Вясеннія рытмы

У красавіку ў Дзяржынску адбыўся ІІІ абласны фестываль эстраднай
песні «Вясеннія рытмы”, арганізатарамі якога выступілі галоўнае ўпраўленне
ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама,
дзяржаўная ўстанова «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці”, аддзел
ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзяржынскага райвыканкама.

  

Вясеннія рытмы

У красавіку ў Дзяржынску адбыўся ІІІ абласны фестываль эстраднай песні «Вясеннія рытмы”, арганізатарамі якога выступілі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама, дзяржаўная ўстанова «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці”, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзяржынскага райвыканкама.

У праграме мерапрыемства — ўрачыстае адкрыццё фестывалю, конкурсныя праграмы ўдзельнікаў розных узроставых катэгорый (першая — 7-10 гадоў, другая — 11-13гадоў, трэцяя — 14-16 гадоў і чацвёртая — 17-25 гадоў), узнагароджванне пераможцаў, гала-канцэрт з удзелам Алега Елісеенкава, Алега Сямёнава, Ніны Багданавай, Пятра Ялфімава.

Як адзначыў старшыня Дзяржынскага райвыканкама М.І. Арцюшкевіч, гэты песенны форум атрымаў у Дзяржынску трывалую прапіску і стаў яе візітнай карткай нездарма,бо Дзяржыншчына славіцца сваімі культурнымі каштоўнасцямі. Любоў да творчасці, невычэрпная энергія і жаданне падзяліць з гледачом лепшыя імкненні душы выклікаюць шчырае захапленне. Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Руслан Іванавіч Трухан дадаў, што Дзяржынск вось ужо трэці раз прымае свята песні, якое аб’яднала адметных выканаўцаў з розных куточкаў Міншчыны. Гэты фестываль садзейнічае далучэнню дзяцей, падлеткаў і моладзі да лепшых узораў сучаснага эстраднага мастацтва, развіццю творчых здольнасцей, выхаванню мастацкага густу і павышэнню выканальніцкага майстэрства ўдзельнікаў. Акрамя таго, Руслан Іванавіч выказаў упэўненасць, што гэта свята адкрые шмат новых талентаў, стане новай прыступкай для развіцця эстраднага мастацтва на Міншчыне, а ўзвышаная святочнасць гэтага яскравага, адметнага фестывалю, шчырая сяброўская атмасфера надоўга застануцца ў сэрцах, і, самае галоўнае, пакінуць прыемныя ўражанні ад сустрэчы з песняй.

У склад журы конкурсу ўвайшлі вядомыя дзеячы музычнага мастацтва Беларусі: кампазітар, народны артыст Рэспублікі Беларусь Эдуард Барысавіч Зарыцкі (старшыня журы), член Саюза кампазітараў Беларусі, кавалер ордэна Францыска Скарыны, выкладчык УА «Мінскі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”, сустаршыня журы Алег Мікалаевіч Елісеенкаў, тэле-радыёвядучая, беларуская спявачка Ніна Уладзіміраўна Багданава, дырэктар дзяржаўнай установы «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” Раіса Іосіфаўна Вайцяхоўская, дырэктар студыі Пятра Ялфімава, прадзюсар

Таццяна Уладзіміраўна Касмачова, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне”, артыст Беларускай эстрады Алег Міхайлавіч Сямёнаў, выкладчык аддзялення эстрадных спеваў прыватнай УА «Інстытут сучасных ведаў імя А.М. Шырокава”, уладальнік гран-пры міжнародных конкурсаў і фестываляў, артыст беларускай эстрады Пётр Пятровіч Ялфімаў.

Смалявіччыну на фестывале прадстаўлялі вучаніцы Пліскай дзіцячай музычнай школы Вольга Грыгор’ева (першая ўзроставая катэгорыя) і Дар’я Булаўская (другая ўзроставая катэгорыя), а таксама вучаніца Азярыцкаслабадской школы мастацтваў Таццяна Букаціч.

Вольга Грыгор’ева выступіла паспяхова: яе канцэртны нумар увайшоў у тройку лепшых. Юныя таленты Смалявіччыны атрымалі бясцэнны вопыт удзелу ў мерапрыемствах такога ўзроўню, магчымасць ацаніць свае выканаўчыя здольнасці, знайсці сяброў не толькі па музычнай пляцоўцы, але і ў жыцці. Акрамя таго, фестываль стаў добрым стымулам да больш плённай працы.

 

Феерыя мастацтваў

З мэтай падтрымкі і папулярызацыі дзіцячай і юнацкай творчасці, выяўлення таленавітых вучняў, развіцця іх творчых здольнасцей, павышэння ўзроўню выканаўчага вакальнага майстэрства ў горадзе Беразіно Мінскай вобласці адбыўся першы адкрыты конкурс «Феерыя мастацтваў”, удзел у якім прынялі вучаніцы Пліскай дзіцячай музычнай школы Вольга Грыгор’ева і Дар’я Булаўская. Арганізатарамі конкурсу выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярэзінскага райвыканкама і ДУА «Бярэзінская дзіцячая школа мастацтваў”.

У склад журы пад кіраўніцтвам лаўрэата прэзідэнцкіх прэмій, выкладчыка ўніверсітэта культуры і мастацтваў, інстытута сучасных ведаў, дырэктара рэдакцыйна-прадзюсарскай установы ТРК «Ангел ТВ” Аксаны Андрэеўны Калінкінай уваходзілі высокакваліфікаваныя спецыялісты ў вобласці эстрады, вакальнага майстэрства, вядомыя дзеячы музыкальнага мастацтва Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі арганізатараў конкурсу.

Сярод удзельнікаў — сольныя выканаўцы, ансамблі, харэаграфічныя калектывы, вучні ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама сярэдніх агульнаадукацыйных школ і іншых арганізацый, рэалізуючых эстэтычную праграму адукацыі.

Журы ацэньвала ўдзельнікаў па наступных крытэрыях: вакал, харэаграфія, адпаведнасць рэпертуара выканаўцы, выканаўчае майстэрства, сцэнічная культура, сцэнічны вобраз, імідж.

У кожнай узроставай катэгорыі выступілі шмат таленавітых хлопцаў і дзяўчынак з усіх куточкаў Беларусі. У нашай зямлячкі Дар’і Булаўскай (сярод дваццаці сямі ўдзельнікаў з групы) атрымалася добрае выступленне, за якое яна атрымала дыплом ІІ ступені.

Трэба адзначыць, што дасягненні нашых таленавітых дзяўчынак былі б немагчымыя без падтрымкі і працы педагога Пліскай дзіцячай музычнай школы Наталлі Дубоўскай, якая займалася з дзяўчынкамі на працягу навучальнага года.

Спадзяёмся, што гэтыя конкурсы стануць добрым вопытам, дапамогуць самавызначэнню нашых таленавітых спявачак і ў будучым галасы дзяўчынак будуць вядомыя не толькі на Смалявіччыне, але і далёка за яе межамі.

 

Марына МІХАЙЛОЎСКАЯ.

На здымку: Вольга Грыгор’ева і Дар’я Булаўская.

Фота з архіва Пліскай дзіцячай музычнай школы.

Информацию читайте в номере 111 – 114 от 21.05.2014 г.