Сёлета
Цэнтральная бібліятэка імя М.Багдановіча дала старт творчаму конкурсу «Пішам
пра прафесію”, прыўрочанаму да Года культуры.

 

Мэта і
задача конкурса – ўмацаванне іміджа бібліятэчнай работы і раскрыццё творчага
патэнцыялу бібліятэкараў раёна.

Конкурс
праходзіць з сакавіка да верасня 2016 года па намінацыях:

-лепшы
верш аб прафесіі;

-лепшае
сачыненне аб прафесіі;

-лепшы
мультымедыйны праект аб прафесіі.

Сёлета Цэнтральная бібліятэка імя М.Багдановіча дала старт творчаму конкурсу «Пішам пра прафесію”, прыўрочанаму да Года культуры.

 

Мэта і задача конкурса – ўмацаванне іміджа бібліятэчнай работы і раскрыццё творчага патэнцыялу бібліятэкараў раёна.

Конкурс праходзіць з сакавіка да верасня 2016 года па намінацыях:

-лепшы верш аб прафесіі;

-лепшае сачыненне аб прафесіі;

-лепшы мультымедыйны праект аб прафесіі.

На конкурс ужо паступіла некалькі работ. Дзве з іх прапануем чытачам газеты.

ВАНДРОЎКІ ПА КНІЖНЫХ СТАРОНКАХ

Апавяданне

Кожную раніцу насельніцтва гарадка спяшаецца на працу. Вось прайшоў высокі ўпэўнены мужчына. Шырокімі крокамі ён накіраваўся да белай мураванкі. Знаёмая форма адзення не пакідае сумневу – міліцыянер. Да новабудоўлі—шматпавярхоўкі, весела перагаворваючыся, прабегла купка жанчын. На іх камбінезонах – характэрныя плямы фарбы, а ў руках – вёдры з пэндзалямі. Маляркі. Сур’ёзная маладая кабета са строгім партфелем зялёнага колеру пакрочыла да светлага, з вялікімі вокнамі дому з шыльдай «Школа № 1”. Настаўніца.

Ранішняе сонейка працягвае суправаджаць працоўны люд.

Вось спыніўся гарадскі аўтобус, з якога выйшла Прыгажуня. Шпарка перайшла на другі бок вуліцы і з усмешкай на твары заспяшалася да будынку паміж дрэў, на сцяне якога размяшчаўся расклад працы бібліятэкі. Так, Прыгажуня — бібліятэкарка. Яна пастукала абцасікамі па прыступках, адчыніла дзверы і з заміраннем сэрца ўвайшла туды, дзе яе чакала спатканне. Яна з маленства сябравала з кнігамі і добра памятала, як яшчэ школьніцай на перапынках забягала ў прасторнае памяшканне, дзе стаялі паліцы з вялікай колькасцю выданняў. Дзяўчынка павольна падыходзіла да іх, дакраналася пальцамі і ведала, што калі разгарнуць вось гэту важкую вокладку, то апынешся на зусім бязлюдным востраве, дзе чакалі прыгоды. І яна марыла аб тым, каб стаць гаспадыняй гэтага мілага ёй памяшкання.

І яе мара стала явай!

Прыгажуня зайшла ў пакой. З усіх бакоў на яе пазіралі сяброўкі – кніжкі. Яна была рада сустрэчы з імі. Паправіўшы разблытаныя ветрыкам валасы, бібліятэкарка падыйшла да паліцы з казкамі. Яна вельмі любіла гэты куток мудрасці, дзе можна даведацца і пра кемлівага Ката ў ботах, і пра разумную дачку, і пра халодную Снежную каралеву. А калі прайсці крыху далей – там Краіна вандровак і прыгод. Рука датыкаецца да цвёрдай вокладкі, Дзяўчына разам з дзецьмі капітана Гранта накіроўваецца праз тры акіяны шукаць невядома дзе пацярпелага караблекрушэнне шатландскага патрыёта. А потым з непараўнальным Бладам каманда здзейсніць адысею па Карыбскім моры. Перавесці позірк на другую паліцу пакліча знакамітая Таіс Афінская, удзельніца паходаў Аляксандра Македонскага. Сэрца амаль спыніцца, калі гэта невысокага росту афінянка паднясе палаючы факел да сцяны сталіцы Персіі — горада Персеполіса. Не менш хваляванняў выклікаюць апавядальніцы з красамоўнымі назвамі і малюнкамі. На іх старонках віруюць падзеі кахання і здрады. І адразу захочацца параіць быць стрыманай Скарлет О,Хара, а Рэту Батлеру – прабачыць яшчэ раз. А потым разам з летуценнай Асоль чакаць свае «пунцовыя ветразі” і бясконца верыць у тое, што чалавек у імкненні да шчасця здольны тварыць цуды.

