Ірына Уласаўна Сабалеўская (на здымку) нарадзілася 8 студзеня 1928 года, атрымала сярэдне-спецыяльную адукацыю. Працоўную дзейнасць жанчына пачала як бібліятэкар Шчучынскай дзіцячай бібліятэкі, затым працавала  загадчыкам абанемента. З 1978 па 1986 гады займала пасаду загадчыцы філіяла № 13 Смалявіцкай ЦБС у вёсцы Усяжа. Дзякуючы актыўнай прапагандысцкай дзейнасці Ірыны Уласаўны вяскоўцы сталі больш чытаць, больш увагі ўдзяляць перыядычным выданням, цікавіцца літаратурнымі навінкамі. Бібліятэка стала месцам, дзе калгаснікі абмяркоўвалі газетныя матэрыялы аб міжнародным становішчы, партыйных дакументах, пытаннях эканомікі, культуры, маралі.

Падчас работы Ірыны Уласаўны традыцыйнымі для бібліятэкі сталі сустрэчы з перадавікамі гаспадаркі, дзе лепшыя людзі калгаса дзяліліся вопытам, вучылі любіць і цаніць справу земляроба, абмяркоўвалі прагрэсіўныя для таго часу метады працы перадавых гаспадарак краіны. Якія б пытанні ні ўзнімаліся на такіх сходах, усе яны выклікалі жывы інтарэс чытачоў, а сама бібліятэка заслужана лічылася культурным цэнтрам вёскі.

Асаблівую ўвагу ў сваёй асветніцкай дзейнасці Ірына Уласаўна Сабалеўская надавала рабоце з дзецьмі. Яна вучыла іх шанаваць кнігу, імкнуцца быць падобнымі да літаратурных куміраў. Ірына Уласаўна арганізоўвала сустрэчы школьнікаў, падчас якіх расказвала пра новыя творы. Акрамя таго, бібліятэкар праводзіла канферэнцыі і віктарыны сярод чытачоў, а дзетак збірала на тэматычныя ранішнікі. Для маленькіх чытачоў у бібліятэцы быў абсталяваны спецыяльны дзіцячы пакой з арыгінальнай і цікавай літаратурай.

Ірына Уласаўна цесна супрацоўнічала і са старэйшымі школьнікамі. З дапамогай бібліятэкара яны арганізоўвалі перасоўныя бібліятэкі ў аддаленых вёсках калгаса, дзе жыхары маглі ўзяць літаратуру ці заказаць яе ў няштатных бібліятэкараў.

Плённую працу Ірыны Уласаўны цанілі і калегі, і чытачы, і кіраўніцтва. У 1981 годзе яна стала пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва сярод вясковых бібліятэк Мінскай вобласці. А на раённых спаборніцтвах яна перамагала аж пяць разоў запар. У 1983 годзе Ірына Уласаўна Сабалеўская пайшла на заслужаны адпачынак. Яе ўдзячныя чытачы таксама ўжо сталыя людзі, але ж прафесіяналізм і творчы падыход да працы бібліятэкара памятаюць і зараз.

Вікторыя ЖЫЛЯКОВА.