Напрыканцы мая ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі адбыўся фінал абласнога этапу рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка: прысвячэнне маёй Радзіме”.

Пераможцы раённых этапаў сабраліся разам, каб паказаць свой артыстызм, глыбіню пранікнення ў вобраз і сэнс твора, павагу да класічнай беларускай літаратуры.

У склад журы конкурсу ўвайшлі старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Святлана Быкава; члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядомыя паэты і пісьменнікі Бажэна Ганушкіна, Сяргей Клімковіч і Яўген Пясецкі; загадчык аддзела літаратурнага рэдагавання выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” Міраслава Шавыркіна; тэлерадыёвядучы, старшы выкладчык Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Алег Ляпешанкоў; пераможца другога Міжнароднага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” Віктар Шыман; супрацоўнікі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Прызы для пераможцаў конкурсу падрыхтавалі выдавецтвы “Адукацыя і выхаванне” і “Аверсэв”, Музей дзяцінства (г. Мінск).

Мерапрымства пачалося з выступлення рэктара Мінскага абласнога інстытута Святланы Сітнікавай, якая адзначыла важнасць развіцця дзяцей і падлеткаў праз павышэнне ў іх цікавасці да беларускай літаратуры. Старшыня журы Святлана Быкава выступіла са сваім вершам i пажадала юным чытальнікам Міншчыны поспехаў.

Багата і разнастайна былі прадстаўлены творы, якія чыталі юныя выканаўцы: вершы народных паэтаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Пятруся Броўкі, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Ніла Гілевіча; проза Васіля Быкава, Кузьмы Чорнага і інш. Асабліва многа твораў, абраных для выступленняў, было прысвечана малой радзіме (“Случчына” Васіля Віткі, “Раён Старадарожскі” Кастуся Цвіркі, “Бярозы Айчыны” Раісы Баравіковай і інш.). Пры падвядзенні вынікаў конкурсу членамі журы была адзначана высокая падрыхтоўка ўдзельнікаў.

98 удзельнікаў спрачаліся за права прадставіць Мінскую вобласць на рэспубліканскім этапе конкурсу. Пераможцы былі вызначаны ў розных узроставых катэгорыях.

Вельмі прыемна, што сярод прадстаўнікоў 2-й узроставай катэгорыі (5-6 класы) дыплом другой ступені атрымаў навучэнец ДУА «Смалявіцкая раённая гімназія” Данііл Тумар, які выступіў з вершам “Беларуская песня” Уладзіміра Караткевіча.

Карр. “КС”.