Уладзімір Сцяпанавіч Сямашка (на здымку) родам з вёскі Чарніца, цяпер Чэрнікаўшчына. Гэта радзіма яго бацькоў. Маці працавала настаўніцай у Чэрнікаўшчынскай пачатковай школе, якой даўно ўжо няма, бацька звязаў свой лёс з авіяцыяй.
Уладзімір рос у вёсцы, вучыўся ў Варатоўскай школе. Пасля закончыў Мінскі радыётэхнічны тэхнікум, а потым і профільны інстытут. Працаваў на заводзе, а калі грымнула чарнобыльская бяда, займаўся ў небяспечнай зоне абслугоўваннем вылічальнага абсталявання. Пасля накіравалі на працу па спецыяльнасці ў Германію. Цяпер жыве ў Мінску, выгадаваў двух сыноў.
А надыйшоў час пенсіі, і пацягнула чалавека на малую радзіму, дзе ўсё блізкае і роднае. І пайшлі ўспаміны, і паліліся вершаваныя радкі пра родныя мясціны і сваіх землякоў. Атрымалася ледзь не як у вядомага беларускага песняра паэма пра родны кут. З урыўкамі з гэтага твора сёння і пазнаёмім сваіх чытачоў.
Уладзімір СЯМАШКА
ЧАРНІЦА
Калі Гасподзь стварыў сусвет наш, прыклаў магутную руку,
Стварыў нам лес, балота, узгоркі і невялікую раку.
А ў лесе тым было багата грыбоў, маліны і суніц.
Але там больш за ўсё, напэўна, зямля чарнела ад чарніц.
І рэчку з вёскай на ўзгорках Чарніцай ў картах нараклі.
Хацеў бы пра людзей паведаць, якія тут калісь жылі.
Ды штосьці ўсё ж Гасподзь забыўся. Спраў многа, можа, і забыў.
Старшыня Зубчанка яго паправіў, узяў і возера стварыў.
Ну, каб на возеры рыбачыў хто колькі хоча зноў і зноў.
Тут сам рыбачыў, мы адзначым, Васіль Іванавіч Казлоў.
У цэнтры Мінску, не, не ў далі, не дасць тут мне зманіць народ,
Вуліцы імя яго далі, яшчэ імя прыдбаў завод.
На возеры ўлетку ў спёку народу многа тут было.
Не толькі нашы йшлі купацца, а і суседняе сяло.
Тут увесь амаль раён збіраўся. Чарніца стала нібы Крым.
Чарнікаўшчынцы, як вядома, лічылі нас “Ерусалім”.
А можа і смалёўскай Мекай яе маглі так называць.
Але ўжо досыць, з першай хаты я сказ хачу свой пачынаць.
На ўсю акругу, наваколле, кравец, касец і паштальён,
Усім знаёмы дзядзька Коля, вядомы ён на ўвесь раён.
І дзядзька так, які суседзяў, смалёўскіх абшываў людцоў.
Ну, а ўзімку вечарамі, у дзядзі Колі зноў і зноў,
Дзе гаспадыня цёця Маня, збіраў Рыгор усіх хлапцоў.
Ішлі баі тут не на жарты ў шашкі, шахматы і карты.
А ў шашкі тут Рыгор ўжо Бог, ніхто зраўняцца з ім не мог.
І гонар быў яму прайграць, ці перамогу атрымаць.
Ён быў таксама кніганоша і кніг свет нёс у кожны дом.
У хату паўбібліятэкі прынёс з Пятром, сваім сябром.
Суседку ж Грышы, бабку Сашу, пакінуў лёс зусім адну,
Так як і Надзю Петрачыху. Усе загінулі ў вайну.
Каб не сумотна жыць у паводку і сырасць у хаце не трымаць,
Дзядзя Іван і цёця Фэля змаглі дом новы збудаваць.
Іх Лёня, сын, яшчэ да войска штаны, як дудачкі, насіў,
Сцілягам першым слыў у вёсцы, і гарманіст ён добры быў.
Сястрыца яго Соня й сёння, хоць мае сталыя гады,
Пяе прыгожа, як артыстка, і голас мае малады.
Пятро Сяргеіч Падуновіч у нас выбітны ветурач,
Бяда якая са скацінай, ну проста ты тады хоць плач.
І да суседзяў з дапамогай каму патрэбна ён ішоў,
Лячыў кароў, свінней ці коней, а не якіх-небудзь катоў.
Яшчэ ў якой бяседзе, сходзе з гумарам, з байкай быў на ты.
Ды так прыкрасіць, так прыбрэша, ад смеху рвалісь жываты.
