Кажуць,мова мая аджывае
Век свой ціхі, ей знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
П.Панчанка.
Сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі,знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе.
На працягу апошніх год кожны народ 21 лютага адзначае Дзень роднай мовы. Першапачаткова з такой ініцыятывай выступіў Бангладэш. Менавіта ў гэтай краіне 21 лютага 1957 года загінулі пяць студэнтаў, якія адстойвалі права навучацца на роднай мове. Зараз у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд UNESCO абвясціў Дзень роднай мовы — каб хоць у такі дзень на іх размаўлялі, пра іх узгадвалі.
Па добрай традыцыі ў ДУА “Верхменская сярэдняя школа ім. В.А.Тумара” адбылося свята “Не забывайце ж мовы сваей”. Пачалося свята з прэзентацыі “Стан беларускай мовы ў 21 стагоддзі”, якую падрыхтаваў вучань 11 класа Іван Сыса. Было адзначана, што колькасць носьбітаў беларускай мовы павялічваецца з кожным годам не только за кошт этнічных беларусаў, але і за кошт іншых галоўных нацыянальных груп. Вучань шляхам правядзення анкеціравання вызначыў самыя распаўсюджаныя прычыны, паводле якіх беларусы не наважваюцца перайсці на родную мову.Удзельнікі свята атрымалі канкрэтныя парады, якія дапамогуць часцей і правільна размаўляць па-беларуску.
Па-першае, трэба пазнаёміцца з дасведчанымі носьбітамі мовы. Патлумачыць ім, што толькі вучыцеся. Папрасіць выпраўляць памылкі ў вашым маўленні і лексіцы. Уважліва слухаць, як гаворыць дасведчаны чалавек. Па-другое, калі вам складана размаўляць – пачніце з пісьмовай мовы. Мэйлы, эсэмэскі, паведамленні ў інтэрнэце, допісы ў соцсетках. Пры гэтым вы маеце час абдумаць напісанае, зазірнуць у слоўнік (slounik.org). Па-трэцяе, папаўняйце свой слоўнікавы запас. Пачніце з пасіўных спосабаў: чытайце кнігі, глядзіце агучаныя па-беларуску кінафільмы, слухайце беларускамоўную музыку, чытайце беларускамоўныя сайты і газеты, усталюйце на кампутары праграмы з беларускім інтэрфэйсам. На сайтах, дзе гэта дасяжна, пераключайцеся на беларускую мову. Тое самае — з банкаматамі, інфакіёскамі. Па-чацвертае, мову можна вучыць дыстанцыйна. На сайце (movananova.by) выкла- дзена больш за 35 гатовых урокаў, у тым ліку з відэаролікамі. Урокі можна праходзіць у любой паслядоўнасці, выбіраючы самае цікавае для сябе.
Напрыканцы ўдзельнікі свята адзначылі, што беларуская мова зараз у трэндзе. Гэта мова культуры, інтэлігенцыі, а таксама — мова для кожнага беларуса на ўсе выпадкі жыцця.
Пасля прэзентаціі члены аб’яднанняў па інтарэсах “Спадчына” і “Праявіся” прадэкламавалі вершы на беларускай мове. З вуснаў Яны Скуратовіч, Аляксея Кірыловіча, Аляксандры Кірыловіч, Яўгеніі Нішчык, Міланы Роўкач, Аляксея Шынкевіча, Варвары Ляхоўскай, Сяргея Рыбака, Уладзіслава Зелянкевіча гучала прыгожае, мілагучнае роднае слова.
Скончылася свята. Свята, якое застанецца ў душы. Свята, якое, як нішто іншае, натхняе на выкананне такой складанай, але вельмі патрэбнай задачы — задачы выхавання Чалавека, Асобы.
Дык няхай жа з урокаў роднай мовы і літаратуры нашы вучні возьмуць у сваю жыццёвую дарогу любоў да беларускага слова, да казак і песень народа, да яго славутай гісторыі, у якой нараджаецца веліч здзяйсненняў наступных дзён.
Святлана ЛЮТАРЭВІЧ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Верхменская сярэдняя школа імя В.А. Тумара”.