Родная вёска — гэта тое ядро і тая аснова, з якой
пачынаецца першы крок у вялікае жыццё, першае слова, якое прыйшло ад маці,
першая ўсмешка, якая не толькі сагравае, але і дорыць веру ў будучае. Вёска —
гэта незабыўнае месца, куды хочацца вяртацца зноў і зноў. Але такое наша жыццё,
бо людзі як птушкі, і кожны чалавек рана ці позна пакідае сваё гняздо.
Галоўнае, каб пакідаючы яго, кожны з нас памятаў свае вытокі, і каб нават у самыя цяжкія хвіліны
жыцця гэты ўспамін вяртаў нас у бацькоўскі дом, родныя мясціны.
Майскім суботнім вечарам у вёсцы Слабодка Драчкаўскага сельсавета
адбылося свята. Сама назва вёскі сведчыць аб яе старадаўнасці. Утворана ад
назвы тыпаў пасяленняў у феадальнай Расіі — Слабодка, Слабада. Па перапісу 1897 года Сладобка з’яўлялася вёскай
у Смілавіцкай воласці, у якой тады было
13 гаспадарак і пражывала 149 жыхароў. У 1909 годзе тут мелася 20 двароў і 124
жыхары. У 1910 годзе ў вёсцы адкрылася царкоўна-прыходская школа, якая
знаходзілася ў звычайнай сяланскай хаце. У той час у школе вучылася 48 дзяцей. Настаўнікам працаваў Трахім
Ваўчок. Зараз тут налічваецца 94 двары, пражывае 120 чалавек. У вёсцы размешчаны
магазін. Вуліцы грунтовыя і заасфальтаваныя, маецца вадаправод,
газаправод.
На свята сабраліся жыхары Слабодкі. А ў тым, што тут жывуць
старанныя працаўнікі, годныя грамадзяне нашай краіны, можна было ўпэўніцца
падчас свята. З прывітальным словам к жыхарам
звярнулася старшыня
сельвыканкама Марына Уладзіміраўна Гнедчык. На працягу некалькіх гадзін
ушаноўвалі тут працаўнікоў – Марыю Самуілаўну Мазоль, якая
за сумленную працу ўзнагароджана «Ордэнам Леніна” і «Ордэнам
Чырвонага Сцяга” , Міхаіла Маісеевіча
Кулашчыка, які на працягу дзесяці гадоў
быў кіраўніком саўгаса «Пятровічы”.
У цэнтры ўвагі апынулася і самая старэйшая жыхарка вёскі – Вольга Елісееўна Крук, якой
споўнілася 93 гады. Саршыня сельвыканкама
ўручыла падарунак і ад усяго сэрца пажадала спакою і здароўя на
далейшыя гады жыцця.
Доўгія апладысменты і цёплыя словы былі адрасаваны Леаніду
Мікалаевічу і Валянціне Пятроўне Крук. У гэтым годзе яны адзначылі залатое вяселле. Сам Леанід Мікалаевіч
нарадзіўся ў гэтай вёсцы, тут прайшлі яго дзяцінства,
юнацтва, усё жыццё ён працаваў у саўгасе «Загор’е”. Валянціна Пятроўна нарадзілася ў суседняй
вёсцы Ляды, усё жыццё таксама працавала ў саўгасе «Загор’е”, цяпер у РСУП
«Пятровічы”. Тут, у вёсцы Слабодка,
сямейная пара пабудавала жылы дом, нарадзіла дзяцей, якія зараз жывуць у
Мінску. Леанід Мікалаевіч з’яўляецца
старастай вёскі. Гэта гаспадар на ўсе рукі.
Прысядзібная гаспадарка заўсёды ў парадку. Падарылі ім, акрамя
каштоўнага прыза, і «кветак букет, каб
пражылі вы сто лет!” А потым уся вёска
«маладым” дружна крычала: «Гор-ка! Гор-ка!”
Цяжка пералічыць усе прозвішчы тых, хто стараецца зрабіць свой край
прыгажэйшым. І тым не менш, па выніках конкурсу «Лепшае падвор’е” пераможцамі прызнаны Леанід Фядосавіч і Надзея Фёдараўна Мазоль, Аляксандр Сяргеевіч і Валянціна
Сцяпанаўна Натычка, Леанід Васільевіч і Жана Уладзіміраўна Гоманавы, якім былі
ўручаны падарункі.
Усе прысутныя змаглі нацешыцца цудоўным канцэртам мастацкай
самадзейнасці «Мір вашаму дому”, падрыхтаваным артыстамі Драчкаўскага і
Пятровіцкага Дамоў культуры. Вясёлыя народныя і эстрадныя песні, лірычныя
творы, якія перамяжоўваліся з
гумарэскамі, прымаліся ўдзячнымі гледачамі на «ўра”.
Сельвыканкам вельмі ўдзячны
за аказаную дапамогу ў падрыхтоўцы свята начальніку аддзела адукацыі,
спорту і турызму Смалявіцкага райвыканкама Наталлі Мікалаеўне Філіповіч,
дырэктару РСУП «Пятровічы» Васілю Раманавічу Патыла і ляснічаму Драчкаўскага
лясніцтва Аляксею Жанавічу Ракоўскаму.
Марына Уладзіміраўна ГНЕДЧЫК,
старшыня Драчкаўскага сельвыканкама.
Информацию читайте в номере 139 – 142 от 20.06.2015 г.