Ну, а дачка яго Ірына ў навуках цвёрдая, як сталь,
І атрымала пасля школы яна заслужаны медаль.
А мая мама мне ў прыклад заўсёды ставіла яе:
“Калі ты возьмешся за розум? Ці ў цябе ведаў не стае?”
Дзве Волькі, двое з цяжкім лёсам, яны без мужыкоў жылі,
У калгас хадзілі, працавалі, усё рабілі, як маглі.
Дзядзька Язэп брыгадай доўга ў калгасе нашым кіраваў.
Калі знямог, то сваёй жонцы ён брыгадзірства перадаў.
А сын іх Віктар – вось асілак! Мог пахваліцца сваёй сілай!
А цёці Надзі цяжка была, памёр мужык, каго любіла.
Нялёгка жыць было на свеце, то зналі дзеці Ліда з Пецем.
Пятро служыў хоць і ў стройбаце, элітным, а не так сабе.
У Маскве Андропаву, усе знайце, перабудоўваў КаДэБэ.
У Ніны Міхалаўны, вядома, красуняй томнай была Тоня.
Ну, а дзяўчат чарніцкіх, пэўна, лепш не было ў наваколлі.
Ішоў народ да бабкі Каці вяселле правіць у яе хаце.
Тут летам танчыў цэлы двор, і ў хаце быў яе прастор.
Але сын Міця з гэтай хаты так і застаўся нежанаты.
Тут гадавалі сем дзяцей цётка Маланка і Нупрэй.
Ну, а сыны іх з году ў год чаргой ішлі служыць у флот.
Статыстык, лепшы аналітык, напэўна, быў у нас Аркадзь.
Пра новы фільм, як кінакрытык, хто лепш яго мог расказаць.
Да кропкі ведаў усё ў футболе, хто лепшы быў з гульцоў на полі,
Пра бокс, палітыку і джаз заўсёды быў у яго адказ.
Дзядзька Валодзя – гэта сіла. Яго ў Чарніцы кожны знаў.
З праблемамі к яму хадзілі, і людзям ён дапамагаў.
У калгасе нашым у тыя дні ён быў заступнік старшыні.
Яго ўсе людзі паважалі, ён меў і ордэн, і медалі,
У вайну паранены баец. Наш дзядзька проста маладзец!
Ды што скажу яшчэ я далей, дядзькава жонка, цёця Валя,
Успомнім яе на добрым слове, дзяцей вучыла роднай мове.
А сын іх, друг мой Анатолій, з якім я час праводзіў болей.
Грыбы, рыбалка, колка дроў. І разам пасвілі кароў.
У футбол смалёўскім двум свяцілам мы ад душы намалацілі!
Так, Толя верны сябар часта, не раз ён многіх выручаў.
Толькі яму Антон Пятровіч сваю стрэльбу завяшчаў.
Антон Пятровіч – наш ляснік. Так, добры быў яшчэ мужык.
Сказаць мне час тут надыйшоў: Чарніца – вёска ляснікоў.
Пасля Пятровіча – Славінскі, Пятровіча любімы зяць.
А потым Грышка Вольчын, Бронька бары тут сталі вартаваць.
Таму не страцілі красы нашы чарніцкія лясы.
***
…Мая Чарніца, мілы Божа! Там так утульна, так прыгожа!
Не гасне памяць тых мясцін, дзяцінства светлага ўспамін.
Як вады чыстай той крыніцы, яе п’ю і не магу напіцца.
Там навальніцы грознай уздых і луг у кветках палявых,
Снягі, завеі і сумёты і каля возера чароты.
Успомніць рэчачку пара, хоць ёй далёка да Дняпра.
Дзе ж залатыя вы дзянькі? У небе буслы-вартаўнікі.
Яны вадзілісь тут з вясны, надзеі добрай вестуны.
А лес, а поле, а абшар! Як сёння, мамы бачу твар
І дзеда добрую пяшчоту, яго няспешную работу.
Мае нязбытыя жаданні, маё тут першае каханне.
Мне сон малюе вобраз той дзяўчынкі мілай за ракой.
Здаецца, да яе дайсці – Чарніцу б рэчку перайсці.
Ды не збылося, бачыць Бог, не я адзін па ёй так сох.
На гэтым я закончу сказ пра нашу вёсачку, пра нас.
А памяць унукі ўжо шануюць, каго не ўспомніў, хай даруюць.
І з году ў год, хто мае сілаў, ідуць к дзядам да іх магілаў,
Іх добрым словам успамінаюць, дзяды ж хай доўга нас чакаюць.