Напрыканцы снежня ва ўстанову адукацыі “Верхменьская сярэдняя школа імя В.А. Тумара” завітаў Народны літаратурны тэатр “Жывое слова”.

Даведка: Тэатр «Жывое слова» распачаў сваю дзейнасць у 1966 годзе (кіраўнік А. Каляда), таму сёлета яму споўнілася 50 год. Трупу складаюць непрафесійныя акторы, студэнты вядучых ВНУ краіны: БДПУ імя М. Танка, Інстытута журналістыкі БДУ, БДЛУ. Адметна, што тэатр працуе выключна па-беларуску, да таго ж, маладыя артысты не супраць выступаў па-за межамі сталіцы.

 

Напрыканцы снежня ва ўстанову адукацыі “Верхменьская сярэдняя школа імя В.А. Тумара” завітаў Народны літаратурны тэатр “Жывое слова”.

Даведка: Тэатр «Жывое слова» распачаў сваю дзейнасць у 1966 годзе (кіраўнік А. Каляда), таму сёлета яму споўнілася 50 год. Трупу складаюць непрафесійныя акторы, студэнты вядучых ВНУ краіны: БДПУ імя М. Танка, Інстытута журналістыкі БДУ, БДЛУ. Адметна, што тэатр працуе выключна па-беларуску, да таго ж, маладыя артысты не супраць выступаў па-за межамі сталіцы.

Крыху змяніўшы вядомы афарызм, можна сказаць: “Тэатр пачынаецца са слова”. Так, менавіта са слова. Артысты здзівілі вучняў яшчэ да таго, як трапілі на сцэну, бо ўся трупа размаўляе выключна па-беларуску, свабодна, прыгожа. 

Увазе гледачоў артысты прадставілі сваю юбілейную праграму. А яна ў іх  такая разнастайная, насычаная!

Вучні пачулі ў цудоўным выкананні вершы беларускіх аўтараў (У. Караткевіча “Беларуская песня”, М. Багдановіча “Па-над белым пухам вішняў…”, А. Лойкі “Жыў закаханы студэнт…” і інш.). Увагу вучняў старэйшых класаў прыцягнула інсцэніроўка ўрыўка з рамана І. Мележа “Людзі на балоце”. Вучняў малодшых класаў асабліва прывабіў нумар “Экзамен па матэматыцы”, яны нават імкнуліся “дапамагчы” артыстам узгадаць табліцу множання. Парадавалі артысты гумарыстычнымі нумарамі (“У парку”, “Сустрэча ў лесе”, “Гульня ў дарослых”, “Дрэнныя прыкметы”, “Ідыёт”), у якіх па-добраму пакпілі з дзяцей, якія імкнуцца стаць дарослымі, з занудлівых людзей, са стасункаў паміж мужам і жонкай і інш. Асабліва ўразіла ўсіх прысутных песня “Чумбалалайка”, якую, дарэчы, выконвала і наша былая выпускніца Лізавета Тумар, сёння – другакурсніца БДПУ імя. М.Танка.

Своеасаблівым даведнікам для будучых студэнтаў аб тым, як трэба здаваць іспыты ва ўніверсітэце, калі ты нічога не вучыў, паслужылі сцэнкі “Экзамен па гісторыі”, “Экзамен па сусветнай літаратуры”. Калі ж хто не ведае, як праехаць у грамадскім транспарце “зайцам”, у дапамогу – камічны нумар “Кантралёр”. Завяршылі сваё выступленне артысты сумесным выкананнем жыццесцвярджальнай патрыятычнай песні.



 

Цікавая, разнастайная праграма ўразіла. Сваёй цудоўнай ігрой артысты прадэманстравалі прыгажосць беларускай мовы, тэатральнага мастацтва, стварылі адметную атмасферу тэатра.

На працягу ўсяго выступлення тэатральнай трупы вучні неадрыўна, з жывой цікавасцю сачылі за тым, што адбывалася на сцэне. Што можа быць больш прыемным для артыстаў?!

Святлана Лявонцьеўна Лютарэвіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, правяла экскурсію па музею імя Якуба Коласа, падчас якой пазнаёміла гасцей з дзейнасцю музея, галоўнымі экспанатамі.

Вучні бралі ў артыстаў аўтографы і цікавіліся, калі яны зноў наведаюць іх школу з новай праграмай.

Мерапрыемствы такога кшталту садзейнічаюць папулярызацыі беларускай мовы, твораў беларускай і сусветнай літаратуры, патрыятычнаму выхаванню моладзі. Выступленне Народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова” на базе нашай установы адукацыі – яркае, запамінальнае завяршэнне  Года культуры.

Юліан САЦУК, Яўгенія ІВАНОВА,  вучні 11 класа.

На здымках: падчас выступлення.

Фота: Аліны РАКАВЕЦ, вучаніцы 11 класа.