У Пятровіцкім сельскім Доме культуры адбылася творчая сустрэча,
прысвечаная стагоддзю з дня нараджэння нашага земляка, ураджэнца вёскі Пятровічы,
вядомага паэта і перакладчыка Язэпа Семяжона (Іосіфа Ігнатавіча Семяжонава).

 

 

 

У Пятровіцкім сельскім Доме культуры адбылася творчая сустрэча, прысвечаная стагоддзю з дня нараджэння нашага земляка, ураджэнца вёскі Пятровічы, вядомага паэта і перакладчыка Язэпа Семяжона (Іосіфа Ігнатавіча Семяжонава).

Паважаных гасцей, сярод якіх былі прадстаўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі літаратуры, супрацоўнікі Смалявіцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі , даследчыкі творчасці перакладчыка, вядомыя пісьменнікі і паэты Беларусі, навучэнцы Мінскага Сувораўскага вучылішча, школьнікі і мясцовыя жыхары, хлебам-соллю сустракаў ансамбль народнай песні «Рэчанька” Пятровіцкага СДК (кіраўнік Васіль Мукавозчык).

Вядучай творчай сустрэчы з’яўлялася загадчыцца Пятровіцкай бібліятэкі Алена Юр’еўна Процька. Сёння ў бібліятэцы ёсць музейны куток, прысвечны Язэпу Семяжону – вядомаму пээту-перакладчыку, літаратуразнаўцу, члену Саюза пісьменнікаў Беларусі, ветэрану вайны, выкладчыку замежных моў, публіцысту і фалькларысту, Лаурэату Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы, кавалеру ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэна Дружбы народаў, ордэна Айчыннай вайны І ступені, двух ордэнаў Чырвонай Зоркі і шматлікіх медалёў. Гэтыя адметныя адзнакі творчасці і жыцця нашага земляка сведчаць аб тым, што ён быў унікальным чалавекам. Уявіце сабе, узноўленыя ім творы існуюць у арыгінале на 34-ох мовах свету. Язэп Семяжон аб’яднаў у сваёй творчасці тэорыю і практыку перакладу. Менавіта ў яго ўзнаўленні многія творы сусветнай класікі загучалі на беларускай мове ўпершыню альбо атрымалі новае нараджэнне, сталі прыкметнай з’явай не толькі ў айчыннай, але і ў славянскай перакладной літаратуры: паэмы «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча і «Песня пра зубра» М. Гусоўскага, трагедыя «Кароль Лір» і камедыі «Утаймаванне свавольніцы», «Дванаццатая ноч» У. Шэкспіра, паэзія Дж. Байрана, Р. Бёрнса, Р. Гамзатава і інш. Аб гэтым на сустрэчы гаварыла загадчыцца Дзяржаўнага музея гісторыі літаратуры Лідзія Паўлаўна Шагойка. Яна ўпэўненена, што сёння немагчыма ўявіць сабе беларускую школу мастацкага перакладу, яе лепшыя здабыткі і дасягненні без таго, што амаль за паўстагоддзя зроблена таленавітым майстрам Язэпам Семяжонам. Лідзія Паўлаўна пазнаёміла прысутных з удзельнікамі праекта «Літаратурнае падарожжа: шляхамі Язэпа Семяжона” па даследванню творчасці вядомага перакладчыка. Наогул праект «Літаратурнае падарожжа” існуе ўжо два гады, яго асноўная мэта – знаёмства насельніцтва Беларусі з вядомымі паэтамі і пісьменнікамі падчас вандровак па краіне. Кіруе праектам першы сакратар Союза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Генадзь Пятровіч Пашкоў, які таксама прысутнічаў на свяце ў Пятровіцкім СДК. Ён узгадаў, як падчас сваёй работы ў рэдакцыі часопіса «Полымя” сустракаўся с Язэпам Семяжонам, які прыносіў туды свае пераклады.

Паэтэса і перакладчыца, супрацоўніца Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Іна Мікалеўна Фралова таксама з’яўляецца прыхільніцай творчасці выдатнага перакладчыка. Для прысутных яна прачытала ўрывак з паэмы «Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага на беларускай мове ў перакладзе Язэпа Семяжона. А ў мясцовую бібліятэку перадала свае кніжкі.

Удзельнікамі праекта з’яўляюцца таксама паэт і пісьменнік Анатоль Міхайлавіч Зэкаў і паэт і выканаўца ўласных песень Аляксей Аляксандравіч Нежавец, якія таксама прысутнічалі на свяце. Для гледачоў яны чыталі свае вершы, а Аляксей Нежавец выконваў песні на словы Зэкава.

Берагуць памяць пра Язэпа Семяжона і выхаванцы Мінскага Сувораўскага вучылішча, дзе ў свой час працаваў наш зямляк выкладчыкам замежных моў. На свята, прысвечанае стагоддзю з дня нараджэння Язэпа Семяжона, прыехаў Мікалай Міхайлавіч Карпішын – адзін з навучэнцаў першага выпуска вучылішча. У бібліятэку ён перадаў некалькі кніг сваіх аднакурснікаў. Прысутнічалі на свяце і цяперашнія навучэнцы вучылішча на чале з намеснікам дырэктара вучылішча па ідэалагічнай рабоце палкоўнікам Дзмітрыем Эдмундавічам Вараб’ём. У бібліятэку ён перадаў кнігу, якая выйшла ў свет да юбілею Сувораўскага вучылішча, а яго выхаванцы выканалі некалькі песень на беларускай мове.

