іншай справы. Калі доўга не адкладваць і кожны дзень па крыху вышываць, то складаная работа месяцы чатыры можа заняць. У асноўным за вышыўку бяруся зімою, калі работы іншай менш.
– А хто бачыць Вашы карціны?
– Я выстаўляла свае работы ў раённай бібліятэцы, у Забалацкім сельскім Доме культуры і іншых месцах.
–Такія прыгожыя творы многія людзі хацелі б мець у сваёй хаце. Просяць прадаць?
– Канечне. І на сённяшнім свяце да мяне падыходзяць пакупнікі, але я нават не ведаю, як работы можна ацаніць. На закупку нітак, канвы і рамкі ідзе шмат грошай, але тут зразумела ўсё. А як ацаніць сваю асабістую працу? У кожную карціну ўкладваеш часцінку сваёй душы і шкада іх аддаваць за грошы. Таму часцей я дару свае работы блізкім людзям.
– А на заказ Вы вышываеце?
– Не. Для сваіх работ я выбіраю сюжэт сама, калі ён мне падабаецца. А заказы ў мяне не вызываюць зацікаўленасці.
– Работы майстрыхі Валянціны Фёдараўны Савіцкай вядомы далёка за межамі Смалявіччыны. Некалькі гадоў таму яна вышыла кветкамі адзінаццаць нацыянальных касцюмаў для ансамбля беларускай песні “Церніца” Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў, — расказвае дырэктар Смалявіцкага раённага метадычнага Цэнтра народнай творчасці Вольга Іванаўна Барысенка. – Гэта майстар, як кажуць, ад Бога. Разам з намі яна прайшла ўсе раённыя і абласныя святы і пляцоўкі. Яе адметнай асаблівасцю з\’яўляецца тое, што яна перад пачаткам работы не робіць малюнак, а адразу кладзе на тканіну той вобраз, які з’яўляецца ў яе ўяўленні. Яе работамі вельмі зацікавіўся старшыня Беларускага Саюза майстроў Яўген Міхайлавіч Сахута, які і сёння падыходзіў да Валянціны Фёдараўны. Па яго рэкамендацыі мы будзем збіраць пакет дакументаў на прысваенне ёй ганаровага звання “Народны майстар”.
Рукамі Валянціны Фёдараўны Савіцкай былі расшыты касцюмы народнага фальклорнага калектыву “Жывіца” Барсукоўскага сельскага Дома культуры, у якім жанчына спявае шмат гадоў. Вышываць пачала яшчэ ў чацвёртым класе, гэтаму пачала вучыць яе бабуля. На яе малой радзіме, у Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці, Валянціна Фёдараўна пражыла да сямнаццаці гадоў. Атрымаўшы дыплом швачкі, яна стала працаваць на Жодзінскай фабрыцы “Світанак”, а на сённяшні дзень — тэхнічкай у Барсукоўскай сярэдняй школе. Выйшла замуж, нарадзіла трох дзетак і жыць засталася ў вёсцы Бярозавіца. У сваіх працах выкарыстоўвае разнастайную тэхніку вышыўкі.
Некаторы час таму на тэрыторыі Смалявіцкага раёна праводзілася свята манументальнай скульптуры “Сонечная цеплыня дрэва”, у якім прымалі ўдзел майстры-разьбяры з ўсёй нашай рэспублікі. Наш раён прадстаўляў Аляксандр Леанідавіч Самойленка з вёскі Пліса. Гэта майстар па лозапляценню. Свой першы кошык ен сплёў у дваццаць гадоў. Потым яму падарылі кнігу, па якой Аляксандр Леанідавіч вучыўся свайму майстэрству. Спачатку шукаў лазовыя кусты, а пасля сам стаў садзіць іх на сваім участку каля хаты. Свае навыкі перадае і сынам, дарэчы, малодшы сынок Мікалай разам з бацькам прысутнічаў на фестывалі і дапамагаў прадаваць татавы работы. Зараз Аляксандр Леанідавіч працуе ў Мінскім Палацы дзяцей і моладзі, дзе вучыць лозапляценню вучняў.
Сям’я Ласянковых з вёскі Прыстрамы прывезла на фестываль вышытыя цацкі і вырабы з саломы. Падчас правядзення мерапрыемства я абыйшла ўсе пляцоўкі, але такіх прыгожых казачных героеў мультыплікацыі, як у Таццяны Генадзьеўны, я не ўбачыла нідзе. Не змог прайсці міма і начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Руслан Іванавіч Трухан, якому майстар падарыла ката Тома і мышаня Джэры.
– Таццяна Генадзеўна, дзе Вы навучыліся свайму майстэрству?
– Пляценнем саломкі я займаюся з дзяцінства. Вучылася ў розных майстроў, гледзячы на іх работы. Ведаеце, я даўно заўважыла, что салома вельмі прыгожы прыродны матэрыял. Раней я вязала вопратку кручком. Потым захацелася паспрабаваць працаваць з цацкамі. Яны вызываюць зацікаўленасць не толькі ў дзяцей, але і ў дарослых.
– А Вашы дзеці таксама займаюцца мастацкімі промысламі?
– Сын больш працуе з дрэвам – распісвае яго. Але ў яго ёсць і саламяныя вырабы. Дачка наведвае мастацкую школу, ёй вельмі падабаецца батык. Мастацкі густ ёсць ва ўсіх членаў нашай сям’і.
Майстры Ласянковы – пастаянныя ўдзельнікі раённых і абласных мерапрыемстваў. На свяце “Беларуская лялька”, які праводзіўся ў Смалявічах напрыканцы мая, яны занялі першае месца. Любы матэрыял ва ўмелых руках пераўтвараецца ў сапраўдны шэдэўр мастацтва.
На абласным свяце рамёстваў “Слуцкія паясы” былі арганізаваны дзве фальклорныя пляцоўкі -“Напевы роднага краю” і “З крыніц спрадвечных”, на якіх творчыя калектывы Міншчыны дэманстравалі гасцям і ўдзельнікам свята сваё майстэрства. Наш раён прадстаўляў народны фальклорны калектыў “Маладзічкі”, якім кіруе Яўгенія Макарэвіч з Усяжскага сельскага Дома культуры.
Свята рамёстваў «Слуцкія паясы» – значнае і важнае не толькі для Случчыны, але і для ўсёй Мінскай вобласці. Яно адкрывае шырокія магчымасці для паглыблення творчых і дзелавых зносін паміж установамі культуры, спрыяе далейшаму развіццю самабытнай культуры беларускага народа, дазваляе рэалізоўваць перспектыўныя ідэі ў галіне нацыянальнага мастацтва, служыць добрым стымулам для далейшага творчага росту адоранай моладзі.
Фестываль падарыў усім удзельнікам і гасцям самыя яркія і незабыўныя ўражанні.
Наталля МЯХЕДКА
На здымку: вырабы майстра А.Л. Самойленкі.
Фота аўтара.
Подробную информацию читайте в номере 223 – 224 от 25.09.2013 г.