На мінулым тыдні залаты юбілей адзначыў дзіцячы сад пасёлка Акцябрскі.

Пра тое, як прайшло свята, нам напісала выхавальнік дашкольнай адукацыі Ірына Міхневіч.

50 гадоў для ўстановы дашкольнай адукацыі –  узрост малады, але як шмат ужо перажыта і зроблена! Сёння гэта сучасная дашкольная ўстанова са сваімі традыцыямі, навейшымі падыходамі да выхаваўчага працэсу, са зладжаным калектывам аднадумцаў, якім з 2018 года кіруе Іна Сямёнава.

За свой няпросты шлях даўжынёй у 50 гадоў дзіцячы сад набыў не толькі найлепшыя традыцыі, але і яркую індывідуальнасць, палепшыў матэрыяльна-тэхнічную базу. Вельмі цешыць тое, што свой залаты юбілей наша ўстанова адсвяткавала годна і з гонарам. На свяце прысутнічалі шаноўныя госці.

Дзеці разам з педагогамі падрыхтавалі вельмі цікавую і змястоўную канцэртную праграму. У знак удзячнасці ўсім гасцям былі ўручаны кветкі і памятныя сувеніры. Была праведзена экскурсія па групах дзіцячага сада. Ветэраны былі прыемна здзіўлены пераменам, якія адбыліся ў апошні час, адчулі сябе маладымі. Свята атрымалася запамінальным і па-сямейнаму цёплым.

Дзіцячы сад – жывы арганізм. Гэта добра разумеюць усе работнікі ДУА “Дзіцячы сад пасёлка Акцябрскі Смалявіцкага раёна” — энтузіясты, якія валодаюць вялікім творчым патэнцыялам, таму і адчуваюць сябе побач з дзецьмі маладымі і актыўнымі, імкнуцца пранікнуць у сэрца кожнага выхаванца і пасяліць у ім радасць, любоў і дабрыню.

З юбілеем, наш любімы другі дом! Жыві ў радасць, родны дзіцячы садок! Няхай твае жыхары заўсёды адчуваюць сябе шчаслівымі! Няхай табе будзе яшчэ шмат разоў па 50!