Далей аб тым, якім таленавітым чалавекам быў Язэп Семяжон, аб цікавых старонках яго жыцця, расказала яго дачка Наталля – захавальніца яго спадчыны. Яна расказала аб тым, што яе бацька заўсёды марыў быць настаўнікам, але лёс распарадзіўся крыху інакш. Шмат часу прыйшлося аддаць вайсковай службе. Так, у 1938 – 1940 Язэп Семяжон служыў у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у пахо- дзе ў Заходнюю Беларусь, у савецка-фінскай вайне. У 1941 – 1945 удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. Дэмабілізаваўся толькі ў 1959. Дачка ўспомніла перыяд жыцця бацькі, калі ён выкладаў замежныя мовы ў Мінскім Сувораўскім вучылішчы, выкладаў хлопчыкам, большасць з якіх гадавалася без бацькоў. Яго вучні потым згадвалі, як Язэп Семяжон запрашаў іх да сябе, даваў ім кнігі, білеты ў тэатр, каб яны, дарэчы, забыліся на ўсе цяжкасці жыцця, каб у іх з’явілася дзяцінства, а самае галоўнае, ён дзяліўся з імі душэўнай цеплынёй, радасцю жыцця. У Сувораўскім вучылішчы Язэп Семяжон вёў літаратурны гурток, вершы яго выхаванцаў друкаваліся на старонках часопіса «Полымя”.

Нагадала Наталля Іосіфаўна і аб тым, як здарылася так, што яе быцька быў пахаваны на могілках у Пятровічах. Хаця адразу, як яго не стала, планавалася пахаваць яго на вайсковых могілках у Мінску. Але, памятаючы бацькава жаданне быць пахаваным на радзіме, яна не саступіла, і сёння магілка нашага вядомага земляка знаходзіцца ў вёсцы Пятровічы. Дачка ўпэўнена, што вельмі важна, пражыўшы жыццё, вярнуцца на зямлю, дзе ты нарадзіўся. Наталля Іосіфаўна расказала аб тым, чаму бацька займаўся перакладамі і так мала сам пісаў вершы. Ён заўсёды жадаў, каб і на яго роднай беларускай мове таксама магутна і свабодна гучалі лепшыя творы замежных аўтараў. Любоў да родный мовы ён прывіваў і сваім дзецям. І, наогул, ён быў сапраўдны беларус, адданы сын сваёй Бацькаўшчыны, і ўсё, што ён рабіў, было дзеля сваёй Радзімы і сваіх землякоў. Дарэчы, яго землякі пацвярджалі словы дачкі, што Язэп Ігнатавіч быў вельмі адкрыты, добры, сардэчны чалавек, які заўсёды дапамагаў усім, хто да яго звяртаўся.

На свяце прысутнічаў таксама вядомы паэт Іван Васільевіч Цітавец. Песні на яго словы вельмі любяць спяваць удзельніцы ансамбля народнай песні «Рэчанька”. З адной яго песняй «Жыта” яны нават выступалі ў тэлевізійным праекце «Наперад у мінулае”. На творчай сустрэчы Іван Васільевіч прачытаў некалькі сваіх новых вершаў.

Памяць аб Язэпе Семяжоне захоўваюць і вучні сярэдняй школы №43 города Мінска з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, жыхаркай вёскі Пятровічы, Таццянай Мікалаеўнай Апацкай. Як прызналася сама Таццяна Мікалаеўна, яна не проста выкладае дзецям родную мову, яна імкнецца прывіць ім любоў і павагу да сваёй радзімы, сваіх каранёў, сваіх продкаў. І заўсёды, калі дзеці па навучальнай праграме пачынаюць вывучаць творы ў перакладзе Язэпа Семяжона, яна з павагай гаворыць ім, што гэта пераклаў яе зямляк. На свята яе вучні, якія таксама любяць беларускія песні і танцы, падрыхтавалі невялікую канцэртную праграму. Для ўсіх прысутных яны выканалі свае творчыя нумары. Разам з вучнямі на свята прыехаў вядомы мастак Святаслаў Мікалаевіч Федарэнка, які ўвекавечыў памяць аб Язэпе Семяжоне ў мастацтве, калісьці ён пісаў яго партрэт. У музейны куток пры бібліятэцы мастак перадаў адзін з малюнкаў, створаных пры напісанні партрэта, а таксама фотаздымак Язэпа Семяжона, яшчэ раней Святаслаў Мікалаевіч перадаў кнігу з аўтографам Язэпа Семяжона.

Ад імя мясцовых жыхароў да прысутных звярнулася былы дырэктар Пятровіцкай школы Марыя Іванаўна Івашына, якая выказала падзяку ўсім, хто рыхтаваў гэта свята. Шмат добрых слоў яна выказала ў адрас сваёй вучаніцы Таццяны Мікалаеўны Апацкай, якая захоўвае памяць пра сваіх знакамітых землякоў, а яшчэ займаецца добраўпарадкаваннем святой крынічкі ў вёсцы Пятровічы. Жыхары вёскі вераць, што з цягам часу ўвесь матэрыял, які сабраны аб жыцці і творчасці славутага земляка, захаваецца і будзе далей перадавацца нашчадкам.

 

Наталля ТЫШКОЎСКАЯ.

На фота: дачка Язэпа Семяжона Наталля Іосіфаўна.

Фота аўтара.

Информацию читайте в номере 287 – 288 от 10.12.2014 г.