Больш як паўвека прайшло з таго часу, як на блакітнавокай Мядзельшчыне нарадзіўся адзін з першых і самых галоўных песенных фестываляў Міншчыны – “Пеўчае поле”. І заўсёды сонечнымі летнімі днямі ладзіцца тут вялікае свята песні. Самыя яскравыя, адметныя калектывы з розных куткоў Міншчыны, ды і не толькі, прыязджаюць сюды, каб аддаць у дар нарачанскай зямлі, адной з прыгажэйшых мясцін Беларусі, вянок іскрыстых мелодый, у якіх жыве любоў да роднага краю, нязгасная слава продкаў, пакінуўшых нам найдаражэйшую спадчыну.

2-3 ліпеня Мядзельшчына прымала ўдзельнікаў абласнога фестывалю харавога мастацтва “Пеўчае поле”. Лепшыя калектывы Міншчыны трымалі экзамен перад аўтарытэтным журы, узначальваў якое мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага дзяржаўнага народнага хору імя Г.І.Цітовіча, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі. Два дні берагі Нарачы патаналі ў хвалях наплываючых беларускіх песень. Меладычныя, заліхвацкія, бударажачыя сэрца, яны ўвасаблялі адметнасці кожнага раёна Маншчыны.
Наш раён на гэтым форуме прадстаўляў ужо не першы раз народны вакальны ансамбль “Пліса” Дома культуры ААТ “Смалявіцкая бройлерная птушкафабрыка”, кіруе творчым калектывам К.І.Герашчанка. Нашы землякі паказалі даволі высокі ўзровень свайго майстэрства сярод 20 калектываў вобласці, што і было адзначана журы, асабліва былі падкрэслены арыгінальнасць прадстаўленай праграмы і высокае выканаўчае майстэрства. Сапраўдны шквал апладысментаў і доўга не сціхаючае “брава!” несліся над Нараччу, на беразе якога праходзіў канцэрт, выклікала а-капэла выкананая беларуская народная песня “Ой, сівы конь бяжыць”. Гледачы доўга не адпускалі са сцэны ўдзельнікаў ансамбля. Як вынік — дыплом трэцяй ступені, каляровы тэлевізар у падарунак, любоў і сімпатыя мядзельскіх гледачоў. Таму і хочацца пажадаць калектыву ансамбля “Пліса” новых творчых поспехаў і новых сустрэч з аматарамі беларускай песні.
С.ПАПКОВІЧ.