Бібліятэкарцы раптам стала маркотна, на вочы набеглі слёзы: Барбара Радзівіл, Чорная Панна Нясвіжа, гаротна шаптала ёй пра сваё вялікае пачуццё і расчараванне. І дапамагчы магнатцы Вялікага княства Літоўскага было немагчыма. Што ж зробіш…

Вярнуцца да рэчаіснасці прымусілі гучныя крокі, якія пачуліся ў калідоры. А пасля звонкія галасы паведамілі, што гэта ў кніжніцу завіталі частыя наведвальнікі – хлопчыкі і дзяўчынкі. Яны адзін перад адным выказвалі свае пажаданні, гарэзлівыя вочкі весела патрабавалі хутчэй задаволіць іх патрэбы. Праз некаторы час дзеці пакінулі памяшканне. Разам з імі ў заплечніках пакрочылі Пепі Доўгаяпанчоха, Малы і Карлсан, сябра ўсіх звяроў джунгляў Маўглі. Жанчына з цеплынёй глядзела ім услед. Яна была ўпэўнена, што на наступны яе працоўны дзень усё паўторыцца: яна зноў будзе вандраваць, зведваць далёкія міры, не пакідаючы гэтага пакойчыка, і з задавальненнем падзеліцца сваімі ведамі з кожным, хто сюды зазірне.

 

Т.ГУСЕВА,

бібліятэкар Зялёнаборскай

інтэграванай

сельскай бібліятэкі.

 

 

Я – БІБЛІЯТЭКАР

 

Эсэ

 

Я належу да таго пакалення, чыё дзяцінства прыпала на шасцідзесятыя. Час быў нялёгкі, але ўсё неабходнае было. Акрамя цудоўных людзей – настаўнікаў, якія нас вучылі, было ў нас сваеасаблівае сяброўства з бібліятэкарам. На жаль, за даўнасцю часу я не памятаю яе імя. Аднак тое, што яна не толькі выдавала нам кнігі, але і старалася навучыць чытаць гэтыя кнігі, любіць іх, запомніла на ўсё жыццё. З таго часу – гадоў маленства па сённяшні дзень — з кнігамі не развітваюся. Выбрала прафесію настаўніка-філолага. Амаль 40 гадоў працавала артыстам, педагогам, псіхолагам. А зараз я – бібліятэкар. Што значыць быць бібліятэкарам? Часцей за ўсё падумаеш: «Выдаваць кнігі — так проста». Многія мяркуюць, што ў такім месцы, як бібліятэка, сумее працаваць кожны. Здзіўляюцца, што бібліятэчная прафесія патрабуе ведаў і падрыхтоўкі.

Прафесія бібліятэкара – не такая, якой яе звычайна ўяўляюць, яна не для слабых душой. Яна знаходзіцца ў той кропцы чалавечага існавання, дзе штодзённа сутыкаюцца скупасць і шчодрасць, мінулае, сучаснае і будучае, свет кніг і свет людзей. Дзе адно пераходзіць у другое, патрабуе вялікіх намаганняў па захаванні меры і раўнавагі.

Што і колькі павінен ведаць бібліятэкар? Дзеці адказваюць на гэта пытанне вельмі каротка – адным словам: «Усё!”. Бібліятэчны дзень не падобен адзін на другі (у адрозненне ад дня настаўніка). Гэта мне вельмі падабаецца. Я не ведаю, якім будзе мой сёняшні чытач, што прывядзе яго сюды. Што прапанаваць табе, мой маленькі сябар, чым зацікавіць, каб усхваляваць тваю душу? Як сказала А. Ахматава:

А каждый читатель как тайна,

Как в землю закопанный клад.

Дарыць радасць другім – вялікая ўцеха. Бачыць, як блішчаць шчасцем вочы, як расплываюцца ва ўсмешцы твары і пры гэтым адчуваць вялізарнае задавальненне, што не дарэмна пражыла гэты дзень. Робячы нешта нязначнае, але добрае, разумееш, як многа ў нашым жыцці цікавага. Добрыя справы патрэбна стварыць самім, і свет напоўніцца цеплынёй і святлом.

Я – дарослы чалавек, з вялікім стажам працы. Мне прыемна, што я патрэбны чалавек, прыношу карысць аднавяскоўцам. Не планую я вялікіх дасягненняў, але не хачу, каб маё жыццё было нудным і аднастайным, поўным шэрасці і смугі. Мая задача – дапамагчы чытачам «адагрэцца душой”, «далучыцца да мастацтва чытання.

 

З. ШЧЭРБІНА, бібліятэкар Прылепскай інтэграванай сельскай бібліятэкі.